Крыніцы «Reuters» пацвярджаюць кантакты выбарчага штабу Трампа са спецслужбамі РФ


Крыніцы з урадавых колаў пацвердзілі інфармацыю, якую распаўсюдзіла газета «The New York Times».

Сярод суразмоўцаў «Reuters», імёны якіх агенцтва не раскрывае, пяць былых і дзеючых працаўнікоў ураду, «непасрэдна знаёмых з сітуацыяй».

Нагадаем, што 14 лютага «The New York Times» паведаміла пра сувязі каманды Трампа з расейскімі спецслужбамі.

Паводле выдання, амерыканская выведка перахапіла размовы прадстаўнікоў рэспубліканца з высокапастаўленымі прадстаўнікамі расейскай выведкі ды расейскімі чыноўнікамі, якія яны вялі ў 2016 годзе.

На думку разведвальнай супольнасці ЗША, Расея магла паспрабаваць аказаць уздзеянне на ход амерыканскай выбарчай кампаніі.

Цяпер у Пітсбургу агенты ФБР спрабуюць высветліць асобы людзей, якія ўзламалі кампутарныя сістэмы Дэмакратычнай партыі ў 2015-2016 гадах, а аддзел ФБР у Сан-Францыска спрабуе ўсталяваць асобы хакераў з групы, якая называе сябе «Guccifer 2.0». Група апублікавала электронную перапіску кіраўніка выбарчага штабу Гілары Клінтан Джона Падэсты. Атакі хакераў маглі паўплываць на вынікі выбараў у ЗША.

Падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі Трамп назваў паведамленне «The New York Times» «фэйкам».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў