Крысціна Вязоўская: У гэтым свеце нас можна забіваць і атрымліваць лайкі


«Свет, у якім мы жывем, пабудаваны для мужчын. Свет, у якім мы жывем, непрыдатны для жанчын. У гэтым свеце нас можна забіваць і атрымаць лайкі». Псіхалагіня і радыкальная феміністка Крысціна Вязоўская піша пра забойства Таццяны Страхавай і рэакцыю ў сеціве.

На маёй аватарцы стаіць фота Тані. На аватарцы маёй сяброўкі стаіць фота Тані. На аватарцы сяброўкі маёй сяброўкі стаіць фота Тані. Мы смуткуем. Нас ванітуе. Мы плачам. Мы гаворым пра гэта ўвесь час. Другія содні.

Мы чытаем пра тое, як называюць Таню. Мы чытаем, разумеючы, што гэта проста збег акалічнасцяў, што там была не я, не мая сяброўка і не сяброўка маёй сяброўкі. Мы злуемся.

Мы працягваем жыць сваім звычайным жаночым жыццём: носім у кулаку ключы або запальнічку. Абыходзім мужчын. Не ўваходзім у ліфт з мужчынамі. Толькі цяпер дадалося яшчэ крыху праблем: падчас прабежкі я абабегала мужчын па дузе такім тэмпам, у якім мне цяпер нельга бегаць. Калі шчыра, гэты тэмп наагул па-за межамі маіх тэхнічных магчымасцяў.

Я хацела бы растварыцца і больш не жыць у тым свеце, дзе гвалцяць трупы жанчын. Дзе адсякаюць кісці рук з рэўнасці. Дзе б’юць, гвалцяць, забіваюць, бо «давяла».

Калі ты апранаеш фемінісцкую оптыку, ты больш ніколі не можаш гэта разбачыць. Свет, у якім мы жывем, пабудаваны для мужчын. Свет, у якім мы жывем, непрыдатны для жанчын. У гэтым свеце нас можна забіваць і атрымліваць лайкі. У гэтым свеце нам можна адсякаць рукі і атрымліваць падтрыманне. У гэтым свеце можна забіць нажом былую жонку і атрымаць ад суддзі «прычыненне смерці па неасцярожнасці». У гэтым свеце Пагрэбіжская здыме фільм пра тую, якая адважылася абараняцца да апошняга, і абвінаваціць яе ў тым, што Андрэева ​​не адводзіць вачэй.

Нашыя партнёры ды мужы, сябры і знаёмыя пытаюцца: чаму вы так рэагуеце? Чаму вы так пераймаецеся?

Усё вельмі проста, сябры.

Таму што на месцы Тані магла апынуцца любая з нас. І пакуль Халезін абмяркоўвае драматургію, а мастацтвазнаўцы – маштабнасць інсталяцыі, мы ванітуем ад жаху, мы не можам есці.

І мы ставім здымкі Тані на аватарку. Таму што мы ўсе і ёсць Таня.

Стужка навінаў