Крыніца «Белсату»: Сын чыноўніка Жабінкаўскага райвыканкаму напаў з нажом на ахоўніка нафтабазы


9 лютага школьнік ударыў нажом вартаўніка нафтабазы ў Жабінцы. Паводле Упраўлення Следчага камітэту Берасцейскай вобласці, праваахоўнікі праводзяць праверку па гэтым факце.

«Следча-аператыўная група выявіла, што трое непаўналетніх жыхароў Жабінкі (Берасцейская вобласць) праніклі на тэрыторыю цэнтру па перавалцы і захоўванню нафтапрадуктаў, дзе іх заўважыў вартаўнік, які паспрабаваў вывесці школьнікаў з тэрыторыі. У гэты момант адзін са школьнікаў ударыў [вартаўніка] нажом у спіну», – гаворыцца ў паведамленні СК.

Адзін са школьнікаў – 14-гадовы сын чыноўніка Жабінкаўскага райвыканкаму.

«Ён незаконна пранік на тэрыторыю нафтабазы ​​і выбіў вокны, каб трапіць у памяшканне і здзейсніць крадзеж. Выйшаў вартаўнік і паспрабаваў яго затрымаць, але сын чыноўніка нанёс некалькі ўдараў нажом. Да сэрца не хапіла двух сантыметраў», – распавяла «Белсату» крыніца знаёмая са справай.

У жабінкаўскай раённай больніцы паведамілі, што вартаўнік на другі дзень пасля гаспіталізацыі пачаў хадзіць.

Крыніца «Белсату» дадае, што на сына чыноўніка завялі крымінальную справу. «На следства аказваецца ціск з боку выканаўчай улады», – адзначыла крыніца«Белсату». Афіцыйнай інфармацыі пра тое, хто ўдарыў нажом вартаўніка жабінкаўскай нафтабазы пакуль няма. Таксама СК пакуль не паведаміў пра заведзеную крымінальную справу.

Паводле бацькі школьніка, дзеці прабраліся на тэрыторыю нафтабазы, каб палазіць па «лабірынтах». «Там нібыта ёсць нейкае падземнае сховішча», – распавёў TUT.BY мужчына.

Нагадаем, што 11 лютага старшакласнік напаў з нажом на настаўніцу і дзяцей у школе ў Стоўбцах. У выніку нападу памёр педагог і адзін школьнік. Два школьнікі атрымалі раненні.

Hавiны
Параненых падчас стаўбцоўскай разні дзяцей перавялі ў хірургічнае аддзяленне
2019.02.13 10:14

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў