«Курс на ліквідацыю сярэдняга класу». Эксперты ацанілі эканамічныя планы ўладаў на 2021 год


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дзейныя ўлады Беларусі вызначыліся з эканамічнымі планамі на 2021 год, зацвердзіўшы бюджэт на наступны год і параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мы распыталі эканамістаў, што яны думаюць пра планы ўраду.

Што з даходамі?

18 снежня беларускі парламент зацвердзіў рэспубліканскі бюджэт на 2021 год. Другі год запар бюджэт плануецца з дэфіцытам, гэтым разам – памерам Br 4 млрд, або 2,6% ВУП. Даходы, паводле плану, складуць Br 23,3 млрд, а выдаткі – Br 27,3 млрд.

Сума даходаў запланаваная на Br 1,1 млрд меншая, чым у Законе аб бюджэце на 2020-ы. Гэтак, Міністэрства фінансаў чакае скарачэння падатковых даходаў на Br 200 млн і непадатковых на Br 0,9 млрд. Знізяцца плацяжы ад падаткаў на прыбытак і даходы (на Br 900 млн), падаткаў ад замежнаэканамічнай дзейнасці (больш як на Br 700 млн). Удвая зменшацца даходы ад дзяржаўнай маёмасці, на траціну – адсоткі за карыстанне бюджэтнымі сродкамі. На 73 % скарочаны нават план штрафаў.

У плюсе маюць быць зборы падатку на тавары, падатку на дадатковую вартасць, экалагічнага падатку і акцызаў. Br 7 млн дадасць рэалізацыі дзяржмаёмасці.

«Такога дэфіцыту за апошнія гады не было»

Што цікава, прыняцце бюджэту адкладалі да апошняга. Яго паказалі грамадскасці 18 снежня – менш як за два тыдні да Новага года. Гэта быў апошні дзень сесіі парламенту. Пры гэтым дэпутаты, паводле «Office Life», атрымалі два тамы бюджэтных матэрыялаў прыкладна за 2,5 гадзіны да пасяджэння.

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова.
Фота: Сяргей Кавалёў / «Белсат»

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC), звязвае такое зацягванне бюджэту з «вялікай доляй невядомых» у эканоміцы.

«Мы, напрыклад, не ведаем, якія кошты закладваць у бюджэт на нафту і газ. Ці закладаць кампенсацыю [падатковага манеўру ў РФ. – Рэд. Belsat.eu]. Таксама таму, што ў нас бюджэт дэфіцытным атрымліваўся, давялося ісці на кропкавае падняцце падаткаў. Думаю, што гэтае пытанне таксама доўга абмяркоўвалася, разглядалася і ўзгаднялася», – патлумачыла Барнукова ў каментары belsat.eu.

Разам з тым, паводле яе, дэфіцыт застаўся дастаткова вялікім – Br 4 млрд.

«Гэта шмат. У нас такога дэфіцыту за апошнія гады не было. З аднаго боку, гэта нармальна для крызіснага часу. А з другога – пытанне, за кошт чаго мы будзем пакрываць дэфіцыт», – адзначыла Кацярына Барнукова.

Пакрыць дэфіцыт, на ейную думку, можна або за кошт назапашванняў Міністэрства фінансаў, або за кошт замежных пазык – у сённяшніх умовах гэта Расея, у тым ліку крэдыт на $ 1 млрд, які днямі даручыў вылучыць Менску расейскі ўрад. Гэтыя сродкі, мяркуе эканамістка, якраз і пойдуць на тое, каб закрыць «дзірку ў бюджэце».

Дзіўнае павелічэнне выдаткаў

Агулам, падкрэсліла Кацярына Барнукова, бюджэт на 2021 год складзены даволі кансерватыўна ў плане даходаў. У прыватнасці, падзенне даходаў не супадае з планамі ўраду ў эканоміцы.

«Відаць, зробленая выснова, што лепш мы недаацэнім даходы цяпер і потым для нас будзе прыемны сюрпрыз, чым будзе наадварот», – падкрэсліла акадэмічная дырэктарка BEROC.

