Кватэра ў хрушчоўцы за капейкі. Як дэмаграфічны правал паўплывае на даступнасць жылля

Яшчэ нядаўна грамадства аплаквала амаль пакінутыя вёскі. Але пройдзе некалькі гадоў – і пачне аплакваць амаль пакинутыя мястэчкі. Як дэмаграфічная сітуацыя ў перспектыве паўплывае на рынак нерухомасці, можна вывучыць на прыкладзе Новалукомля.

Здымак носіць ілюстратыўны характар.
Фота: ТК / Белсат

Мястэчка – «новенькае»: стройныя кварталы пяціпавярховікаў будаваліся ў сямідзесятых-васьмідзесятых, каб забяспечыць жыллём тых, хто будзе працаваць на мясцовай, самай магутнай у Беларусі, электрастанцыі і абслугоўваць інфраструктуру. Да 1970 года тут жыло 6,7 тысячы чалавек, да 1980 – ужо ўдвая больш.

Прырост насельніцтва ў першае дзесяцігоддзе існавання гораду ішоў не столькі з-за прытоку рабочай сілы, колькі з-за высокага ўзроўню нараджальнасці, які фіксаваўся ў краіне да паловы 80–х. Працаваць прыехалі маладыя, у іх сем’ях нараджалася па 2-3 дзіцяці – гэта было нормай.

Меркаванні
Налятай, патаннела? Забудоўнікі адзін за адным абвяшчаюць зніжкі
2021.01.21 17:47

Часткова дзеці, якія тут выраслі, перабраліся ў гарады пабольш, яшчэ частка паспела пры СССР абзавесціся жыллём (тут будавалі новыя дамы ажно да развалу Саюзу) і падарыць яго ўнукам першых пасяленцаў.

Зараз унукі самі ва ўзросце стварэння сем’яў. Але большасць з мястэчка зʼехала: у буйныя гарады, у Расею, у Еўропу. У Новалукомлі застаўся добра калі кожны трэці.

Стваральнікам гораду цяпер – за семдзесят. Жывуць у Беларусі нядоўга. Спадчынныя кватэры пераходзяць ва ўласнасць пакінутым у Новалукомлі ўнукам – тым не трэба думаць аб куплі жылля.

Фота: Архіў музею ГРЭС / Падслухана Новалукомль / vk.com

Калі ўнукі не ў Новалукомлі, кватэра становіцца не патрэбнай – і яе выстаўляюць на продаж. Некалькі гадоў таму аднапакаёвая ў пяціпавярховіку каштавала 12-14 тысяч долараў. Цяпер попыт асеў настолькі, што нармальным лічыцца прадаць такую за 8 тысяч. За 14 тысяч можна разлічваць нават на трохпакаёвую хрушчоўку.

Працэс «натуральнага змяншэння» насельніцтва паскараецца ва ўсёй Беларусі. Буйныя райцэнтры яго пакуль не адчулі дзякуючы прытоку ўнутраных працоўных мігрантаў: працэс «пераезду» насельніцтва з аграгарадкоў і вёсак усё яшчэ ідзе. Але хутка прыток перастане перакрываць натуральнае змяншэнне і тут. Пра гэта кажа статыстыка. У 2019-м краіна атрымала «разам» 87,9 тысяч дзяцей. Менш, чым у пасляваенным 1945-м.

Дадзеных за 2020 год няма, але яны наўрад ці пацешаць. Зараз абзаводзіцца дзецьмі павінны былі б людзі, якія нарадзіліся ў чарговай дэмаграфічнай яме. Яны ў прынцыпе не настроеныя на шматдзетнасць. Але горш за ўсё тое, што і з гэтага ліку немалая частка ўжо жыве за мяжой.

Дзяўчынка сядзіць у гульнявым аўтамабілі на дзіцячай пляцоўцы на тэрыторыі жылога комплексу побач з вуліцай Багамолава ў Салігорску.
Фота: Iva Zimova/Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

Напэўна вы заўважалі: большасць клапатлівых бацькоў гадуюць дзяцей з устаноўкай «вучыся так, каб потым можна было выбіраць краіну, у якой хочаш давучвацца і працаваць». Паводле звестак ЮНЕСКА, у 2014 годзе за мяжой вучылася 35 тысяч беларускіх студэнтаў, у 2017-м – каля 26 тысяч студэнтаў. Колькі з іх вярнулася?

