Куды падзелася нямецкая калонія за 10 км ад Ваўкавыску?


Адкуль у вёсцы Ізабелін, што пад Ваўкавыскам, прозвішчы Вэкверт, Цафт, Рунге? Адкуль там старыя дамкі, крытыя чырвонаю дахоўкай, якіх багата можна сустрэць у Калінінградскай вобласці ці на Мазурах? Што за магільныя камяні схаваныя ў падлеску за пару сотняў метраў ад вёскі?

Вонкава Ізабелін мала адрозніваецца ад суседніх вёсак – тая ж шэрасць, крама «Родны кут» на плошчы, самотная машына з бульбаю тут жа. Бульбы, ясна, ніхто не купляе, бо ў кожнага свой гарод пры доме, а, хутчэй, падыходзяць пагутарыць. Тут і спыняем машыну.

Хутар Рунгі

Пытаемся ў жанчыны, што ідзе з касцёлу, ці памятае яна мясцовых немцаў, якія тут некалі жылі.

«Былі, – кажа, – але ўжо няма нікога. Хіба Віця Рунге… Ён на ўскрайку жыве – дамок такі цагляны. А дачка ягоная ў клубе працуе».

Хутар Рунгі

Кірха, якая стала касцёлам

Нашыя пытанні зусім не выпадковыя. Напрыканцы XVIII ст. Ізабелін належаў Яну Флемінгу, прускаму арыстакрату і падскарбію Вялікага княства. Ён даў вёсцы імя (у гонар дачкі Ізабелы) ды запрасіў сюды землякоў-немцаў: працаваць на тэкстыльнай вытворчасці ды падымаць эканоміку рэгіёну, як бы сказалі цяпер.

Дзясятак сем’яў з часам ператварыліся ў цэлую калонію. Ужо ў 1778 годзе тут паўстала кірха, будынак якой захаваўся і сёння. Праўда, цяпер тут касцёл: мясцовых немцаў-пратэстантаў не засталося, увесь паваенны час будынак стаяў закінуты, а ў 1990-ыя яго адрадзілі каталікі. Праўда, цалкам выкрасліўшы «нямецкі след» у гісторыі святыні – нават на ахоўнай табліцы пра кірху ані слова.

Хутар Рунгі

Разрытая магіла Эміліі Шон

Ад’язджаем за пару сотняў метраў ад вёскі. Побач з дарогай гаёк, дзе схаваныя габрэйскія могілкі. З-пад шэрай лістоты выглядаюць камяні з надпісамі на ідышы. Каля месяца таму валанцёры тут пачалі расчыстку, але працы яшчэ багата… Сінагога ў Ізабеліне таксама ёсць, але цяпер апусцелы будынак завешаны чорнаю тканінай – яго выкупіў адзін вядомы бізнесовец, але за працу яшчэ не браўся.

У суседнім гайку, праз поле, ужо нямецкія могілкі. Па-над кустоўем узвышаецца шчарбатая брама з чырвонай цэглы. То тут, то там з зямлі выглядаюць металічныя крыжы і добра апрацаваныя гранітныя помнікі – большасць надмагілляў паваленыя і паволі ўрастаюць у зямлю…

Спрабуем чытаць: «Hir ruhet in Gott Emillie Schön /Gebor. 1846/ Gestor. 1908» – «Тут спачыла ў Госпадзе Эмілі Шон /Народж. 1846/ Памерл. 1908». Каля пахавання Эміліі – падкоп, відаць, нехта шукаў «золата»… Ёсць надпісы і па-польску, але прозвішчы спрэс нямецкія – відаць, вынік мяшаных шлюбаў з мясцовымі.

Наагул, помнікаў значна менш за плошчу, акрэсленую каменнаю агароджай могілак. І тут два варыянты: або паваленыя камяні ўраслі ў зямлю, або мясцовыя паразбіралі іх для гаспадарчых патрэбаў.

Хутар Рунгі

K.R. IZABELIN – што гэта значыць?

Вяртаемся ў вёску, каб знайсці Віктара Рунге, пра якога нам сказалі каля крамы. Ягоная хата на вуліцы Ваўкавыская, на самым ускрайку. За акном няспешна пралятаюць перадваенныя дамкі, крытыя чырвонай дахоўкай – амаль як ва Усходняй Прусіі, сённяшняй Калінінградскай вобласці. Трапіўся па дарозе нават хлявок, збудаваны на ўзор фахверку – тыповая нямецкая канструкцыя, якую ніколі не даводзілася бачыць у Беларусі!

На падворак Рунге паказаў сусед, як аказалася, таксама патомны немец – Міхаіл Цафт. Ягоны бацька сышоў разам з немцамі ў 1944-ым, каб пасля знайсціся ў… Англіі пад іншым прозвішчам! Сам сусед пасля смерці свайго бацькі нават з’ездзіў на Туманны Альбіён, каб прывезці долю спадчыны: грошы і машыну.

Хутар Рунгі

Пачуўшы, хто мы і што тут шукаем, Віктар Робертавіч Рунге выносіць нам вялізную керамічную дахоўку з надпісам K.R. IZABELIN. Першыя літары азначаюць «Карл Рунге» – гэта прадзед нашага героя. Аказалася, што Карл ды Вільгельм Рунге трымалі прадпрыемствы для вырабу цэглы і дахоўкі непадалёк Ізабеліну. Там працавалі сваякі, а, калі рук не ставала, запрашалі і мясцовых.

Самі цагельныя заводы не захаваліся. Затое побач дасюль стаяць акуратныя дамкі з гаспадарчымі прыбудовамі – гэта хутар Рунге, які размяшчаецца ў кірунку выезду ў бок Ваўкавыску. Дом, дзе жыве сам Віктар Робертавіч, будаваў ягоны бацька на купленай дзедам зямлі: была такая традыцыя – кожнаму з сыноў купляць па надзеле. Але паспяховую сямейную гісторыю перарвала вайна і прыход бальшавікоў.

Указальнік на Ізабелін

«Ліст з Інты прыйшоў на кавалку меха ад цэменту…»

«Бацька быў на «польскай вайне» [маецца на ўвазе 1939 год – аўт.], – распавядае Віктар Рунге, – вярнуўся, ажаніўся. А там і другая вайна палыхнула… У немцаў быў перакладчыкам. Але насамрэч шмат каму дапамог, папярэджваў мясцовых, калі якая аблава будзе. У 1939-ым мая сястра нарадзілася, у 1943-ім – я. Бацька сышоў з немцамі, мы не ведалі, ці жывы ён, ці не…»

Аказалася, што Роберт Рунге не загінуў, не застаўся ў Нямеччыне, але трапіў у рукі савецкім органам, а пасля ў лагер, атрымаўшы 25 гадоў… Артыкул стандартны – 58-мы («здрада радзіме»). Хоць якой менавіта радзіме здрадзіў Рунге – немец, які большасць жыцця пражыў пры Польшчы на этнічнай беларускай тэрыторыі, а ў СССР – усяго пару гадоў?

Віктар Рунге

Дахоўка з заводу Карла Рунге

«Першы ліст ад бацькі прыйшоў на кавалку папяровага меха ад цэменту, – працягвае пан Віктар. – Ён апынуўся ў Інце, гэта КоміССР. Быў добрым цесляром, рабіў мэблю для афіцэраў – таму яго «паднялі» з шахты, лягчэй было, чым іншым. У 1956-ым яго амніставалі, але пакінулі на пасяленні на пяць гадоў. Урэшце вярнуўся. Моцнае здароўе меў, дажыў да 93 гадоў, маці – да 91. Хоць зубы ў бацькі павыпадалі, пад канец жыцця аслеп…»

Вайна моцна ўдарыла па сям’і: адзін з братоў Роберта загінуў, іншы брат таксама апынуўся ў ГУЛАГу, майно і зямлю, зразумела, забралі… Лёсы іншых нямецкіх сем’яў складаліся падобна: каго забілі, каго пасадзілі, а хто паспеў з’ехаць у 1944-ым з немцамі, якія адступалі, або перасяліцца на захад ужо пасля вайны, назваўшыся палякам. Рэшта – канчаткова асіміляваліся.

Дамкі, якія нагадваюць хутчэй Усходнюю Прусію, чым Беларусь.Дарэчы, сам Роберт Рунге лічыў сябе палякам, хоць яшчэ добра ведаў нямецкую. Ягоныя бацькі, у сваю чаргу, у хаце толькі па-нямецку і размаўлялі. Ну а наш суразмоўца – Віктар Робертавіч – на пытанне пра мову продкаў адно смяецца і махае рукой: «Не-е-е, не ведаю».

Раскапаная магіла Эміліі Шон
Закінутыя нямецкія могілкі
Раскапаная магіла Эміліі Шон
Закінутыя нямецкія могілкі
Закінутыя нямецкія могілкі
Закінутыя нямецкія могілкі
Закінутыя нямецкія могілкі
Закінутыя нямецкія могілкі

Закінутыя нямецкія могілкі

Закінутыя нямецкія могілкі

Замест эпілогу

Паводле перапісу 1928-га года ў Ізабеліне жыло 32 сям’і «эвангелікув» – лічы, немцаў. Калі ўлічыць, што ў сям’і магло быць па пяцёра дзяцей – гэта не так і мала. Сёння «нямецкая прысутнасць» у Ізабеліне ўжо ў мінулым. Кірха, пераробленая ў касцёл, некалькі ўладальнікаў нямецкіх прозвішчаў ды хаты, крытыя фірмоваю дахоўкай з нязменнаю маркіроўкай – K.R. IZABELIN.

Дамкі, якія нагадваюць хутчэй Усходнюю Прусію, чым Беларусь
Кірха, якая сталася касцёлам
Дамкі, якія нагадваюць хутчэй Усходнюю Прусію, чым Беларусь

 

Кірха, якая сталася касцёлам

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў, Belsat.eu

Стужка навінаў