Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала заяву наконт сітуацыі з Чырвоным Касцёлам

Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі лічыць непад’ёмнай суму падатку на зямлю і амартызацыю будынку Касцёлу Святых Сымона і Алены ў Менску.

У заяве адзначаецца, што ў 1990 годзе Чырвоны Касцёл быў перададзены католікам у бязвыплатнае карыстанне без перадачы яго ва ўласнасць парафіі. За кошт вернікаў адбывалася аднаўленне будынку святыні і парафіяльнага дома. Але ў 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка сваім загадам перадаў Чырвоны Касцёл з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць гораду Менску, а Менгарвыканкам у сваю чаргу перадаў яго ў гаспадарчае кіраванне КУП «Менская спадчына».

«Пасля праведзенай у 2018-2019 гадах рэканструкцыі комплексу Чырвонага касцёла, у першым квартале 2020 года парафія атрымала дакументы, у якіх указана, што, згодна з заключанымі дагаворамі бязвыплатнага карыстання, дадаткова звыш камунальных плацяжоў штомесячная сума выплат рэлігійнай супольнасці на карысць КУП «Менская спадчына» складае 12 950, 39 рублёў як кампенсаванне за зямельны падатак, амартызацыю і падатак на нерухомасць.

Такім чынам атрымліваецца, што рэлігійнай супольнасцю страчана права на атрыманне падатковых ільготаў па выплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у сувязі з тым, што будынкі комплексу Чырвонага касцёла належаць камунальнаму будаўніча-эксплуатацыйнаму прадпрыемству «Менская спадчына» на праве гаспадарчага кіравання», – адзначаецца ў дакуменце.

Чырвоны касцёл абавязалі выплаціць дзяржаве 156 тысяч рублёў

Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі падкрэслівае, што ў цяперашні час не бачыць «рэальнай магчымасці ажыццяўляць штомесячныя выплаты ў памеры 12 950, 39 рублёў».

«Для парафіі яны непад’ёмныя, а таксама несправядлівыя», – адзначаецца ў заяве.

У курыі кажуць, што фактычна парафію абавязваюць на працягу 75 гадоў (на столькі разлічаны выплаты за амартызацыю) кампенсаваць выдаткаваныя дзяржавай сродкі на рэстаўрацыю касцёла. Хаця пра гэта не было гаворкі перад пачаткам рэстаўрацыі.

«Мы заклікаем дзяржаўныя ўлады перагледзець сваё рашэнне, перадаць комплекс будынкаў Чырвонага касцёла парафіі і тым самым аднавіць права карыстання падатковымі ільготамі ў адпаведнасці з заканадаўствам», – адзначаецца ў заяве.

Вернікі заклікаюць вярнуць Чырвоны Касцёл ва ўласнасць парафіі

ІІ belsat.eu

Hавiны