Крымскіх татараў прыраўнялі да «Ісламскай дзяржавы»


Пракурор Крыму прыпыніла дзейнасць меджліса крымскіх татараў. Рашэнне аб прыпыненні было вынесена «у мэтах недапушчэння парушэння федэральнага заканадаўства», удакладніла пракурор Наталля Паклонская.

Яно базуецца на артыкулах 9 і 10 федэральнага закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці».

Рашэнне пракуратуры Крыму накіравана ў Мінюст Расеі для ўключэння меджліса ў агульны спіс грамадскіх і рэлігійных абʼяднанняў, дзейнасць якіх забаронена на тэрыторыі Расеі.

«Ім забараняецца карыстацца ўсімі дзяржаўнымі і муніцыпальнымі СМІ, яны не могуць праводзіць розныя публічныя масавыя мерапрыемствы, выкарыстоўваць банкаўскія ўклады і наагул праводзіць якую-небудзь працу. Уся іх прапаганда будзе забароненая», – цытуе ТАСС пракурора.

Рашэнне аб прыпыненні дзейнасці меджліса будзе дзеяць да вынясення рашэння Вярхоўнага суда Крыму па пазове Паклонскай.

Паклонская пагражала ліквідаваць меджліс яшчэ два гады таму.

У інтэрв’ю «Белсату» лідар крымскіх татараў распавёў пра прыцісненні карэннага народу паўвостраву.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў