Крывавы вугаль. Хто ў Беларусі зарабляе на пастаўках антрацыту з Данбасу?


Сакавік 2017 года. Удзельнік блакады Данбасу і праціўнік гандлю з ЛНР і ДНР.
Фота: Jerome Sessini/Magnum Photos

Польскія журналісты Міхал Патоцкі (Michał Potocki), Караліна Баца-Пагажэльска (Karolina Baca-Pogorzelska) і славацкі журналіст Томаш Ф’ёро (Tomáš Forró) апублікавалі вялікае расследаванне пра шлях вугалю з акупаванага Данбасу ў ЕЗ.

Аўтары расследавання сцвярджаюць, што ім удалося сустрэцца з гандляром антрацытам пад выглядам патэнцыйных пакупнікоў, прааналізаваць стосы мытных дакументаў, а таксама высветліць ролю Беларусі ў схеме паставак «крывавага вугалю» у Еўразвяз і Украіну.

Справка
Антрацыт – вугаль, які часта выкарыстоўваецца ў металургіі ды энергетыцы.

Прапануем вашай увазе ўрыўкі з гэтага расследавання.

Беларускі вугаль

У 2018 годзе Беларусь нечакана стала адным з найбуйнейшых экспарцёраў каменнага вугалю ў Еўропу і Украіну. Годам раней абʼем экспарту вугалю ва Украіну быў у 946 разоў меншы.

Аб’ектыў
Неспадзяванка ад статыстыкі: Беларусь – вугальная дзяржава?
2019.02.21 21:06

Аўтары расследавання пра крывавы антрацыт упэўненыя, што беларускія кампаніі набываюць у Расеі вугаль вывезены з Данбасу. Прынамсі частка вугалю, набытага беларусамі ў Расеі, паходзіць з акупаваных тэрыторыяў, сцвярджаюць журналісты. Ускосна гэта пацвердзіў экс-лідар «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі ў размове з расейскім выданнем «Известия», у якой пахваліўся, што ЛНР прадае вугаль прыватным кампаніям з Беларусі.

25 кастрычніка падчас візіту ў горад Залатое факт набыцця данбаскага вугалю прызнаў і кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі.

Кошт адной тоны данбаскага антрацыту можа складаць $ 20-25. Пасля легалізацыі ў Расеі і дастаўкі ў Беларусь кошт вырастае да $ 80. Адпаведна, пасярэднікі паміж прадаўцамі з Данбасу і пакупнікамі ў Беларусі зарабляюць $ 55-60 на кожнай тоне (мінус кошт дастаўкі).

З украінскай мытнай статыстыкі за 2018 год вынікае, што пастаўкамі вугалю ва Украіну займаліся 4 зарэгістраваныя ў Беларусі кампаніі: гомельскія ТАА «Бизнес-Альянс» (80,26 тысяч тонаў) і ТАА «Транс-Уголь» (46,29 тысяч тонаў), ТАА «Экойл Кемикл» (27,07 тысяч тонаў) з Полацкага раёну ды ТАА «ЭколайнСистемс» (20,11 тысяч тонаў) з Менску.

У 2019 годзе стала вядома, што беларускія кампаніі ТАА «Вестэк» і «Бизнес-Альянс» трапілі ў скандал з продажам данбаскага вугалю ва Украіну. У 2017 данецкі «Уголь Донбасса» прадаў вугаль расейцам, а яны беларускай кампаніі ТАА «Вестэк» (зʼявілася незадоўга да афармлення здзелкі). Пазней «Вестэк» прадаў вугаль гомельскаму ТАА «Бизнес-Альянс», якая прадала яго ва Украіну. Праўда, у лютым 2019-га ўладальнік «Бизнес-Альянс» сцвярджаў, што шэрымі схемамі ягоная кампанія не займаецца.

«Пад выглядам «Мерседэса» не завязеш «Запарожац». Вугаль, як і любы тавар, адрозніваецца моцна па характарыстыках. Лабараторыі даюць сертыфікаты. Яны ж не пойдуць на падробку. Гэта немагчыма. Нам супрацьзаконныя схемы не цікавыя», – сказаў уладальнік «Бизнес-Альянс» Андрэй Байдо.

У 2017 годзе «Белсат» пісаў пра кампанію ТАА «Белкарботранс». Тады яна нават не хавала, што гандлюе данбаскім вугалем.

Hавiны
Мінэнэрга ЛНР: «Мы вядзем перамовы з афіцыйным Менскам аб пастаўках вугалю, прыватныя фірмы ўжо купляюць»
2017.05.23 18:08

Навошта Беларусь у гэтай схеме?

Большую частку вугалю Беларусь рээкспартуе ва Украіну (588,5 тысяч тонаў з 853,9 у 2018 годзе – Белстат). Паводле украінскай мытнай статыстыкі, толькі 170 тысяч тонаў.

У першым паўгоддзі 2019-га абʼём паставак вырас да 1,01 млн тонаў, гаворыцца ў расследаванні. Паводле славацкага і польскіх журналістаў, ільвіная доля гэтага вугалю пастаўляецца ў Беларусь праз фірмы «Газ-Альянс» і «Внешторгсервис», якія належаць украінскаму алігарху Сяргею Курчанка.

Справка
Сяргей Курчанка – 34-гадовы ўкраінскі бізнесмен, які збег у Расею, пасля Еўрамайдану ў 2014 годзе. Знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і абʼяўлены ў міжнародны вышук па лініі «Інтэрпол». Падазраецца ў фінансавых махінацыях.

Наўпрост з Расеі Украіна набываць вугаль не можа праз расейскія санкцыі. Таксама Кіеў не можа набыць вугаль і ў самаабвешчаных рэспубліках – украінскія законы забараняюць гандаль з кампаніямі з акупаваных тэрыторыяў.

Аўтары расследавання высветлілі, што па падобных схемах данбаскі вугаль пастаўляецца і ў Еўразвяз. Паводле іхных падлікаў, штогод Польшча набывае каля 250 тысячаў тонаў сепаратысцкага вугалю (каля 1 % ад экспарту расейскага вугалю ў Польшчу).

Hавiны
«ЛНР» прадае вугаль у Польшчу
2017.10.06 00:02

Данбаскі вугаль таксама набываюць у Чэхіі, Славакіі, Румыніі ды Нямеччыне.

Адзін з аўтараў расследавання цяпер працуе над кнігаю, у якой будуць падрабязна апісаныя схемы гандлю крывавым антрацытам.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў