Крутое піке: як бізнес-імперыя Чыжа аказалася ў глыбокім крызісе


Юрый Чыж працяглы час лічыўся адным з найбольш уплывовых бізнесоўцаў краіны. Алігарх уваходзіў у найбліжэйшае кола Аляксандра Лукашэнкі, яго нават называлі «гаманцом» кіраўніка дзяржавы. Belsat.eu разбіраўся, які шлях прыйшлося прайсці алігарху і якія актывы ён страціў за апошнія гады.

У 2013 годзе Юрый Чыж узначаліў рэйтынг 200 самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў, які рэгулярна складае інтэрнэт-партал «Ежедневник». З тых часоў Чыж прайшоў праз крымінальны пераслед і скаціўся на 88-е места ў рэйтынгу.

Прынамсі да 2013 года Чыж быў адным з самых набліжаных да Лукашэнкі бізнесоўцаў. Чыж і Лукашэнка часта з’яўляліся разам на публіцы, у тым ліку на традыцыйных рэспубліканскіх суботніках. Лукашэнка нават ставіў Чыжа ў прыклад іншым прадстаўнікам бізнесу. Калі ў 2008-м алігарх прафінансаваў будаўніцтва лядовай арэны ў Бярозе, то Лукашэнка адзначыў:

«Юрый Чыж стаў піянерам у добрай справе. Я вельмі чакаю, што з яго возьмуць прыклад іншыя прадстаўнікі бізнесу».

У 2012 годзе ўрад узнагародзіў Чыжа Ганаровай граматай, а ў 2013 годзе алігарх атрымаў ордэн Айчыны III ступені асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа ордэнам. Крыніца – president.gov.by

Праз набліжанасць алігарха да Лукашэнкі ў 2012 годзе ЕЗ увёў супраць яго санкцыі з тлумачэннем, што «Чыж звязаны з прэзідэнтам і ягонымі сынамі і атрымлівае прэферэнцыі і падтрымку ад рэжыму, асабліва праз свой холдынг «Трайпл». Але ў 2015 годзе суд Еўразвязу адмяніў рашэнне Рады ЕЗ пра ўвядзенне санкцыяў супраць Юрыя Чыжа і ягоных прадпрыемстваў. Суд палічыў, што доказаў датычнасці бізнесоўцы да фінансавання рэжыму Лукашэнкі не хапае.

Няміласць і арышт

Цяжка сказаць, калі і чаму Чыж трапіў у няміласць. Аднак пра праблемы алігарха пачалі гаварыць з лета 2015 году пасля арышту «правай рукі» Юрыя Чыжа, саўладальніка «Трайпла» Уладзімера Япрынцава і ягонага сына Казбека. А ў сакавіку 2016 года арыштавалі і самога Чыжа, у офісе «Трайпл« прайшоў ператрус. Алігарха звінавацілі ва ўхіленні ад нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Крыніца – REUTERS/Vasily Fedosenko/FORUM

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык распавядаў, што з 2012 года Чыж абнаяўніваў і адводзіў ад падаткаабкладання сродкі праз маскоўскую фірму. Калі ў офісе «Трайпл» адбыўся ператрус. Чыж нібыта спрабаваў збегчы з краіны – бізнесовец на хуткасці 220 кіламетраў у гадзіну рухаўся спачатку ў бок літоўскай, а затым – польскай мяжы. Для яго затрымання ўводзіўся план «Перахоп», казалі ў КДБ. Але самае цікавае было ў іншым: калі верыць КДБ, раней Чыж сам напісаў данос на свайго партнёра Уладзімера Япрынцава, а той у сваю чаргу падчас следства даў паказанні на Чыжа, што і стала падставаю для крымінальнага пераследу.

У верасні 2016 года Чыжа вызвалілі з СІЗА КДБ – чэкісты адзначылі, што падазраваны прызнаў віну і кампенсаваў шкоду (суму шкоды ацэньвалі ў 12 мільёнаў долараў). Суда над Чыжом гэтак і не адбылося. У 2017 годзе Чыжа ізноў заўважылі ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі: алігарх быў запрошаны на ўрачысты прыём з нагоды 20-годдзя хакейнай каманды прэзідэнта Беларусі. Але бізнес алігарха ўсе роўна імкліва ішоў на спад.

Урачысты прыём з нагоды 20-годдзя хакейнай каманды Лукашэнкі. Чыж – трэці злева. Крыніца – president.gov.by

«Кампаніі Чыжа падобныя на нашу дзяржаўную прамысловасць»

Складальнік рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі Вадзім Сяховіч у размове з belsat.eu адзначыў, што крымінальны пераслед Чыжа ў 2016 годзе – не галоўная прычына крызісу бізнес-імперыі алігарха.

