Лагер, на рамонт якога вылучылі 272 000 долараў, прадалі за 1105 рублёў


На Віцебшчыне прадалі піянерскі лагер, грошы на рамонт якога збіралі ўсёй вобласцю. Аб продажы паведамляе Камітэт дзяржаўнай маёмасці Віцебскага аблвыканкаму.

Былы аздараўленчы лагер «Віцязь».
Фота: fondgosim.vitebsk.by

Аздараўленчы лагер «Віцязь», размешчаны ў Сенненскім раёне на плошчы ў 21,5 га, быў прададзены 27 студзеня. У яго склад уваходзяць 8 спальных карпусоў, кацельня, склады, медычны ды гаспадарчы корпусы, клуб-сталовая, дэферыт, артсвідравіна, летняя эстрада, вальер для сабак, каналізацыйная помпавая станцыя, водаправодная вежа, ачышчальныя збудаванні, вонкавае асвятленне, сеткі цеплазабеспячэння, футбольная і баскетбольная пляцоўкі.

Лагер не выкарыстоўваўся з 2015 года. На аўкцыён яго выставілі ўжо ў 14-ы раз.

За 1105 рублёў, або каля 520 долараў, лагер набыло таварыства з абмежаванай адказнасцю з Аршанскага раёну. Новы ўласнік плануе выкарыстаць лагер у якасці базы адпачынку.

Як паведамляюць «Народныя навіны Віцебска», у 2014 годзе на аднаўленне лагера абласныя ўлады выдаткавалі 2,75 млрд недамінаваных рублёў, атрыманых на рэспубліканскім суботніку. Па курсе Нацбанку на той момант гэта было больш за 272 тыс. долараў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў