Кроў у Чорным садзе – за што ваююць Азербайджан і Арменія?

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Ранкам 27 верасня пачаліся баявыя дзеянні паміж Азербайджанам і армянскімі войскамі на лініі размежавання ў закаўказскім рэгіёне Нагорны Карабах. Гэта ўжо другі выпадак абвастрэння крывавага этнапалітычнага канфлікту, які ў пачатку 1990-х гадоў прывёў да гібелі каля 20.000 чалавек. Як пачалася тая вайна, і чаму яна дагэтуль забірае жыцці?

Гісторыя супрацьстаяння

Назва Карабах існуе з 14 стагоддзя паходзіць з цюркскага слова «кара» – чорны, і персідскага «баг» – сад. Армяне і азербайджанцы аспрэчваюць гістарычную прыналежнасць рэгіёна, але вядома, што ў пачатку 20 стагоддзя армяне складалі тут большасць, і гэтая зямля неаднаразова рабілася арэнай узброеных канфліктаў паміж армянамі і азербайджанцамі.

Пад уладай Саветаў рэгіён трапіў пераважна ў склад Азербайджанскай ССР, аднак з-за свайго пераважна армянскага этнічнага складу атрымаў аўтаномію.

Тэрыторыі, якія зараз займаюць Арменія, Азербайджан і НКР. Крыніца wikimedia.org

Нацыянальныя супярэчнасці рэзка абвастрыліся ў перыяд заняпаду СССР, адначасова голасна сталі гучаць прапановы перадачы Нагорна-карабахскай аўтаномную вобласць (НКАВ) у склад Арменіі. Гэтыя прапановы сталі нагодай да міжэтнічных сутыкненняў, а потым да жорсткіх антыармянскіх пагромаў у некаторых гарадах Азербайджана ў 1988 годзе.

Снайпер на лініі размежавання армянскіх і азербайджанскіх войск. Крыніца newcaucasus.com

Пагромы, асабліва падзеі ў Сумгаіце, дзе загінулі як мінімум 32 чалавекі, і пазней у 1990-м годзе ў Баку, дзе загінула як мінімум 90 чалавек, зрабілі ўзаемны гвалт яшчэ больш вострым, людзі пачалі браць у рукі зброю, а міліцыя і войскі СССР аказаліся няздольнымі суцішыць канфлікт.

У 1991 годзе пачаліся сапраўдныя баі паміж неафіцыйнымі азербайджанскімі і армянскімі ўзброенымі фармаваннямі. Пасля таго, як Арменія і Азербайджан абвесцілі незалежнасць і атрымалі запасы зброі войск СССР, гэтыя баі перараслі ў сапраўдную адкрытую вайну.

Чаму армяне перамаглі?

Фармальна Арменія не ўдзельнічала ў вайне – афіцыйна супраць азербайджанскай арміі ваявалі сілы Нагорна-карабахскай Рэспублікі (НКР). Такім чынам, здавалася б, Азербайджан, маючы больш тэрыторыі, эканамічных рэсурсаў і насельніцтва, меў яўную вайсковую перавагу.

Аднак у выніку адкрытай вайны, якая цягнулася з 1992 па 1994 год, перамаглі карабахскія армянскія ўзброеныя фармаванні.

Азербайджанскія ўцекачы з Карабаху. Фота wikimedia.org

Менавіта армянам атрымалася больш эфектыўна выкарыстаць для стварэння сваёй арміі армян-афіцэраў і генералаў Савецкай арміі, арганізаваць падрыхтоўку новых кадраў і ўзаемадзеянне паміж рэгулярнымі войскамі і мясцовымі атрадамі самаабароны, адзначае азербайджанскі ваенны гісторык Мамед Велімамедаў.

У траўні 1994 года бакі падпісалі пагадненне пра спыненне агню. НКР засталася непрызнанай дзяржавай пад фактычным пратэктаратам Арменіі.

У выніку вайны, падчас якой абодва бакі практыкавалі этнічныя чысткі, пад кантролем НКР засталося 92,5% былой НКАВ і частка тэрыторыі ўласна Азербайджана. Адбыліся маштабныя міграцыі мірнага насельніцтва – армяне беглі з Азербайджану, азербайджанцы з Арменіі і тэрыторыі НКР.

Тэрыторыя адкладзенай вайны

Канфлікт зараз знаходзіцца ў «замарожанай» фазе, аднак на лініі размежавання даволі рэгулярна адбываюцца сутычкі і абстрэлы.

Абедзьве краіны назапашваюць зброю на выпадак аднаўлення баявых дзеянняў, пры гэтым Азербайджан за кошт вялікіх нафтавых прыбыткаў звычайна купляе больш сучасную тэхніку, а Арменія карыстаецца больш шчыльнымі стасункамі з Расеяй.

У 2016 годзе Расея паставіла Арменіі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр-Э» з дальнасцю дзеяння да 280 км. Такім чынам Арменія атрымала заўважную перавагу над Азербайджанам у сферы высокадакладнай ракетнай артылерыі. Азербайджан у сваю чаргу стаў шукаць спосабы парыраваць гэтую пагрозу – і пачаў набываць беларускія дальнабойныя РСЗА «Паланэз».

Гелагаеў Аляксандр

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Тэгі:

Больш матэрыялаў