Што да астатняга, нечаканасцяў у бюджэце няма. Хоць суразмоўцу і здзіўляе жаданне павысіць выдаткі з улікам такога дэфіцыту бюджэту.

«Мінфін заяўляў, што выдаткі на сацыяльную частку будуць павялічаныя ледзь не на Br 3 млрд. Гэта і заробкі бюджэтнікаў, і дапаможныя выплаты, і пенсіі, і выдаткі на адукацыю ды ахову здароўя. Пакуль дэталяў не бачна, але дзіўна, што мы ідзем на такое павелічэнне выдаткаў пры тым, што чаканні ад даходаў дастаткова нізкія», – падкрэсліла Кацярына Барнукова.

Пры гэтым экспертка адзначыла, што пакуль цалкам выдаткі на сацыяльную сферу не бачныя, бо значная іх частка закладаецца не ў рэспубліканскі, а ў мясцовыя бюджэты.

А што з ВУП і інфляцыяй?

22 снежня Лукашэнка падпісаў Указ № 480 «Аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 год».

Дакумент прадугледжвае:

  • рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 1,6 % да 2020 года;
  • забеспячэнне ўзроўню беспрацоўя ў працаздольным узросце паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы на ўзроўні 4,2–4,4 %;
  • увод жылля ў эксплуатацыю, які будуецца з дзяржаўным падтрыманнем, – не менш за 1 млн кв. м;
  • інфляцыя да 5 %, у тым ліку коштаў на сацыяльна значныя тавары – не больш за 4,9 %;
  • забеспячэнне долі інвестыцыяў у асноўны капітал у ВУП на ўзроўні 21,3–21,7 %;
  • рост ВУП у 2021 годзе на 1,8 % у адносінах 2020 года.

Эканоміка не вырасце паводле плану

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук вельмі скептычна ставіцца да планаў уладаў на наступны год.

«Тое, што напісалі 1,8 % росту ВУП, цану нафты $ 40, амаль 10 млн т экспарту калійных угнаенняў, інфляцыя 5 % – гэта такія добрыя намеры, якія не думаю, што ўдасца ажыццявіць. Рэалістычнасці ў гэтым бюджэце не больш і не менш, чым было ў бюджэце на 2020 год», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Паводле Раманчука, «урад не ведае, у якой краіне будзе рэалізоўвацца гэтая палітыка».

На думку эканаміста, бюджэт спрабуе захаваць мадэль «дзяржплан-савок». Эксперт нагадаў, што ў 2020 годзе ВУП знізіўся на 0,8 %. Але «тыя таксічныя актывы, якія былі назапашаныя сёлета (неплацяжы, кепскія даўгі, адгружаная прадукцыя, за якую ніхто не заплаціў), сведчаць, што дэтаксікацыя будзе ў 2021 годзе».

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

«Таму я лічу, што эканоміка не вырасце паводле плану ўладаў на 1,8 %, а ўпадзе на 3–5 %. Улады проста не могуць паглядзець праўдзе ў вочы і прызнацца ў тым, што рэсурс гэтай мадэлі ўжо даўно вычарпаны і трэба радыкальна мяняць эканамічную палітыку. Але ўрад застаецца закладнікам той сітуацыі, якую збудаваў сам Лукашэнка. З бюджэту відавочна, што наменклатурна-сілавыя кланы, камерцыйныя групоўкі свае інтарэсы захоўваюць і фінансуюць. Таму гэта бюджэт падрыхтоўкі да дзерыбану актываў, да таго, каб пераняць бізнесы, якія будуць банкрутаваць. Гэта відавочна бюджэт, у якім узяты курс на ліквідацыю сярэдняга класу, тых «буржуйчыкаў», якія так знервавалі Лукашэнку», – падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Новыя падаткі

Адной з крыніцаў бюджэту мае стаць павелічэнне падаткаў. Гэтак, стаўкі падаткаў у 2021 годзе прапануецца праіндэксаваць на 5,5 %, паведаміў 17 снежня першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. Праіндэксуюцца ўсталяваныя ў рублях стаўкі зямельнага, экалагічнага падатку, падатку за здабычу прыродных рэсурсаў, падаходнага падатку ў фіксаваных сумах, адзінага падатку з ІП ды іншых фізічных асобаў, паведамляе БелТА.

