Крызіс у Венесуэле: Мадура абваліў балівар на 95 %


На выходных прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура правёў дэнамінацыю венесуэльскай валюты.

З 20 жніўня ў краіне ўводзяцца ў абарачэнне новыя грошы, суверэнны балівар – са старога балівара прыбяруць адразу пяць нулёў, паведамляе «РИА Новости».

Новыя грошы павінныя былі з’явіцца ў краіне яшчэ 4 чэрвеня, аднак пасля ўлады адклалі дэнамінацыю да канца жніўня. Нікаляс Мадура абвесціў гэты панядзелак выходным, каб даць венесуэльцам «час на адаптацыю да новых грошай».

Паводле Мадура, з 20 жніўня ў Венесуэле будуць хадзіць дзве валюты – балівар і «петро» (забяспечаная нафтай крыптавалюта «петро», выпушчаная 20 лютага). Суверэнны балівар будзе прывязаны да «петро», і Цэнтральны банк краіны пачне штодзень публікаваць афіцыйны курс.

Раней стала вядома пра павелічэнне мінімальнага заробку ў Венесуэле ў 60 разоў. Цяпер ён складзе 1800 дэнамінаваных балівараў або палову кошту аднаго «петро».

Эксперты выражаюць сумнеў у эфектыўнасці дэнамінацыі балівара ў складаных эканамічных умовах, у якіх аказалася Венесуэла, у прыватнасці, з улікам гіперінфляцыі, якая працягваецца.

Акрамя таго, з сённяшняга дня ўрад Венесуэлы пачаў паступова павышаць цэны на бензін з мэтай давесці іх да міжнароднага ўзроўню цягам двух гадоў, паведамляе DW. Паводле Нікаляса Мадура, за гэты перыяд павінна быць ліквідаваная сітуацыя, у якой бензін практычна можна атрымаць задарма.

У Венесуэле ўжо доўгі час цягнецца эканамічны крызіс. Паводле прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), да канца 2018 года ўзровень інфляцыі ў краіне зможа дасягнуць 1 млн працэнтаў. Кошт долара на «чорным» рынку дасягнула амаль 6 млн старых балівараў (60 суверэнных балівараў).

НМ, belsat.eu, фотаздымак Miraflores Palace/Handout via REUTERS/ Forum

Стужка навінаў