«Крумкачы» мяняюць назву, інакш яны не змогуць згуляць у першай лізе


Аб рашэнні змяніць назву «Крумкачы» абвесцілі на сваім афіцыйным сайце. Новую назву клубу прыдумаюць прыхільнікі каманды, як будзе называцца сталічны калектыў вырашыцца яшчэ да навага году.

На пачатку гэтага году «Крумкачы» не прайшлі ліцэнзаванне і былі выключаны з вышэйшай лігі. Але, дзякуючы сваім заўзятарам, быў зарэгістраваны ды заяўлены ў другую лігу новы юрыдычны абʼект – НФК «Крумкачы». Развіццём новага праекту заняліся вядомы піяніст Юры Бліноў і галкіпер каманды Яўген Кастюкевіч. Каманда заявілася ў другую лігу і з першай спробы разам з берасцейскім «Рухам» пайшла на павышэнне. І вось тут і ўсплылі падводныя камяні. Трэці беларускі дывізіён аматарскі, а каб гуляць у вышэйшым або ў першым дывізіёне клуб павінен стаць сябрам Беларускай федэрацыі футболу, а адзін клуб з назвай Крумкачы той, што зарэгістраваны на былога гаспадара клубу Дзяніса Шунто ўжо з’уяўляецца сябрам БФФ.

У статуце БФФ прапісана, што два клубы з адной назвай не могуць быць сябрамі арганізацыі, а значыць выступаць у чэмпіянаце Беларусі сярод каманд першай і вышэйшай лігі.

«Каб згуляць у наступным годзе ў чэмпіянаце Беларусі сярод каманд першай лігі наш клуб быў вымушаны заняцца пытаннем змены назвы. Таму мы абвясцілі конкурс на новую назву каманды. На дадзены момант самыя папулярныя варыянты «Зграя» і «Фенікс» « – распавёў «Белсату» прэс-сакратар менскай каманды Сяргей Южык.

«У любым выпадку назва клубу будзе беларускамоўнай, таксама ў наступным годзе ў каманды будзе новы сайт, на які абавязкова вернецца беларуская мова», – запэўніў Сяргей Южык.

СА

Стужка навінаў