Меркаванні
Беларуская шматкватэрная «элітка» – тое, чаго амаль не існуе: няма попыту
2021.01.14 14:06

Дадае сумнай дынамікі і працоўная міграцыя, якая ў апошнія гады пераваліла за 100 тысяч. Людзі імкнуцца не проста слаць грошы на радзіму, але і вывезці адсюль сям’і. Многім гэта ўдалося. Цяпер складана знайсці сямʼю, у якой няма сваякоў, якія зʼехалі з краіны назаўжды.

2020-ы адзначыўся масавай эміграцыяй ужо па палітычных матывах – зʼязджаюць маладыя, без дзяцей і з дзецьмі. Паводле папярэдніх падлікаў, краіну за год пакінула больш за 20 тысяч чалавек. Не менш – на нізкім старце. Узровень рэпрэсій не зніжаецца, і вялікая верагоднасць, што да канца 21-га гэтая лічба падвоіцца. Кожны такі адʼезд, калі людзі не вырашаць вярнуцца – гэта велізарная страта ў будучыні для эканомікі, дэмаграфіі, узроўню развіцця ўсёй краіны.

Менск, БЕЛАРУСЬ, 26 жніўня 2020 года: марш апазіцыі. З моманту абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі 9 жніўня масавыя пратэсты супраць вынікаў выбараў ахапілі буйныя гарады па ўсёй Беларусі. Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Чым пагражае рынку нерухомасці змяншэнне колькасці насельніцтва?

Першымі пад удар трапяць малыя гарады без працоўных месцаў – яны апусцеюць, кошты знізяцца да попыту, а там, дзе попыту не будзе (на старое жыллё, у якім даўно не было капрамонту, і мясцовым бюджэтам няма за што яго рабіць) з’явяцца закінутыя пяціпавярховікі. Мы гэта бачым у Літве: у нас будуць адбывацца падобныя працэсы.

Падсілкоўвацца вёскай ужо не атрымаецца: калі ў 1991-м у краіне было 3,38 млн сельскага насельніцтва, то ў 2020-м, па дадзеных Белстату, засталося 2,1 млн. Прычым ацаніць долю маладых можна па ўласных адчуваннях. Ну і каэфіцыент натуральнага змяншэння ў вёсцы ў 22 разы вышэй, чым у гарадах.

Гадоў праз дзесяць праблема накрые кране стары жылы фонд райцэнтраў. Найхутчэй колькасць насельніцтва падае ў Віцебскай, Магілёўскай і Гарадзенскай абласцях – у іх райцэнтрах старое жыллё ўжо вельмі недарагое, і стане больш чым даступным. А тое, што не дачакалася капрамонту – можа стаць закінутым.

Вёска Княжцы, Беларусь. 28 мая 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Да Менску, адзінага гораду з масавым будаўніцтвам, пастаянным прытокам насельніцтва і вялікай колькасцю маючых патрэбу ў асобных кватэрах, тэндэнцыя страты цікавасці да старога жылфонду дакаціцца таксама, але вельмі не хутка.

У Менску, вядома, кінутых хрушчовак не будзе. Глядзім на Вільню: попыт на іх мінімальны, проста таму, што камуналка дарагая, капрамонт – у крэдыт, за які плацяць усе жыхары, а якасць самога жылля па-ранейшаму самая нізкая на рынку.

Меркаванні
Чаго не чакаем у 2021-м ад рынку жылля?
2021.01.08 13:58

А ў горадзе хапае новых кварталаў (ды і ў Менску будоўлі не спыніліся) – ёсць з чаго выбіраць. Ад зносу такое жыллё ратуе выключна лакацыя: усё-ткі хрушчоўкі – першае масава будаванае жыллё, і ў постсавецкіх краінах яно месціцца блізка да цэнтру. Праблему знішчанага і не камфортнага жылфонду кожная краіна вырашае па-свойму. У Нямеччыне дамы ў жыхароў выкупляюць, зносяць ці рэканструююць і ператвараюць у сучаснае жыллё.

Складана прадказаць, што будзе з эканомікай Менску праз 20-25 гадоў, і які варыянт наш – нямецкі або балтыйскі.

Здымак носіць ілюстратыўны характер.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Разлічваць, што сітуацыю ў найбліжэйшыя гады пачне паляпшаць прыток мігрантаў, не прыходзіцца. У краіны з нізкім узроўнем жыцця мігранты не едуць – дастаткова ўспомніць, што ў Беларусі не засталіся нават тыя, хто ўцякаў ад вайны ва Украіне.

Адно можна з упэўненасцю сказаць: памяншэнне колькасці насельніцтва адаб’ецца на рынку жылля павелічэннем даступнасці квадратных метраў. Праз два дзясяткі гадоў у краіне будзе зусім іншы рынак жылля.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў