Кучма да Лукашэнкі: «Пераносіць пляцоўку перамоваў аб Данбасе нельга»


У Менску пачалося першае пасля прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне паседжанне кантактнай групы для ўрэгулявання канфлікту на Данбасе.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніком Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Леанідам Кучмам. У сталіцы Беларусі пачалася першая пасля выбараў прэзідэнта ва Украіне сустрэча, прысвечаная ўрэгуляванню данбаскага канфлікту.

«Роля і месца Менску ў працы трохбаковай кантактнай групы мае каласальнае значэнне. Вы, напэўна, добра ведаеце, што раздаваліся шматлікія галасы, што [перамовы. – Belsat.eu] трэба некуды перанесці. Гэта абсалютны абсурд», – цытуе словы Леаніда Кучмы прэс-служба Лукашэнкі.

Зяленскі вярнуў Леаніда Кучму ў менскія перамовы па Данбасе

Кучма заявіў, што разлічвае на дапамогу Беларусі ў вырашэнні ўкраінскіх праблемаў. Кіраўнік Беларусі пацвердзіў прыязны характар беларуска-ўкраінскіх адносінаў і пахваліўся ростам гандлёвага абароту. Летась ён дасягнуў 5,5 мільярдаў долараў.

«Вы ж усё-такі Прэзідэнт Украіны (былых не бывае)», – зазначыў пры гэтым Лукашэнка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна ізноў прызначыў Леаніда Кучму прадстаўніком Украіны ў групе па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. 80-гадовы Кучма быў прадстаўніком Кіева на перамовах да кастрычніка мінулага года. Адна з асноўных тэмаў сустрэчы паміж прадстаўнікамі Украіны, Расеі, АБСЕ ды данбаскіх сепаратыстаў – абмен палоннымі.

Аляксандр Папко belsat.eu

Стужка навінаў