Крытычна важны аб’ект: якія змены рыхтуе КДБ у антытэрарыстычны закон?


КДБ будзе яшчэ лепш перадухіляць і спыняць тэрарыстаў. У тым выпадку, калі Палата прадстаўнікоў прыме змены ў Крымінальны і Адміністратыўны кодэксы ды ў закон «Аб барацьбе з тэрарызмам». У гэтым сёння запэўніваў дэпутатаў Ігар Сяргеенка – намеснік старшыні КДБ.

Пасля прыняцця зменаў менавіта КДБ з санкцыі Генпракуратуры і Вярхоўнага суда будзе вызначаць, якая арганізацыя – тэрарыстычная, потым – перадаваць у Арганізацыю аб’яднаных нацыяў «чорныя спісы» асобаў і арганізацыяў. А тых, хто дапамагае вызначаным КДБ тэрарыстам, будуць пераследваць яшчэ больш жорстка.

Паводле законапраекту, уводзіцца панятак «крытычна важны аб’ект», які з асабліваю пільнасцю ўлады будуць ахоўваць ад тэрарыстаў. Памежнікі будуць дапамагаць мытнікам шукаць небяспечныя рэчывы, а Узброеныя сілы Беларусі можна будзе прыцягваць у зону правядзення контртэрарыстычнай аперацыі. Арсеній Сівіцкі кажа, што гэта толькі рэакцыя на міжнародную геапалітычную абстаноўку, у тым ліку дзеянні Расеі ва Украіне.

Каментуе Аресеній Сівіцкі, дырэктар Центру стратэгічных і замежнапалітычных даследванняў

У якасці прыкладу можна прывесці і Аль-Каіду, і «Ісламскую дзяржаву», і нават ДНР-ЛНР, якія, паводле крытэраў ААН таксама могуць разглядацца, як тэрарыстычныя арганізацыі. І, безумоўна, такім арміям тэрарыстаў могуць супрацьстаяць толькі Узброеныя сілы.

Але пакуль сілавікі Лукашэнкі чамусьці не пераследуюць прарасейскіх баевікоў. Напрыклад, нацысты з групоўкі «Русіч» спакойна вывозяць беларускіх дзяцей у Расею дзяліцца досведам вайны за ДНР. Затое ў ізалятары КДБ сядзяць чальцы даўно зніклай арганізацыі «Белы легіён», якіх абвінавачваюць у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Ігар Сяргеенка сёння вельмі хутка ўцякаў з Палаты прадстаўнікоў ад журналістаў, каб не адказваць на пытанні ў гэтай крымінальнай справе.

Сяргей Бульба, былы лідар «Белага легіёну»:

Справа развальваецца, нават нягледзячы на ўсе іх спробы… З хлопцамі ўжываюцца псіхатропныя рэчывы, іх спрабуюць вывесці на нейкую інфармацыю нават такім чынам. Але пры ўсім пры гэтым менавіта фактуры для паўнавартаснай справы няма. Таму, натуральна, яны хаваюцца, бо ім няма чаго сказаць.

Паводле заснавальніка «Белага легіёну», заканадаўства змяняюць толькі дзеля пераследу іншадумцаў:

У іх дастаткова аналітычных цэнтраў, яны пралічваюць, што магчыма ў хуткім часе зʼявіцца перадрэвалюцыйная сітуацыя. Таму яны проста бароняць самі сябе, сваю ўладу.

Яшчэ важны момант у законапраекце – служба бяспекі Аляксандра Лукашэнкі зможа ствараць аператыўныя антытэрарыстычныя штабы.

Стужка навінаў