Кветкі і цукеркі ці барацьба за роўнасць? Як беларусы забыліся пра сапраўдны сэнс Жаночага дня


Пакуль рэклама загадвае павіншаваць жонку, матулю, бабулю, а прадаўцы кветак спяшаюцца зарабіць ці не месячны прыбытак, belsat.eu распавядае, што насамрэч мы адзначаем у свята «вясны і жаноцкасці».

Змагаліся за роўнасць – атрымалі цукеркі. Як мы гублялі сэнс свята

Украінская даследчыца, гісторык і антраполаг, феміністка Аксана Кісь кажа, што савецкая ўлада амаль з самага пачатку свайго існавання распачала падмену першапачатковага сэнсу Жаночага дня. На пачатку – за кошт пераносу акцэнту з гендарнай роўнасці на класавую барацьбу. Так, на плакатах 1920-х гадоў 8 сакавіка завецца Днём салідарнасці жанчын-працаўніц, жанчын-пралетарак і г. д.

Афіцыйны дыскурс 20-х гадоў, паводле Кісь, навязваў меркаванне, што не самыя жанчыны адстаялі, а менавіта камуністычная партыя і савецкая ўлада забяспечылі іх правамі, роўнымі з мужчынамі, вызвалілі іх ад «патрыярхальнага прыгнёту», далі магчымасць рэалізоўваць сябе. Фота Sergei Karpukhin/TASS

У паваенны перыяд афіцыйная рыторыка змяняецца. Аб правах і роўнасці больш не кажуць. Усхваляецца жанчына-маці, верная і самаахвярная, якой супрацьпастаўляецца мужчына – мужны абаронца айчыны.

Украінская даследчыца мяркуе, што ключавым момантам у поўнай падмене сэнсу свята стаўся 1965 год, калі 8 Сакавіка атрымала статус выходнага дня. «Фактычна гэтая пастанова перанесла святкаванне з публічнай прасторы ў прыватную сферу, у сям’ю», – кажа Аксана Кісь. Пачалі ўсхваляць прыгажосць, жаноцкасць, дарыць кветкі, касметыку. Тады ж святкаванне перанеслася і ў школы ды дзіцячыя садкі з віншаваннем настаўніц і дзяўчат. Палітычны сэнс свята знікае з грамадскай свядомасці. Аздабленне дня робіцца казачна-ружовым. На паштоўках з’яўляюцца мульцяшныя героі, прабуджэнне прыроды, вясна, кветкі.

Ад «вызвалім жанчын ад кухоннага рабства» да «8 Сакавіка лезе ў трусы рука»

З тым, што першапачатковы сэнс свята мы згубілі, пагаджаецца вядомая беларуская феміністка, кіраўніца праекту «Гендарны маршрут» Ірына Саламаціна.

«У 1920-я гады галоўны лозунг свята – «вызвалім жанчын ад кухоннага рабства», а ў 2018-ым – «8 Сакавіка лезе ў трусы рука». Так сёння высмейваецца самая магчымасць існавання Дня салідарнасці жанчын. Заўважце, што святкаванні сёння масава праходзяць паводле мужчынскага сцэнара, як у тым самым кліпе Галыгіна, дзе дырыжыруюць усім мужчыны. Жанчыне дораць кветкі за тое, што яна – «упрыгожанне калектыву». Так увесь сэнс свята зводзіцца да здзеку», – кажа Саламаціна.

Ірына Саламаціна перакананая, што святкаваць 8 Сакавіка трэба. Але калі віншуеш жанчыну, «не трэба акцэнтаваць увагу на сямейных ролях, на выглядзе, прыгажосці, цялеснасці (усмешцы, вачах) і пачуццях жанчын (каханні, чуласці)».

«У гэты дзень варта назваць імёны жанчын, іхны ўнёсак у пэўнай працоўнай сферы, узгадаць пра дасягненні. Паводле Белстату, у нас 33 % жанчын – у органах улады. Дзе яны? Чаму мы пра іх нічога не чуем?» – пытае экспертка.

Як усё пачыналася?

А пачыналася свята, якое мы прызвычаіліся лічыць савецкім, у ЗША. 28 лютага 1908 года ў Нью-Ёрку па закліку гарадской сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі адбыўся мітынг за раўнапраўе кабет. Больш за 15 тысяч жанчын тады сабраліся, каб патрабаваць скарачэння працоўнага дня і роўнай з мужчынамі аплаты працы, а таксама выбарчага права для кабет.

У 1909 годзе Сацыялістычная партыя Амерыкі абвесціла апошнюю нядзелю лютага Нацыянальным жаночым днём. Адзначалі яго да 1913 года.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Yegor Aleyev/TASS

У 1910 годзе дэлегаткі з ЗША на Другой міжнароднай канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капэнгагене пазнаёміліся з вядомаю барацьбіткаю за роўнасць жанчын немкаю Клараю Цэткін. Яна і запрапанавала тады зрабіць Жаночы дзень міжнародным і прымеркаваць да яго мітынгі ды шэсці, каб прыцягнуць увагу грамадства да праблемаў кабет.

У 1911 годзе Міжнародны жаночы дзень пачалі адзначаць у Нямеччыне, Аўстрыі, Даніі ды Швейцарыі.

Замацаванню даты 8 сакавіка і пачатку святкавання Жаночага дня ў Расеі паспрыялі падзеі 1917 года. Тады менавіта 8 сакавіка (23 лютага паводле старога стылю) у Петраградзе адбыліся пратэсты, якія паклалі пачатак Лютаўскай рэвалюцыі. Падчас мітынгаў прагучалі патрабаванні жаночага раўнапраўя. У 1921 годзе на Другой камуністычнай жаночай канферэнцыі пастанавілі святкаваць Міжнародны жаночы дзень менавіта 8 сакавіка ў памяць пра ўдзел жанчын у петраградскай дэманстрацыі.

Непрацоўным у савецкіх краінах 8 Сакавіка стала ў 1966 годзе, згодна з Указам Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР.

Буркіна-Фасо, Гвінея-Бісаў, Конга – дзе яшчэ святкуюць 8 сакавіка?

Сёння 8 Сакавіка – нацыянальнае свята і выходны ў такіх краінах, як Ангола, Гвінея-Бісаў, Замбія, Камбоджа, Кенія, КНДР, Мадагаскар, Манголія, Уганда, Эрытрэя. У Лаосе гэты дзень выходны толькі для жанчын. У Кітаі дагэтуль для кабет застаўся кароткі працоўны дзень.

Таксама свята шырока адзначаюць у постсавецкіх краінах: Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстане, Кіргізіі, Латвіі, Малдове, Узбекістане, Таджыкістане, Туркменіі. Але ў Таджыкістане з 2009 года Жаночы дзень стаўся Днём маці.

Кацярына Міхальчык, belsat.eu

Стужка навінаў