Крымская праблема Лукашэнкі


Пяць гадоў таму, Расея захапіла Крымскі паўвостраў. Нават самыя блізкія хаўруснікі Крамля дагэтуль афіцыйна не прызналі далучэнне гэтай тэрыторыі да Расейскай Федэрацыі. Хаця рэгулярна гэтае пытанне ўздымаецца. Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка мусіў тлумачыць журналістам сваю пазіцыю пра непрызнанне паўвострава расейскім, пасля чаго атрымаў пахвалу ад прадстаўніка Дзярждэпу ЗША. Як доўга атрымаецца пакінуць пытанне падвешаным, і як жыве паўвостраў праз пяць гадоў пасля анексіі – у матэрыяле Усевалада Шлыкава.

Ці не галоўны хаўруснік, з якім Крэмль праводзіць рэгулярныя ваенныя гульні ды разам збіраецца супрацьстаяць пашырэнню NATO на Усход, не прызнае перамогі Масквы. З аднаго боку ў расейскай сталіцы нібыта і не надта пераймаюцца.

«Прызнанне – гэта заўсёды нейкі сяброўскі акт, які або хочуць зрабіць, або не. Калі гэта прыносіць нейкія страты, то могуць не прызнаваць. Уласна Лукашэнка казаў, што прызнанне магло прынесці нейкія фінансавыя страты», – кажа Алег Матвейчаў, палітолаг з Масквы.

Але на гэтак званай «Вялікай размове з кіраўніком Беларусі», гэтае падавалася б непрынцыповае пытанне прагучала. Прадстаўнік «Камсамольскай праўды» нагадаў пра пятую гадавіну гэтак званага рэферэндуму і запытаўся, ці не варта выканаць хаўрусніцкі абавязак? Лукашэнка адмахнуўся, маўляў – ну што гэта дасць?

«Гэта пройдзе ў Расеі вечаровай навіною, а на раніцу ўсе забудуць. Праўда ж? Забудуць і дзякуй не скажуць. На Захадзе – можа хтосьці заўважыць. У нас народ падумае, ну Лукашэнка, ну чаго ты ўлез у гэта – столькі часу прайшло. Ува Украіне скажуць – сабака, і плюнуць у мой бок», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
Павел Усаў: Вялікая размова па звыклых схемах
2019.03.01 16:40

Ува Украіне не ведаюць, што сказалі б Лукашэнку ў адказ на такі рух, але раяць пераймацца іншым.

«Гэта злачынства. І калі Лукашэнка прызнае гэтае злачынства – значыць, ён на баку злачынцаў. Гэта пытанне не пляўка ўкраінцам – гэта ўжо зусім іншае пытанне, як да таго паставяцца ўкраінцы. Прызнаўшы Крым расейскім, Лукашэнка стане часткаю гэтага злачынства», – упэўненая Эмінэ Джапарава, намесніца міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны.

А менавіта цяпер афіцыйнаму Менску зусім не патрэбнае ніякае напружанне ні на якім вектары вонкавай палітыкі. Бо падобна, што ўжо сёлета нас чакаюць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, кажа адмыслоўца.

Вольга Харламава, палітычны аглядальнік упэўненая:

«Таму нам трэба цягам году зрабіць так, каб усходні сусед не ўлез больш, чым ён ужо ўлез. А з другога боку, грошы трэба зарабляць, а таму добрае стаўленне Украіны – гэта добрае стаўленне Еўропы і ЗША».

ВІДЭА
Украінскі эксперт: З тэрыторыі Беларусі Расея можа ўдарыць па Львове і Луцку
2019.03.12 12:46

Днямі ў Бруселі разважалі пра вынікі пяці гадоў анексіі Крыму. У Еўропе рэферэндум усцяж лічаць злачынствам.

«Гэта не толькі крадзеж ува Украіны. Гэта частка глабальнага канфлікту з Еўрапейскімі і заходнімі каштоўнасцямі і ўдар супраць усяго Еўразвязу. Таму мы не можам дазволіць сабе прызнанне гэтай анексіі і мусім захаваць санкцыі супраць Расеі», – заяўляе Марк Дэмэсмаэкер, дэпутат Еўрапарламенту з Бельгіі.

У Маскве – паціскаюць плячыма, маўляў, прызнаваць ці не прызнаваць факт таго, што ў Крыму ўжо тры гады лунаюць расейскія трыкалоры – асабістая справа кожнага. І хваляцца дасягненнямі ў паляпшэнні ўзроўню жыцця на паўвостраве.

«Кожны раз, як бываю ў Крыму – заўсёды здзіўляюся, як хутка змяняецца паўвостраў. Гатовы адзін міжнародны аэрапорт, будуецца яшчэ адзін у Бельбеку. Ну, мы бачылі ўсе крымскі мост – цуд інжынернай тэхнікі – ну проста па міравым маштабам», – распавядае Алег Матвейчаў, маскоўскі палітолаг.

ВІДЭА
Літоўская віза для Лукашэнкі
2019.03.10 13:19

Дзякуючы інфраструктуры, Масква спадзяецца зрабіць Крым турыстычнаю Меккай. Масты і аэрапорты патрэбныя таксама для перакідвання войскаў. Але жыццё карэнных жыхароў не паляпшаецца.

«На пачатку акупацыі заробак настаўніка быў 25-30 тысяч рублёў. Сёння – восем. Пенсія пажылой асобы 24-30 тысячаў, сёння – 6. Яны адчулі на сабе, што такое «рускі мір». Заўсёды, калі людзі, што громка крычаць за рускі мір, не жывучы ў Расеі, я ім кажу – запрашаю», – дзеліцца Рыза Асанаў, крымскататарскі актывіст, праваабаронца.

Ідэалогія братэрства з Крамлём – гэта небяспечная зброя ў арсенале расейскай прапаганды. Распаўсюджваюць яе і ў Беларусі.

Эмінэ Джапарава, намесніца міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны ўпэўненая:

«Беларускаму народу трэба мець крытычнае мысленне. Трэба вельмі дакладна разумець, што тая гісторыя, той наратыў – тычацца не толькі Расеі ды Украіны. Гэта спроба Расеі аднавіць імперыю – той жа СССР, дзе Масква вырашала за ўсіх і ўсё».

З аднаго боку – пасля анексіі Крыму і вайны на Данбасе, у Менску пагрозу разумеюць. Асабліва цяпер, калі ў Маскве ўзгадалі пра рэальную інтэграцыю.

«І паводзіны змяніліся, і адчуванне змянілася. Калі да сітуацыі з Крымам, нягледзячы нават на Абхазію і Асетыю, прэзідэнт пачуваў сябе досыць бяспечна, ён быў упэўнены, што яго і Беларусь гэта ні ў якім выпадку не кране. Такой упэўненасці, у тым, што краіна захаваецца, суверэнітэт захаваецца – ужо няма», – кажа Вольга Харламава.

Гэтую няўпэўненасць мы чуем з высокай трыбуны.

«У гэтыя два гады, нас будуць вельмі моцна прабаваць на зуб», – заявіў у сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка.

Менск амаль нічога не робіць для павышэння імунітэту на такія тэсты. Відаць баяцца раздражняць хаўрусніка. Вырашылі нават перастрахавацца і паказаць што прыціснулі беларускіх «бандэраўцаў». Лукашэнка асабіста не дазволіў адсвяткаваць сто першыя ўгодкі БНР у цэнтры Менску. А згоду на Дзень Волі Злучаныя штаты называлі адной з умоваў поўнага адмену санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Канешне, да Вашынгтону далёка, а Масква яна тут побач, дыхае ў патыліцу.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25 на тэлеканале «Белсат». Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

 

Стужка навінаў