«Асноўная прычына – у эканоміцы. Ягоныя кампаніі працавалі па старых метадах, карысталіся рознымі дзяржаўнымі прэферэнцыямі, як набліжаны да ўлады бізнес. Кампаніі Чыжа падобныя на нашу дзяржаўную прамысловасць – яны не змаглі перайсці на новыя ўмовы працы, калі зменшылася дзяржаўная падтрымка. Арышт і рэструктурызацыя бізнесу – гэта ўжо дадатковыя фактары», – кажа журналіст «Ежедневника».

Эпапея з гатэлем «Кемпінскі» каля менскага цырку – цудоўны прыклад тых прэферэнцыяў, якімі карыстаўся Чыж. Гатэль пачала будаваць даччыная структура групы кампаніяў «Трайпл» алігарха Юрыя Чыжа –«Elite Estate JLCC company». Фірма атрымала надзвычайныя льготы адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі ад 11 траўня 2010 года. Здаць аб’ект планавалася яшчэ да 1 траўня 2014 года, аднак у Юрыя Чыжа ўзніклі фінансавыя цяжкасці і будоўлю замарозілі. У выніку праект аддалі расейскаму «Сбербанку». Долю «Elite Estate JLCC company» расейцы выкупілі за сімвалічную суму ў 1,99 беларускага рубля (на той момант у праект ужо было ўкладзена каля $100 млн).

Будынак у Белдзяржцырка на беразе Свіслачы – так званы не-кемпінскі. Belsat.eu

«Кемпінскі» – не адзіны праект, які страціў Чыж за апошнія гады. Алігарх таксама адмовіўся ад праекту пабудовы гатэлю сеткі «Holiday Inn» на Нямізе – зямля пад забудову ў свой час была выдзеленая кампаніі «Трайпл». Зямлю адабралі і ў 2017-м участак выставілі на аўкцыён.

Паводле Сяховіча, Чыж праз недахоп рэсурсаў быў вымушаны адмовіцца ад забудовы тэрыторыі былой фабрыкі ім. Крупскай (вельмі перспектыўны ўчастак пад Драздамі ў выніку адышоў кампаніі «Айран»). Былі згорнуты праекты ў галіне транспартнай лагістыкі, а таксама шэраг замежных праектаў.

Вадзім Сяховіч адзначае, што за апошнім часам ніякіх бонусаў ад дзяржавы бізнес Чыжа не атрымліваў.

«Сітуацыя з «Дынама» паказвае, што ад гэтых прэферэнцыяў ужо нічога не засталося», – дадае ён.

Цягам апошніх трох гадоў «Трайпл» працуе ў мінус: у 2018 годзе чыстыя страты кампаніі склалі 5065 тысяч рублёў, у 2017 годзе яны былі 9321 тысяч, а ў 2016-м – 38 832 тысячы. Падатковая ўнесла «Трайпл» у спіс юрыдычных асобаў, што маюць запазычанасць перад бюджэтам краіны. Цяпер у Чыжа шмат даўгоў, значная частка маёмасці знаходзіцца ў закладзе. Гэтак гіпермаркеты «ProStore» на вул. Каменагорскай і праспекце Дзяржынскага Чыж яшчэ ў 2016 годзе прадаў «БПС-Сбербанку», а гандлёвы цэнтр «Арэна-Сіці» – «Белаграпрамбанку».

Сяховіч лічыць, што 55-гадовы алігарх працягне прадаваць свае актывы і будзе імкнуцца скараціць выдаткі. У гэтым сэнсе страта «Дынама» нават на карысць Чыжу, бо не прывяла да дадатковых выдаткаў.

«Так, Чыж мог зарабіць (на продажы акцыяў) 500 тысяч долараў. Але тое, што не зарабіў – гэта не страшна. Бо забяспечваць клуб было даволі складана, ён так і не стаў бізнес-праектам», – адзначае журналіст.

Суддзя зачытвае рашэнне наконт акцыяў ЗАТ ФК «Дынама-Менск»

Але Чыж страціў далёка не ўсё. Сяховіч адзначае, што ў Чыжа ўсё роўна застаецца даволі шмат актываў – у тым ліку такія буйныя кампаніі, як «Данпрод» або «Трайплфарм». Напрыклад, летась «Данпрод» заняў 6-е месца ў спісе самых эфектыўных свінагадоўчых гаспадарак Беларусі.

Нагадаем, эканамічны суд Менску 22 траўня пастанавіў скасаваць рашэнне ад 1999 года аб выпуску акцыяў ЗАТ ФК «Дынама-Менск», большасцю з якіх валодала кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа. Такім чынам Чыжа пазбавілі маёмасці на суму амаль у 500 тысяч долараў – прынамсі за такую суму нядаўна быў гатовы прадаць свой пакет акцыяў алігарх.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў