Крызісны псіхолаг: Калі пасля арыштаў і катаванняў будзе перамога, людзі перажывуць боль лягчэй


Затрыманні, пагрозы, фізічны гвалт – вельмі цяжкія перажыванні, якія могуць прывесці да посттраўматычнага стрэсавага разладу. Пра тое, як яго адолець, а таксама як падзеі апошніх дзён могуць сказацца на грамадстве агулам, belsat.eu паразмаўляў з Таццянай Назаранка – траўматэрапеўткай з Украіны, якая працавала з удзельнікамі Майдану і ахвярамі вайны.

Ахвярам і сведкам гвалту з боку сілавікоў пагражае посттраўматычны стрэсавы разлад

Даведка
Таццяна Назаранка – кіраўнік Праўлення грамадскай арганізацыі Украінская асацыяцыя адмыслоўцаў па пераадоленні наступстваў псіхатраўмуючых падзей (Псіхалагічная крызісная служба), сябра Еўрапейскай асацыяцыі па вывучэнні траўматычнага стрэсу, траўматэрапеўтка, крызісны псіхолаг.

Спадарыня Таццяна, вы ведаеце, што цяпер адбываецца ў Беларусі, як жорстка сілавікі разганялі пратэсты. Людзей моцна збівалі, шмат хто апынуўся ў лякарні, вядома пра некалькі смяротных выпадкаў. Як чалавек гэта ўсё перажывае – сама ахвяра гвалту і яе родныя?

Я бачыла фотаздымкі, відэа. Я ведаю, што ў Беларусі адбываліся страшныя рэчы. Пасля ўсяго гэтага існуе высокая верагоднасць развіцця вострых стрэсавых разладаў. Калі над табой чыняць фізічны гвалт, б’юць, сапраўды ёсць сур’ёзная небяспека атрымання псіхалагічнай траўматызацыі.

Мы, псіхолагі, спадзяемся, што большасць людзей усё ж здолее справіцца, што ў іхнай псіхікі хопіць адаптыўных магчымасцяў. Аднак, канешне, будуць і людзі, якія пацярпелі мацней, самі перажылі збіццё, катаванні, ці іхныя блізкія, ці яны сталі сведкамі, як б’юць людзей. Гэта ўсё не можа прайсці незаўважным для псіхікі чалавека.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Сімптомы, якія могуць перажываць ахвяры дзеянняў сілавікоў, тыя самыя, што і пасля любой сітуацыі, якая моцна траўмуе. Гэта можа быць трэмар, пачырваненне, перапады тэмпературы цела. Калі казаць пра рэакцыю псіхікі, то чалавек пачынае думаць: «я слабы, я нічога не змог зрабіць, каб гэтага пазбегнуць, я сам вінаваты». Гэтыя ўстаноўкі могуць быць перанесеныя на іншыя сферы жыцця, што паўплывае на самаацэнку, зносіны са светам.

Чалавек адчувае сум, хваляванне, трывогу, сорам – за тое, што з ім гэта адбылося, ці што ён не змог прыйсці на дапамогу. Думкі чалавека, перажыўшага нейкую траўму, навязліва вяртаюцца да гэтай падзеі. Ён губляе магчымасць нармальна спаць, бачыць кашмары.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Увогуле ж, сімптомы стрэсу можна падзяліць умоўна на чатыры катэгорыі:

  • Кагнітыўныя. Нашыя думкі і ўстаноўкі пра сябе і свет становяцца негатыўнымі: я слабы, дрэнны, я вінаваты, свет навокал мяне небяспечны;
  • Эмацыйныя. Прыступы раздражнення, злосці, незадаволенасці людзьмі і абстаноўкай, прыступы страху, панічныя атакі, дэпрэсіўны настрой, частае жаданне плакаць, шкадаваць сябе;
  • Цялесныя. Фізічная слабасць, бяссонніца, немагчымасць расслабіцца, галаўныя болі, пастаяннае напружанне;
  • Паводзінавыя. Пасіўнасць, адсутнасць жадання нешта рабіць, адсутнасць апетыту ці наадварот – пераяданне, жаданне грызці пазногці, з’яўленне падвышанай цікаўнасці да алкаголю, цыгарэт, наркотыкаў, азартных гульняў.

Важна памятаць, што такія перажыванні пасля траўмуючай сітуацыі – гэта нармальна. Не трэба сябе яшчэ вінаваціць за пачуцці. Іх трэба пастарацца спакойна перажыць.

Так, крызісныя псіхолагі спадзяюцца, што ў большасці гэтыя сімптомы пройдуць натуральным чынам з цягам часу. Але бывае так, што яны наадварот узмацняюцца, і тады развіваецца посттраўматычны стрэсавы разлад.

Hавiны
Больш за 150 затрыманых, у тым ліку журналісты. 19-ты дзень пратэстаў
2020.08.27 22:24

Простыя рэчы ратуюць жыццё

Як можна дапамагчы сабе ці блізкаму чалавеку лягчэй прайсці праз гэтыя перажыванні і адчуванні?

Трэба займацца пазітыўнай дзейнасцю, якая прыносіць задавальненне, праводзіць час з блізкімі, сябрамі, з тымі, з кім прыемна, на прыродзе, ці проста нічога не рабіць, займацца дыхальнымі практыкаваннямі. Адна з базавых стратэгій кіравання стрэсам – гэта павольнае дыханне.

У гэтай сітуацыі працуе старая праўда пра тое, што простыя рэчы ратуюць жыцці. Вельмі дапамагае, калі вы робіце свае звычайныя штодзённыя справы, рухаецеся, займаецеся спортам – гэта знімае напружанне. Шукайце магчымасці камунікаваць з людзьмі, размаўляць пра тое, што з вамі адбылося. Думайце пра тое, што адбылося, як пра мінулае, і пра тое, што цяпер вы ў бяспецы.

Hавiны
«Пакуль ёсць доблесная менская міліцыя, не будзе пераменаў!» Менчук – пра сваё затрыманне
2020.08.27 11:54

Трэба пазбягаць негатыўных шляхоў пераадолення стрэсу:

  • не ўжывайце алкаголь і іншыя псіхаактыўныя рэчывы;
  • не спіце цэлымі днямі;
  • не працуйце ўвесь час без рэжыму і адпачынку;
  • не адмяжоўвайцеся ад сяброў і блізкіх;
  • не грэбуйце асабістай гігіенай;
  • кантралюйце свой гнеў, трывогу.

Калі ж чалавек разумее, што ён сам не спраўляецца, яму варта звярнуцца да адмыслоўца.

Паўтаруся, што чалавек у стрэсавай сітуацыі мусіць памятаць, што ўсё, што ён адчувае – нармальна. Не трэба пужацца свайго псіхічнага стану. Калі вы перажылі нешта, што вас траўмавала, звярніце больш увагі на псіхагігіену. Калі пасля 2-3 дзён сімптомы не змяншаюцца, а тым больш – узмацняюцца, то варта звярнуцца да адмыслоўцаў.

Hавiны
Білі па сцёгнах, акуналі галавою ва ўнітаз. Гісторыя аднаго затрымання ў Гомлі
2020.08.24 18:15

Найбольш уразлівыя – дзеці

Што рабіць тым людзям, у якіх няма 2-3 дзён, каб даць сабе і псіхіцы адпачыць, якія кожны дзень на перадавой (а мы бачым, што рэпрэсіі не спыняюцца) – валанцёрам, журналістам, праваабаронцам?

Так, сапраўды, у прадстаўнікоў гэтых прафесій ці відаў дзейнасці, калі так хутка ўсё змяняецца, адбываецца, не застаецца ні часу, ні магчымасці на адпачынак. Але варта памятаць, што ў такіх умовах прафесійнае выгаранне вельмі блізка.

Hавiны
Лекарка з Менску: Падчас каронавірусу мы яшчэ не прачнуліся, а цяпер маўчаць не можам
2020.08.22 15:26

Часта ў экстрэмальных сітуацыях нашая псіхіка пераключаецца на рэжым «дапамагаць». Пра сябе на гэты час чалавек забывае, а гэта непазбежна прывядзе да эмацыйнага выгарання. Такіх выпадкаў вельмі шмат насамрэч. Таму абавязкова варта памятаць пра ўсё тое, што я раней казала – пазітыўная дзейнасць, дыхальныя практыкі. Трэба знаходзіць час толькі для сябе. Таксама карысна будзе паразмаўляць з сябрам, з псіхолагам ці звярнуцца ў адмысловыя групы. Я заклікаю людзей, якія працуюць з ахвярамі, не забывацца на сябе, бо потым вы проста будзеце не ў стане працаваць і быць далей карыснымі.

Ці могуць быць наступствы жорсткіх разгонаў, гвалту аддаленымі ў часе? Магчыма, ёсць нейкая найбольш уразлівая група насельніцтва?

Фізічны гвалт, збіццё, катаванні – гэта вельмі сур’ёзныя і цяжкія перажыванні, пасля якіх могуць быць і аддаленыя наступствы. Варта звяртаць увагу на такія сімптомы, калі яны развіваюцца праз нейкі час пасля падзеі – гіперуважлівасць, пазбяганне пэўных месцаў, трывожнасць. Але хачу падкрэсліць, што посттраўматычны стрэсавы разлад даволі проста лякуецца, калі своечасова звярнуцца па тэрапію. Трэба памятаць, што ніхто не мусіць жыць і мучыцца. Чалавек павінен ведаць, што ён можа звярнуцца за дапамогай.

Інтэрв’ю
«Мы дапамагаем людзям выстаяць». Як працуюць валанцёры падчас масавых пратэстаў і дзяржаўнага тэрору
2020.08.21 13:39

Механізмы працы псіхікі, рэакцыі галаўнога мозгу на стрэс добра вывучаныя, яны аднолькавыя для траўмуючых падзей. Першая рэакцыя такая: бі, бяжы ці замры. Мы можам назіраць іх як на вайне, так і падчас масавых пратэстаў, ці пасля такіх сітуацый, як гвалт, збіццё, забойствы, смерць некага з блізкіх.

Як чалавек перажыве, залежыць ад таго, ці быў у яго раней падобны досвед. Апошнім будзе прасцей справіцца.

Асабліва ўразлівыя ў такіх сітуацыях дзеці. Іхная псіхіка слабейшая, чым у дарослых. У дзяцей менш механізмаў псіхалагічных абаронаў. Калі дарослы можа сябе супакоіць, то дзіцяці нашмат складаней справіцца з цяжкімі перажываннямі кшталту страху, болю. А найлепшая тэрапія для дзіцяці – гэта спакойны дарослы побач. Таму бацькам варта пра сябе клапаціцца. Для дзіцяці важна, каб побач быў дарослы, які прагаворыць тое, што здарылася – так, гэта адбылося, гэта было страшна, але гэта скончылася, цяпер усё добра, спакойна, мама і тата побач. Калі вы бачыце, што дзіцёнку робіцца горш, то трэба звяртацца да псіхолага.

Затрыманне журналістаў.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Пасля Майдану ва Украіне моцна развілася крызісная псіхалогія, а людзі сталі мацнейшымі

Як можа тое, што адбываецца ў Беларусі цяпер, паўплываць на грамадства агулам? Ці вы заўважылі нейкія змены ва ўкраінскім грамадстве пасля Майдану, вайны?

Тое, як паўплываюць пратэсты на большасць людзей, на грамадства, залежыць ад таго, якім будзе вынік. Калі пазітыўным, чаканым, будзе перамога, то людзі лягчэй пройдуць праз той стрэс, боль, які даводзіцца перажываць цяпер, падчас акцый пратэстаў і рэпрэсій. Калі ж давядзецца перажыць яшчэ і паразу, то на агульны стрэс накладзецца фрустрацыя, расчараванне, і гэта з вялікай доляй верагоднасці можа прывесці да дэпрэсіўнага сіндрому.

Украіна шмат перажыла ў сувязі з Майданам, вайной. Жыццё людзей тут ніколі не будзе ранейшым. Значнае развіццё ў сувязі з усім гэтым атрымала крызісная псіхалогія. Сапраўды больш людзей сталі звяртацца да адмыслоўцаў – у грамадстве з’явілася разуменне, што псіхалогія сапраўды дапамагае.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Украінцы перажылі і траўмы, і пад’ём, і расчараванне. Мы прайшлі праз шмат якія рэакцыі псіхікі. І мы цяпер разумеем, што ўсё гэта нармальна ў такой сітуацыі. Пратэсты, забастоўкі, збіццё людзей не могуць прайсці без наступстваў для асобных людзей і для грамадства агулам. Але адначасова мы ведаем, што мы шмат зрабілі, мы сталі мацнейшымі, мы ведаем, як абараняцца, у тым ліку, як абараняць сваю псіхіку. Грамадства стала мацнейшым.

Мы маем ужо дастаткова досведу і гатовыя падзяліцца ім з беларусамі. Як раз цяпер мы кансультуем нашых беларускіх калег, праводзім для іх вэбінары на тэмы крызіснай псіхалагічнай інтэрвенцыі, прафілактыкі эмацыйнага выгарання падчас працы ў напружаных умовах – гэта датычыць валанцёраў, якія працуюць з ахвярамі, ды і ўсіх людзей, закранутых сітуацыяй і змушаных з дня на дзень жыць у гэтым напружанні. Мы таксама гатовыя дапамагчы ўсім ахвярам рэпрэсій у Беларусі, якім патрэбная псіхалагічная кансультацыя.

Размаўляла Марына Маўчанава Belsat.eu

Стужка навінаў