Курс беларускага рубля рэзка абваліўся


У шэрагу абменных пунктаў Менску знікла валюта, а курсы рэзка выраслі. На самым пачатку гандляванняў на валютна-фондавай біржы беларускі рубель рэзка паслабеў больш чым на адзін адсотак.

Некаторыя банкі ў Менску выставілі курс продажу долара нават больш чым па 2,6 рублёў. Але нягледзячы на гэта, валюты не хапае.

Старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб нагадвае, што курс беларускага рубля зніжаўся даволі раўнамерна з пачатку ліпеня. Тады зніжэнне было павольным, яно складала некалькі дзясятых адсоткаў падчас гандляванняў. Але сёння курсы валют рэзка выраслі больш чым на адзін адсотак кожная.

«Што тычыцца курсаў у банках, то працягвае дзейнічаць неафіцыйная рэкамендацыя Нацбанку, паводле якой курсы не павінныя адрознівацца больш чым на два адсоткі ад курсаў на гандляваннях. Я думаю, што максімум адпавядае таму, што адбываецца на біржы. Іншая справа, што да абвалу курса рубля дадаюцца і інфляцыйныя чаканні ў суб’ектаў эканомікі. Верагодна, што гэтым і вырашылі скарыстацца прыватныя банкі», – кажа старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Але казаць, ці гэта пачатак тэндэнцыі, пакуль заўчасна, лічыць эканаміст.

«Такі рост, які мы назіраем сёння, можа быць абумоўлены і тым, што нейкаму буйному прадпрыемству тэрмінова неабходная валюта, каб аплаціць крэдыт. Я памятаю, што і летась і пазалетась у гэты ж перыяд былі такія скачкі курсаў. У нас звычайна абарот валюты на біржы за дзень складае каля 40 мільёнаў долараў у эквіваленце. А калі ўзнікае патрэба набыць хутка каля 100 мільёнаў долараў, ці болей, то такая сума аказвае моцны ціск на рынак. Таму казаць, ці гэта пачатак трэнда на рост курсаў у сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне, ці часова з’ява – пакуль не можам».

Калі цягам некалькіх дзён надалей будзе назірацца рост курсаў, то гэта будзе сведчыць пра дэвальвацыю. У адваротным выпадку сітуацыя стабілізуецца, дадае эканаміст.

Аб’ектыў
Каронакрызіс: пасля інфляцыі чакае дэфляцыя
2020.05.26 23:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў