Крыніцы ў сацсетках інфармуюць пра ампутацыі і дзясяткі параненых пасля вулічных баёў


Пратэсты і бырыкады ля станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

У менскіх шпіталях праводзяць вельмі шмат ампутацыяў. Дзясяткі людзей знаходзяцца ў крытычным стане – падаюць карыстальнікі сацыяльных сетак.

«Са сваіх крыніцаў з «хуткай» я даведалася, што каля 40 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане, нават сярэднюю лічбу назваць цяжка. Шмат ампутацыяў. Адзін загінулы на месцы і аднаго не ўратавалі па дарозе», – паведамляюць відавочцы.

Параненым намагаюцца дапамагаць на месцы.
Фота: Руслан Серадзюк / «Белсат»

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведамляе пра маладзёна 1991 года нараджэння, які быў аперыраваны і цяпер знаходзіцца ў медыкаментознай коме ў Рэспубліканскім цэнтры неўралогіі і нейрахірургіі. З некалькіх крыніц канал атрымаў ноччу паведамленні пра ампутацыі ў шпіталях і больніцах хуткай дапамогі. У прыватнасці, згадваўся пацярпелы 16-гадовы хлопец. У канал паведамілі таксама на ўмовах ананімнасці, што ў адной з больніцаў хуткай дапамогі дакладна была ампутацыя ступні. Былі таксама рэзаныя раны, пабоі, чэрапна-мазгавыя траўмы. Крыніца адзначала, што па ўсёй больніцы дакладныя дадзеныя невядомыя.

Крыніца «Белсату» з Пінску паведамляе, што ў гарадскім парку быў моцна збіты 16-гадовы інвалід. Яму зламалі ключыцу.

У Горадні быў збіты на акцыі басіст гурта «Дзецюкі». Ён трапіў у больніцу хуткай дапамогі, дзе ноччу яго дапытвалі прадстаўнікі Следчага камітэту.

Траўмаваны пад час пратэстаў у сталіцы.
Фота: Руслан Серадзюк / «Белсат»

У ноч у 10 на 11 жніўня пацярпеў 21 міліцыянт і вайсковец унутраных войскаў, пяць з іх шпіталізаваныя, падало Міністэрства ўнутраных справаў.

У гэтую ж ноч у Менску на вуліцы Прытыцкага загінуў мужчына. МУС падае, што пратэстовец спрабаваў кінуць выбуховую прыладу ў бок амапаўцаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём.«Наша Ніва» адзначае, што дэманстрантаў у гэты час «масіравана абстрэльвалі» – раней з вуліцы Прытыцкага неаднаразова паведамлялі пра выбухі святлошумавых гранатаў.

Лекары менскіх шпіталяў неафіцыйна пацвярджаюць TUT.BY аб пацыентах з цяжкімі траўмамі, якія паступалі да іх вечарам 9 і 10 жніўня. Медыкі ў шоку ад таго, што гэта адбываецца ў мірны час.

«Мы ніколі з такімі раненнямі не сутыкаліся», – кажуць лекары і заклікаюць спыніць гвалт.

У ноч з 9 на 10 жніўня ў 4-ю больніцу паступіў пацыент з двума кулявымі раненнямі: пашкоджаная кішка, мачаточнік і рэбры. Паводле інфармацыі аднаго з медыкаў, з пацыента ліквідавалі дзве гумовыя кулі. Мужчына сказаў, што ў яго стралялі з адлегласці ў 10 метраў. На гэты момант вядома, што ён у медыкаментознай коме на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Менск. Станцыя метро «Пушкінская».
Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

Медыкі пацвярджаюць таксама інфармацыю пра маладзёна 1991 года з адкрытая чэрапна-мазгавой траўмаю і ўдарам галаўнога мозгу. Яму зрабілі тэрміновую трэпанацыю чэрапа і выдалілі гематому. Іншы медык пацвердзіў, што хлопца перавялі з 4-ай больніцы ў Рэспубліканскі цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі. На момант паступлення ў чалавека з вушэй цякла спіннамазгавая вадкасць.

Лекары таксама распавялі TUT.BY, што ўсталічную Больніцу хуткай дапамогі 10 жніўня з-пад станцыі метро «Пушкінская» звычайныя людзі даставілі 32-гадовага мужчыну з траўмаю правай ступні ад святлошумавой гранаты і апёкам правай галёнкі. Яму ампутавалі частку ступака.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У вайсковы шпіталь, у якім размяшчаецца Цэнтр агнястрэльнай траўмы, цягам двух дзён паступіла некалькі пацыентаў, распавядае журналістам выдання лекар, знаёмы з сітуацыяй у гэтай медустанове. У асноўным, паводле ягоных словаў, туды шпіталізуюць людзей з асколачнымі раненнямі і пашкоджаннямі грудной клеткі.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Пра пацыента з траўмай грудной клеткі, адарванай фалангай пальца і чэрапна-мазгавой траўмай паведаміў і медык 2-й больніцы Менску. Паранены паступіў да іх у ноч з 9 на 10 жніўня.

«Мы абавязаны лячыць усіх людзей. Але не павінна быць такога ў мірны час! – кажуць лекары. – Мы не хочам, каб людзі гінулі або іх калечылі. Сутыкнуўшыся з падобным, лекары не могуць нармальна працаваць. Гэта жудасна. Мы заклікаем спыніць гвалт».

Медыкі не падаюць афіцыйнай інфармацыі пра колькасць пацярпелых.

На станцыі метро Пушкінская. Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

ВШ belsat.eu

Стужка навінаў