Следства прыйшло да высновы, што ў дзеяннях жанчыны прагледжваюцца прыкметы правапарушэння, а не крымінальнага злачынства, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па рэгіёне Святлана Сахарава.
«У сілу сваёй малазначнасці вытворчасць папярэдняга следства па крымінальнай справе падлягае спыненню. Для прыцягнення жанчыны да адміністратыўнай адказнасці матэрыялы перададзены ў органы ўнутраных спраў», – сказала яна.
Паводле яе слоў, следчымі прыняты ўсе меры па нівеляванні канфлікту – аднак жанчына ў катэгарычнай форме адмовілася прызнаць сваё правапарушэнне і тым больш пагаджацца з пацярпелым бокам, лічачы свой учынак нормай паводзінаў.
У сваю чаргу, жанчына, што зрэзала кветкі на клумбе ў шматпавярховіка ў Віцебску, раней распавядала, што ў тлумачэнні, дадзеным у міліцыі, сказала, што «абавязваецца той жанчыне пасадзіць па вясне куст. Яго кошт на самай справе ад 2,5 да 4 рублёў. Аднак альбо жанчыну не паставілі аб гэтым у вядомасць, альбо гэта яе не задаволіла».
Нагадаем, каля дома № 8 на вуліцы Медыцынскай ў Віцебску мама з 15-гадовай дачкой сарвалі з клумбы 25 кветак ачытка. Гэта заўважыла жыхарка першага паверха. Жанчына зняла «акт вандалізму» на камеру і напісала заяву ў міліцыю. Пасля праведзенай АУС праверкі матэрыял паступіў з пракуратуры Віцебска ў следства. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце рабавання, здзейсненага групай асобаў.
КА, belsat.eu, паводле tut.by