Ксяндза-відэаблогера Вячаслава Барка выклікалі ў міліцыю


Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок вядзе ўласны YouTube-канал. Ён не хавае сваіх поглядаў на падзеі ў Беларусі. Менавіта з гэтым, як ён лічыць, звязаная позва ў РАУС.

Выклікаюць святара ў міліцыю «ў якасці асобы, адносна якой вядзецца адміністратыўны працэс», аднак артыкул Адміністратыўнага кодэксу не пазначаны, а размова будзе са старэйшым упаўнаважаным крымінальнага вышуку.

Ксёндз Вячаслаў Барок падчас малітвы на месцы пахавання ахвяраў савецкага тэрору. Фота Марына Сінкевіч, catholic.by

«Сказалі, што ўсё патлумачыць пры спатканні. Перад гэтым крымінальны вышук апытваў парафіянаў у Расонах. Пыталі, што я прапаведаваў, да чаго каго заклікаў», – распавёў ксёндз Вячаслаў.

Раней Вячаслаў Барок быў вымушаны хадзіць на размову ў Следчы камітэт быццам бы ў якасці сведкі ў крымінальнай справе, аднак яго пыталі пра ягоны YouTube-канал.

«Чаму з крымінальнай справы перайшлі на адміністратыўны працэс? Хіба не адважыліся рабіць крымінальную, бо самі не ведаюць, што рабіць. Хочуць закрыць рот прапаведнікам, а не ведаюць як», – кажа святар.

На ягонае меркаванне, нагода для ціску з боку гэтак званых праваахоўных органаў – тое, што ксёндз, прапаведуючы Евангелле, дае маральную ацэнку падзеям у Беларусі.

«Улада скампраметавала сябе сваімі дзеяннямі, што не ўпісваюцца ў межы прававога поля, падрываюць давер да ўсіх дзяржаўных інстытуцыяў. У такой сітуацыі, што б яны ні зрабілі, усё толькі горш для іх. Ёсць толькі адзін шлях правільны: абвесціць новыя выбары. І, безумоўна, зрабіць іх празрыстымі», – сказаў святар.

У сваім апошнім відэазвароце ксёндз Барок адзначыў, што час набліжэння Божага Нараджэння (адвэнт) сёлета – радасны час, у тым ліку таму, што ў Беларусі людзі шукаюць справядлівасці.

«А гэта значыць, тут, у Беларусі, сёння дзейнічае Бог, які ўсталёўвае свой парадак. А таму маю адвэнтавую радасць чакання не здольныя сапсаваць нават тыя, хто не спыняецца мяне пераследаваць з-за майго прапаведавання».

Раней за выказванне свайго меркавання пазбавілі права вярнуцца ў Беларусь найвышэйшага каталіцкага іерарха краіны – метрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, папярэджанне пракуратуры атрымаў каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі.

Некалькіх каталіцкіх і праваслаўных святароў арыштавалі за ўдзел у масавых выступах супраць беззаконня ды гвалту.

belsat.eu

Стужка навінаў