Крымінальны пераслед і злівы сілавікоў. 111-ы дзень пратэсту ў Беларусі


Адна з акцыяў пратэсту 27 лістапада.
Фота: belsat.eu

27 лістапада ў Беларусі падыходзіць да заканчэння чарговы дзень няспыннага паслявыбарчага пратэсту. Ён стаў 111-м.

Менавіта на сённяшні дзень выпала 100-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну – паўстання жыхароў Случчыны супраць бальшавікоў і за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.

Балаклавы не ратуюць?

Сёння стала вядома, што штаб Святланы Ціханоўскай падаў першую заяву на расследаванне злачынстваў сілавікоў у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Заява пададзеная ў генпракуратуру Літвы, бо літоўскі закон дазваляе праводзіць дасудовае расследаванне і сам суд, калі злачынства было здзейснена не ў Літве і падазраваны не знаходзіцца ў краіне. Абавязкова прысутнасць заяўніка, то бок ахвяры. І калі ў справе ёсць наўпроставыя доказы, суд паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі мае права вынесці прысуд.

Першая справа датычыць гвалту над прадпрымальнікам Максімам Харошыным, які раздаваў кветкі жанчынам, што пратэставалі. Чакаецца, што падобныя заявы будуць пададзеныя і ў іншых краінах.

Ініцыятыва By_Pol, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў усіх сілавых ведамстваў Беларусі, апублікавала ролік, змантаваны з запісаў з нацельных камер сілавікоў, зробленых гэтай восенню. На відэа бачныя збіццё ў аўтазаку, разгон пратэсту на вуліцы Арлоўская і затрыманні каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Таксама ініцыятыва апублікавала спісы «лепшых» супрацоўнікаў Менскага АМАПу, якіх узнагародзілі 24 лістапада. Тады сайт Менскага ГУУС выклаў іх фота без галоваў, не называліся таксама імёны.

Новыя адкрыцці ад Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка наведаў сёння раніцай 6-ю гарадскую клінічную больніцу ў Менску. Там ён, як заяўляецца, падтрымаў хворых на каронавірус і распавёў, як Польшча збіралася нібыта разваліць Беларусь. Таксама Лукашэнка распавёў пра сваё бачанне Канстытуцыі, якая не прадугледжвае выбарнасці прадстаўнікоў улады.

Апроч таго, ён у чарговы раз заявіў, што збіты да смерці Раман Бандарэнка быў п’яным, а аналізы, якія прадставілі доктар і журналістка, – сфальшаваны. Былі раскрытыкаваныя і акцыі салідарнасці «0 праміле», адна з якіх напярэдадні прайшла ў 6-й ГКБ.

Адзначым, што не ўсе паверылі ў праўдзівасць таго, што Лукашэнка наведваў чырвоную зону, дзе сапраўды ляжаць хворы на каронавірус. Ёсць сумневы і адносна пацыентаў. На гэта тэлеграм-канал «Пул Первого» адрэагаваў у дзіўнай, але ўласцівай яму манеры.

Варта дадаць, што па дарозе ў больніцы картэж Лукашэнкі быў сустрэты не зусім прыязна. А для яго аховы ў дварах была сабраная тэхніка сілавікоў, на дахах змясцілі снайпераў.

Акцыі працягваюцца

Пратэст між іншым, нягледзячы на чарговыя суды, у тым ліку паводле крымінальных справаў, працягвае трываць. Гэтак, нягледзячы на крытыку і заявы Лукашэнкі, працягваюцца акцыі «0 праміле».

Выходзяць беларусы і на традыцыйныя вечаровыя акцыі салідарнасці.

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Бахвалава («Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY). Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх. Куды пісаць:

  • Кацярына Бахвалава: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

МГ belsa.eu

Стужка навінаў