Фурман Пуцін, які ўяўляе сябе Аляксандрам III


Вядомы публіцыст Алег Кашын распавёў belsat.eu, чаму расейскі народ не змяніўся за апошнія 600 гадоў, на што сёння робіць стаўку крамлёўская прапаганда і чаму Пуцін пайшоў па слядах Хрушчова.

Фурман выбіўся ў цары і памёр з перапалоху

Пра што кажа неардынарны жэст Уладзіміра Пуціна, які накінуў плед на плечы жонкі Сі Цзінь Піна падчас апошняга саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва у Пекіне?

Задаючы такія пытанні, журналісты ліслівяць Пуціну. Яго ўзор дзяржаўнага лідара – Аляксандр ІІІ. Ён сам пра гэта казаў. Такі змрочны, кансерватыўны цар, які маўчыць і ўвесь свет сочыць за яго жэстамі. На самой справе, абмяркоўваючы такія рэчы, якія не нясуць ніякага змястоўнага сэнсу, як мне здаецца, мы пачынаем глядзець на Пуціна як на гістарычную асобу, у дзеяннях якой важны любы ўчынак, любы штрых. Да Пуціна ёсць маса прэтэнзій, якія не параўнаеш з яго неардынарнай трактоўкай дыпламатычных канонаў. Гэта проста несурёзна.

Ну а калі ўсё-ткі прааналізаваць гэтыя жэсты. Мэркель ён таксама пледам накрываў. Ён спрабуе гуляць ролю мача?

У яго безумоўна ёсць самаадчуванне вялікага чалавека, які назаўжды і залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю. Але ў анамнезе ў яго больш празаічныя рэчы. Ён прызначаны пасля адстаўкі Ельцына ахоўнік. І дбае пра інтарэсы той групоўкі, якая кіруе Расеяй з пачатку 90-х гадоў. У Пуціна не атрымалася і не атрымаецца выйсці за межы гэтага наменклатурнага лідарства, якое не забяспечана ні гістарычнымі ні каштоўнаснымі сэнсамі.

І тым не менш ён паводзіць сябе як упэўнены ў сабе лідар. Спазняецца на сустрэчы з вядучымі палітыкамі і не ўспрымае некаторых з іх як роўных сабе партнёраў. Чым абумоўлены такія паводзіны?

На фоне амаль нежывога Ельцына Пуцін, здольны размаўляць без паперкі, выглядаў так, як і павінен выглядаць лідар. Але за 15 гадоў ва ўладзе ён прайшоў прыблізна тую ж эвалюцыю, што і Мікіта Хрушчоў. Ад лідара, які нясе ў сабе пазбаўленне ад негатыўных рысаў мінулага, да камічнай фігуры, якая зачытвае шматкіламетровыя даклады, прамаўляе нейкія жарцікі ды пры гэтым вельмі задаволеная сабой. Фурман выбіўся ў цары і памёр з перапалоху. Праўда, Пуцін пакуль не памёр, як і фурман, які заўважны ў кожным яго жэсце.

Міф аб праеўрапейскім Пуціну

Пры гэтым Пуцін стараецца быць заходнім палітыкам, нягледзячы на тое, што Захад бачыць у ім раззлаванага расейскага цара…

У нулявыя, калі палітыкай і прапагандай у Крамлі займаўся Уладзіслаў Суркоў, тады галоўным тэзісам прапагандысцкай машыны была суверэнная дэмакратыя. Маўляў, у Расеі асаблівы шлях. З прыходам Валодзіна на месца Суркова акцэнты змяніліся. Цяпер Крэмль лічыць сябе больш еўрапейскім, чым сама Еўропа. Калі там праводзяцца гей-парады, будуюцца мінарэты і трыумфуе паліткарэктнасць, то Расея, як сцвярджае прапаганда, захоўвае ў сабе еўрапейскія традыцыі. Зразумела, што гэта поўнае глупства. Але справа ў тым, што расейская прапаганда сёння працуе не толькі на мільёны тэлегледачоў. Галоўным яе спажыўцом з’яўляецца перш за ўсё сам Уладзімір Пуцін і яго асяроддзе.

Пуцін быў аўтарам свайго іміджу еўрапейскага традыцыяналізму ці гэта праца яго падначаленых?

Гэта як у псіхалагічным эксперыменце, калі ў пакой заходзяць двое і пачынаюць казаць шэптам, а ўслед за імі шаптацца пачынаюць усё. Калі ўвесь час казаць, што Пуцін – вялікі, Пуцін – адукаваны заходні лідар, то рана ці позна ў гэта паверыць усё яго асяроддзе і нават ён сам.

За 600 гадоў народ у Расеі не змяніўся

Гэта асяроддзе ўжо называе яго царом.

Цар ці тата, што кажа аб мафіёзнай эстэтыцы ў гэтым асяроддзі. Ведаеце, успомніў, як 10 гадоў таму я ездзіў на з’езд «Единой России» ў Краснаярск з дэлегатамі гэтага з’езду: дэпутатамі, сенатарамі і г.д. Хтосьці з іх паліў у салоне, і сцюардэса зрабіла заўвагу. У адказ яна пачула: як вы можаце рабіць мне заўвагі, мы вялікія людзі вялікай дзяржавы.

Разумееце, адчуванне абранасці Богам ёсць нават у дробных чыноўнікаў і губернатараў. Страшна падумаць, што адбываецца на ўзроўні Пуціна.

А на ўзроўні грамадзяніна?

На гэтым узроўні нічога не змянілася за апошнія 600 гадоў. У нас прынята супрацьпастаўляць дэмакратычныя 90-я і наш час, і гэта няправільна. Улада па ранейшаму не залежыць ад ад выбарніка і падаткаплатніка. Самыя буйныя падаткаплатнікі – дзяржаўныя кампаніі падкантрольныя Пуціну. Дзяржава ў нас сама сабе бізнесмен, падаткаплатнік, а народ у гэтай канструкцыі як бы лішні. Пуцін з задавальненнем абышоўся б і без нас.

Лаяльная інтэлігенцыя і наменклатурны бунт

Расейская інтэлігенцыя не асабліва пра гэта крычыць.

Ёсць тыя, хто не маўчыць, і такія людзі Пуціну патрэбныя.

Ну гэта як пісаў Бэрнард Шоў, што кожны дэспат, каб захаваць сваё душэўнае здароўе, павінен мець хоць бы аднаго непакорлівага падданага.

Менавіта. Уладзе неабходны вобраз зла. Раней быў Шэндэровіч, а сёння Макарэвіч. Гэты вобраз патрэбны прапагандзе, каб грамадзяне ведалі, ад чаго адштурхоўвацца, ведалі, каго не любіць. Але мне значна цікавей назіраць за лаяльнай інтэлігенцыяй. Зразумела, што гэта лаяльнасць купляецца ў абмен на нейкія прэферэнцыі. Для адных гэта будынак тэатру, для іншых – дазвол на здабычу карысных выкапняў. Але ў свой час так званыя прарабы перабудовы, у тым ліку і вашыя беларускія Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, выйшлі з ліку лаяльнай інтэлігенцыі. У 70-х засядалі на з’ездах партыі, а ў 80-х яны згулялі куды больш важную ролю, чым людзі калібру Салжаніцына, які быў для наменклатуры эмігрантам і радыкалам, а вось Эльдар Разанаў і Элем Клімаў – нармальныя хлопцы, якія павінны пабудаваць дэмакратыю.

Калі ў Расеі нешта зменіцца, то Макарэвіч так і будзе спяваць песні ў маленькіх залах, а сапраўднымі лідарамі новай дэмакратыі стане спявачка Валерыя і артыст Парэчанкаў, які будзе распавядаць, як цяжка яму жылося пры Пуціну.

Хто прынясе перамены ў Расею?

Калі гэта і адбудзецца, то толькі ў выніку расколу пуцінскай наменклатуры або яе бунту супраць Пуціна, што больш верагодна чым 5 гадоў таму. Праўда, расейскаму народу ад гэтага бунту наўрад ці стане лягчэй.

Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў