Крызіс для чыноўнікаў у Беларусі: аўтамабілі па Br 620 млн


Для грамадзянаў новыя падаткі, а для чыноўнікаў эксклюзіўныя аўты. І гэта ў сітуацыі фінансавага крызісу, калі ўлада кажа пра неабходнасць ашчаджаць кожную капейку. Тэндэры на каштоўныя аўтамабілі для кіраўнікоў некаторых дзяржаўных установаў працягваюць шакаваць.

Турбіраваны бензінавы рухавік моцаю 150 конскіх сілаў. Гэта аўтамабіль бізнес-класа «Пэжо 508». Менавіта такі набытак можа сабе дазволіць адно з віцебскіх даволі паспяховых прадпрыемстваў «Віцебскаблгаз». Арганізацыя ўжо вызначыла тэндэр і планаваную суму – чатырыста восемдзесят мільёнаў рублёў. Планаваны выдатак выклікаў абурэнне жыхароў гораду.

ЖЫХАРЫ ВІЦЕБСКУ:

«Гэта дарагое і добрае аўта. Значыць грошы ёсць. Бязмежжа!»

«Я лічу, што гэта зашмат. Можна б было і таней пашукаць».

«Няхай ён лепш бы выдаткаваў гэтыя грошы на забеспячэнне газам сталых людзей».

А гэта Фольксваген Пассат Б-8. За 620 мільёнаў рублёў аўта гатовае набыць дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства «Рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет »Віцьбічы« і »Вячэрні Віцебск«. Пра гэта ў мінулым месяцы паведамілі мясцовыя медыі. Аднак цяпер сама рэдакцыя падае значна меншую цану – чатырыста мільёнаў. Што праўда грошы і так немалыя. Каштоўны ж набытак прадпрыемства тлумачаць наступным чынам.

АЛЕНА БАБРОЎСКАЯ, НАМЕСНІЦА ГАЛОЎНАГА РАДАКТАРА:

«Гэта машына не для начальніка, а для рэдакцыі. Як вы лічыце, у рэдакцыі павінна быць машына? У нас група выязджае і ў суботу і ў нядзелю. Мы пашам як і ўся нашая краіна. Мы нават асадкі купляем за свае грошы. У нас вельмі жорсткі рэжым ашчаджання. Мы зарабляем абсалютна самі. Мы цэны не павысілі ні на адзін рубель».

 

І ўсё ж шараговым беларусам, якім давядзецца неўзабаве плаціць новыя падаткі дзяржаве, цяжка зразумець выдаткі чыноўнікаў і дзяржаўных установаў.

АПЫТАННЕ

«Якія ў нас арганізацыі могуць купіць такія аўты? Горгаз, горсвятло, банкі. А вы зайдзіце ў шпіталі. Вы паглядзіце, якія ў нас шпіталі. Гэта ж жах».

Зрэшты каштоўныя эксклюзіўныя аўты далёка не вынятак у шэрагах прадстаўнікоў дзяржаўнай вертыкалі. Што праўда маркі і кошты змяняюцца з адміністратараў да кіраўнікоў выканкамаў і прадпрыемстваў. Аднак застаюцца пэўныя нязменныя, нідзе не запісаныя правілы.

Большасць беларускіх чыноўнікаў карыстаецца дарагімі замежнымі аўтамі бізнес-класа: Мерседэсамі, Аўді і Таётамі.Паводле прэзідэнцкага ўказу, афіцыйна чыноўнікам забаронена купляць службовыя аўтамабілі па цане вышэй за дваццаць пяць тысяч долараў. Аднак і такія грошы часта не па кішэні нават сярэдне маёмаму беларусу.

ЮРАСЬ БЕЛЕНЬКІ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ:

«Для іх меркаванне народу даўно нічога не значыць. Для іх важна толькі тое, што зверху. А зверху ім было сказана: я вас прыкрыю. Рабіце, што хочаце».

Можа і таму намаганні грамадскасці змяніць сітуацыю пакуль не прынеслі вынікаў. Сёлета стартавала акцыя ўдзельнікі якой прапанавалі чыноўнікам перасесці на значна танейшыя аўты аўчыннага аўтапрому «Джылі». Пад адмысловай петыцыяй маглі падпісацца ўсе ахвотныя грамадзяне краіны. Быў нават скіраваны зварот да кіраўніка краіны. Аднак ён застаўся без адказу. А чыноўнікі ашчаджаць на службовых аўтах, як відаць, не збіраюцца.

ЯБ, Белсат

Стужка навінаў