Кватэра-паўфабрыкат: ці варта ўлазіць у будоўлю?

Забудоўнікаў «нармалізавалі», і права будаваць кватэры-паўфабрыкаты, фактычна, засталося толькі ў аднаго ўсім вядомага дэвелапера з сербскімі каранямі. І хоць усе чулі, што паўфабрыкат – гэта праблема, да гэтага забудоўніка ўсё роўна ідуць. Бо ў яго праектах – самыя лепшыя ўмовы набыцця кватэраў.

Кошт у дагаворах – у сярэднім 900-1050 долараў за квадратны метр, пры сярэднім на рынку 1200-1300. Плюс самыя танныя крэдыты ад «Беларусбанку». А для тых, хто не можа пацвердзіць даходы – самая доўгая растэрміноўка.

Фота: https://pixabay.com

Перад тым, як прыняць рашэнне аб уступленні ў будаўніцтва кватэры-паўфабрыкату, трэба добра падумаць над пяццю пунктамі.

1. Яшчэ 200+200 долараў за квадратны метр

Што такое кватэра-паўфабрыкат? Гэта прастора паміж двума між павярховымі перакрыццямі, абмежаваная сценамі. Ёсць вокны, уваходныя «кардонныя» дзверы, радыятары ацяплення, трубы з вадой, вентыляцыйныя стаякі, пазначаная борцікам у тры цагліны прастора санвузла (без унітаза), сцяжка на падлозе плюс шчыток, ад якога будзеце разводзіць электрычнасць. Няма сценаў, няма тынкоўкі.

Фота: https://pixabay.com

Каб развесці сантэхніку, электрыку, зрабіць сцены і іх абтынкаваць, прыйдзецца ўкласці ў кожны квадратны метр кватэры яшчэ 200 долараў (танней практычна ні ў каго не выходзіла).

Толькі пасля завяршэння гэтай працы можна брацца да чыставога аздаблення (кладцы кафлі, ламінату і г.д.). І гэта таксама абыдзецца ў сярэднім у 200 долараў за квадратны метр. Можа і даражэй, калі захочаце паркет, італьянскую плітку, модную сантэхніку і дызайнерскія шпалеры.

2. Мінімум сем месяцаў – да засялення

Да 45 дзён даюць забудоўніку на ліквідацыю недахопаў, выяўленых пры прыёмцы кватэры. Выпадкі, калі палова кватэраў у доме патрабавала замены вокнаў – не рэдкасць, таму будзьце гатовыя да такога развіцця падзей. Не рэдкасць і «заваленыя» сцены, калоны – іх выпраўленне таксама запатрабуе часу. Работы падрадчыкаў забудоўніка па выпраўленні вушакоў, і ўласна чарнавыя працы ў сярэднім займаюць чатыры месяцы. Ну і чыставое аздабленне кватэры сіламі нанятых работнікаў – прыблізна гэтак жа.

3. Рамонты ў суседзяў не скончацца ніколі

Гэта трэба проста прыняць. Частка вашых суседзяў будзе рамантаваць жыллё па меры зарабляння грошай. Некаторыя возьмуцца за працу праз год, два, пяць. Гукі перфаратара і пагроза аварыйнага затаплення ці знікнення электрычнасці будуць вас пераследаваць вельмі і вельмі доўга. Мала таго, частка кватэр апынуцца інвестыцыйнымі – іх уладальнікі папросту будуць чакаць, калі цэннік вырасце, і яны змогуць прадаць кватэру з наварам. Калі гэта здарыцца праз 5 гадоў, чарговы наваселец нагадае вам аб рамонтнай эпапеі новымі гукамі і пылам ад пакетаў з будматэрыяламі ў ліфтах.

4. Суседзі могуць накасячыць

У нас няма неабходнасці паказваць пабочным арганізацыям, што ты ў сваёй кватэры зрабіў, калі ты не збіраешся яе прадаваць. І ніхто з уладальнікаў жылля не абавязаны наймаць прафесійных сантэхнікаў і электрыкаў. Проста пералічу, што бывае ў новых дамах. Хтосьці ў парушэнне законаў і логікі робіць сабе цёплыя вадзяныя падлогі (таму што радыятары не ўпісваюцца ў дызайн) – і суседзі пачынаюць мерзнуць. Хтосьці крыва падлучае душ-бідэ – і ў вас у душы ў адну секунду тэмпература вады можа змяніцца з «нарэшце цёпленькая» на «я зварыўся жыўцом». Але самыя страшныя наступствы ад працы электрыкаў-самавукаў. Дзе будзе «прабіваць» токам – можна толькі прыкідваць: у ванным пакоі, у сушцы для ручнікоў, у кране ракавіны на кухні?

Фота: https://pixabay.com

На шчасце, суседзі касячаць нячаста. А тых, хто накасячыў, «вылічваюць» камісіі жыхароў на чале са старшынём Таварыства ўласнікаў (яны маюць права на праверкі). Але гэта калі ТУ ёсць.

5. Магчымыя праблемы з абслугоўваннем дому

Забудоўнік не імкнецца дапамагаць дольнікам з арганізацыяй Таварыства ўласнікаў перад уводам дому ў эксплуатацыю. Чаму? Таму што старшынём ТУ звычайна становіцца жыхар, і ён на здачы дому вытрапле нервы ўсім, хто хацеў схаваць агрэхі. Дэвелаперу прасцей аддаць дом ЖРЭА, а там ужо камунальнікі будуць прызначаць кіраўніка і арганізацыю, якая будзе абслугоўваць дом – пакуль жыхары будуць нешта патрабаваць ад гэтай махіны, можна на здадзены дом не адцягвацца.

Фота: https://pixabay.com

Яшчэ адзін момант варта ўлічыць – не ўсе дамы здаюцца ў тэрмін. Часам здача якіх затрымліваецца на 6-9 месяцаў. Што разбурае планы шматлікіх дольнікаў на засяленне «да Новага года», «да народзінаў малодшанькай», «да 30-гадовага юбілею жонкі». Да гэтага таксама варта быць гатовым. Калі вы плануеце будавацца і жыць у здымнай кватэры, «прыплюсуйце» да кошту будучага жылля і выдаткі яшчэ на два гады арэнды – пакуль дом будуецца, і пакуль паўфабрыкат пераўтвараюць у кватэру.

Меркаванні
Эксклюзіў для чаргавікоў у Менску. Якім будзе новы квартал на Сямашка
2020.07.02 12:14

Наталля Літоўская/НЯ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў