ІІ Еўрапейскія гульні распачнуцца ўжо праз два дні. І пакуль валанцёры добраахвотна-прымусова рыхтуюцца да сустрэчы замежных прыхільнікаў бадмінтону і пляжнага футболу, мы вылучылі некалькі момантаў, якія могуць выклікаць вялікія пытанні ў іншаземцаў.
Журналісты belsat.eu паспрабавалі даехаць да Менску хуткім цягніком «Скарына» з Варшавы. Спойлер – лёгка не было.
Квіток у Варшаве набыць не атрымалася. У варшаўскай касе сказалі, што квіткі скончыліся. Аднак гэта аказалася няпраўдай – магчыма, сістэма дала збой, бо праезны дакумент можна было набыць у кандуктара, заплаціўшы карткай.
Наступны прыпынак – Тэрэспаль. Цягнік чакае гадзіну, таму спакойна можна купіць квіток да Берасця. Але з’яўляецца новая праблема – у Тэрэспалі не прадаюць квіткоў на злучэнне Берасце – Менск. Сістэма таксама паказвае, што квіткоў няма. Хоць праз інтэрнэт-старонку (калі ў вас ёсць акаўнт) або ў касе на берасцейскім вакзале іх можна набыць. Толькі вы наўрад ці паспееце, бо перапынак паміж цягнікамі 15 хвілінаў. А калі вы ўпершыню ў краіне, дзе не ўсе размаўляюць па-англійску, перабегчы з Варшаўскага боку на Маскоўскі, знайсці касу, памяняць грошы – праблема.
Можна падумаць: чаму не купіць квіток у цягніку Берасце – Менск?
Новыя швейцарскія электравікі «Штадлеры» вельмі сучасныя і маюць усе выгоды. Але «Штадлер» па-беларуску мае абмежаванні – з нацыянальным каларытам.
Нельга аплаціць карткай пакупкі – напрыклад, печыва, каву і ваду… бо не працуе тэрмінал.
А кавы нельга набыць, бо зламалася кава-машына. Таму або распушчальная за гатоўку або гарбата расейскай вытворчасці пад назвай «Добрыня Никитич».
Wi-fi практычна не ловіць, а калі і ловіць, то слаба. А калі і падключаецца, то нічога не адкрываецца.
У першай класе ёсць тэлевізар. Але паказваюць па ім толькі Лукашэнку і ягоныя інспекцыі да чыноўнікаў.
Дапусцім, вам усё ж удалося даехаць да беларускай сталіцы. Галодны і стомлены, вы рушыце ў пункт хуткага харчавання. Надпіс «Coca-Cola» зразумее кожны, а пра рэшту давядзецца дапытваць прадавачку.
І прадаюць у гэткіх шапіках часам невядомыя рэчы сумнеўнага выгляду.
Зваленыя ў кучу, яны чакаюць свайго ўладара.
Вяртанне аўтобусам «Менсктрансу», дарэчы, зусім не лягчэйшае. Квіток, набыты ў інтэрнэце, трэба раздрукаваць. Інакш вас не возьмуць на борт. Нават калі вы адпраўляецеся апоўначы.
А wi-fi працуе толькі з беларускай сім-карткай, на якую прыходзіць смс-паведамленне.
«Беларуская чыгунка» запусціла дадатковы цягнік на час Еўрапейскіх гульняў.
Нягледзячы на нязручнасці, беларусы гасцінныя і сустрэнуць вас вось такой рэкламай.
ДР belsat.eu