Стаўкі акцызаў на цыгарэты ўсіх цэнавых групаў плануецца паэтапна павялічыць на 15 %, а акцызы на алкаголь (акрамя піва і піўнога кактэйлю) таксама праіндэксуюць у межах прагназаванай інфляцыі.

Акцыя салідарнасці каля Парку высокіх тэхналогіяў. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Акрамя таго, у 2021–2022 гадах прапаноўваецца павысіць стаўкі адпрыбытковага падатку для аператараў сотавай сувязі ды аператараў абавязковага надавання ўніверсальных паслуг электрасувязі – з 18 % да 30 %. З 25 % да 30 % мае павялічыцца стаўка адпрыбытковага падатку для ламбардаў.

Запланавалі павышэнне з 9 % да 13 % стаўкі падаходнага падатку для фізічных асобаў – рэзідэнтаў ПВТ і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

Сярод новаўвядзенняў – павышэнне стаўкі зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя надзелы, выдадзеныя для размяшчэння гандлёвых цэнтраў і аўтастаянак, якія абслугоўваюць гэтыя ГЦ, з 0,7 % да 1,5 % ад кадастравага кошту.

Таксама плануецца дазволіць мясцовым уладам павялічваць або памяншаць стаўкі адзінага падатку з ІП ды іншых фізічных асобаў у залежнасці ад віду дзейнасці, Менгарсавету – павялічваць стаўкі гэтага падатку да 4 разоў. Абласным саветам дэпутатаў могуць дазволіць уводзіць мясцовы збор за мінанне аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Беларусі, мяжы.

Апроч таго, дарожны збор з 1 студзеня заменяць абавязковым падаткам. Абяцанага раней растэрмінавання не будзе – плаціць будуць усё і адразу за год. З праходжаннем тэхагляду новы падатак аніяк звязаны не будзе.

Куды выдаткуюць бюджэт?

Паводле бюджэту, выдаткі павялічацца на Br 2 млрд у параўнанні з узроўнем, запланаваным у законе аб бюджэце на 2020 год. З іх амаль на Br 1 млрд павялічыцца фінансаванне агульнадзяржаўнай дзейнасці (агулам яна будзе каштаваць Br 13,4 млрд).

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

На 9,5 % вырастуць выдаткі на абслугоўванне дзярждоўгу – да Br 3,064 млрд. Выдаткі рэзервовых фондаў вырастуць у 2,4 разу, на агульную суму Br 637,7 млн. Міжбюджэтныя трансферты будуць нязначна скарочаныя ў параўнанні з бягучым годам, да 6,9 млрд.

Выдаткі на нацыянальную абарону павялічылі на Br 200 млн, на суды і праваахоўнікаў – на Br 300 млн. Фінансаванне органаў унутраных справаў мае вырасці на 12 %, органаў дзяржбяспекі – на 13 %.

Выдаткі на нацыянальную эканоміку павялічылі на Br 200 млн. У прыватнасці, вырастуць выдаткі на сельскую гаспадарку, прамысловасць, будаўніцтва, архітэктуру, дарожную гаспадарку, сувязь, а зрэжуць – на транспарт і энергетыку.

Фінансаванне аховы здароўя павялічаць на Br 400 млн, адукацыі – на Br 100 млн, сацыяльнай палітыкі – на Br 46 млн.

Праект Закону аб рэспубліканскім бюджэце пашырае ліміт дзярждоўгу. Гэтак, ліміт унутранага дзярждоўгу вырасце да Br 10,5 млрд супраць Br 9,5 млрд у 2020-м, а ліміт замежнага – скарочаны да $ 20,2 млрд супраць $ 20,5 млрд у 2020-м.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў