Кулакі, кроў і слёзы. Як прайшоў Кубак Беларусі па рэгбі-7


У Менску на выходных беларускія «ваяры рэгбі» сярод жаночых і мужчынскіх клубаў змагаліся за Кубак Беларусі па рэгбі-7.

Рэгбі-7 адрозніваецца ад рэгбі-15 тым, што ў гульні прымаюць удзел не 15, а 7 гульцоў ад кожнай каманды. Паколькі спартоўцаў на полі меней, рэгбісты і рэгбісткі больш актыўна перамяшчаюцца па полі. У выніку гульня робіцца яшчэ больш стамляльнай, і пры гэтым застаецца вельмі траўматычнай.

Сёлета на полі сярод жаночых клубаў выступалі менская «Гражданочка» ды гомельская «SEVEN LYNX». Пазмагацца прыехалі і дзяўчыны з суседняй Літвы.

Сярод жанчын уладальніцамі кубку Беларусі па рэгбі-7 сталі рэгбісткі з гомельскай каманды «SEVEN LYNX».

Сярод мужчынскіх каманд ужо не першы раз у сапраўдным супрацьстаянні сутыкнуліся менскі шасціразовы чэмпіён Беларусі, сяміразовы ўладальнік кубка Беларусі з патрыятычнай назвай «Харугва» ды іх заклятыя апаненты з гомельскага рэгбі-клубу «КВАТРО».

У першым туры чэмпіянату Беларусі па рэгбі-7 таксама прыняла ўдзел зборная каманда Гомельскай вобласці.

Гульня паміж клубамі пераўтварылася ў сапраўдную бітву па спартыўных правілах, а момантамі і на кулаках.

Бойка адбылася з-за парушэння правілаў, а таксама незадаволенасці некаторых рэгбістаў з «КВАТРО» гульнёй у складзе «Харугвы» спартоўца афрыканскага паходжання Джакаба Магвасі.

Але прадстаўнікі абодвух клубаў заўсёды ўспрымаюць бітву як частку змагання за чэмпіёнства. Таму пасля бойкі выходзяць на поле і абдымаюцца.

Што ж датычыць вынікаў гульняў, то «Харугва» ў чарговы раз перамагла «КВАТРО».

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў