Крым без электрычнасці


У выніку сённяшняга выбуху знішчаныя дзве ўкраінскія лініі электраперадачаў, якія пастаўлялі энергію ў Крым.

Уначы на 22 лістапада на Херсоншчыне невядомыя падарвалі лініі электраперадачаў, што вядуць з Украіны ў Крым. «Укрэнерга» паведаміла, што сігнал пра адлучэнне дзвюх лініяў электраперадачаў, па 330 тыс. вольтаў кожная, паступіў у суботы а 23:20 (паводле менскага часу: у нядзелю а 00:20).

Энергазабеспячэнне Херсонскай вобласці Украіны адбываецца праз рэзервовыя схемы. Экспарт электрычнасці ў Крым цалкам спынены.

Міністэрства энергетыкі Расеі заявіла, што ўжо «праз 20 хвілінаў пасля аварыі Севастопаль быў падключаны да аварыйных крыніцаў сілкавання. 13 газатурбінных станцыяў рыхтуюцца да запуску».

Шматлікія крымскія прадпрыемствы маюць аўтаномнае электразабеспячэнне, таму, напрыклад, вакзалы, пераправы і сімферопальскі аэрапорт працягваюць працу. Цалкам без святла засталося жытло людзей, школы і дзіцячыя садкі.

Праз перабоі з энергазабеспячэннем у Севастопалі спыніўся рух тралейбусаў. Адміністрацыя заяўляе пра запуск дадатковых аўтобусаў.

«Мы былі вымушаныя адмовіцца ад тралейбусаў, хаця гэта вельмі запатрабаваны і сацыяльна значны транспарт. Але ён спажывае 25 МВт. У сітуацыі, калі Севастопаль забяспечаны электраэнергіяй толькі на 40 %, мы вымушаныя пайсці на гэты крок», – заявіў губернатар гораду Сяргей Мяняйла.

Гэта трэці выпадак разбурэння інфраструктуры электразабеспячэння за апошні час. Першы падрыў апоры адбыўся ў кастрычніку, другі – 17 лістапада. Тады дастава электрычнасці ў Крым не прыпынялася.

Учора ля падарваных пяць дзён таму апораў адбыліся сутычкі паміж крымскататарскімі актывістамі і ўкраінскім спецназам, 6 або 7 асобаў пацярпелі.[/vc_column_text][vc_single_image image=”43577″ img_size=”large”][vc_column_text]Татары называюць сваю акцыю «блакадаю Крыма». Відаць, такім чынам яны пратэстуюць супраць расейскай анексіі іхнага краю.

Крым не меў перабояў з энергіяй нават паўтара года таму, калі адбываўся расейскі захоп паўвострава, а таксама падчас самых зацятых баёў на Данбасе.

Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны паабяцала аднавіць адну з пашкоджаных ЛЭП за содні. Рамонтавыя брыгады ўжо працуюць на месцы.

ДД, «Белсат», фота: Podrobnosti, Ілля Ківа

Стужка навінаў