Кроў, «фашысты» і Васіль Быкаў. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 30 гадоў


Belsat.eu да 101-ай гадавіны абвешчання БНР распавядае, як святкавалі Дзень Волі з 1989 да 2018 года.

Упершыню вулічная акцыя, прымеркаваная да гадавіны абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі, адбылася ў Менску ў 1989 годзе. Тады студэнт тэатральнага інстытуту Алесь Пушкін разам з сябрамі зладзіў палітычны перформанс: яны трымалі бел-чырвона-белы сцяг, папяровага бусла і 71 паветраны балонік. Пушкіна і яшчэ 35 чалавек тады арыштавалі. З таго часу тыя ці іншыя вулічныя мерапрыемства, прымеркаваныя да дня абвяшчэння БНР, адбываюцца ў Менску штогод.

У першыя гады незалежнасці Дзень Волі фактычна быў пазбаўлены пратэстнага зместу – гэта было перш за ўсё свята, а не палітычная акцыя. Бел-чырвона-белы сцяг меў статус дзяржаўнага, а ва ўрачыстых мерапрыемствах прымалі ўдзел афіцыйныя асобы – напрыклад, у 1993-м віншаваў удзельнікаў Дня Волі тагачасны кіраўнік краіны, старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Праўда, вялікай колькасці ўдзельнікаў Дня Волі тады не назіралася – з 1990 па 1995 год на вулічныя акцыі выходзілі ад 1 да 3 тысяч чалавек.

Сітуацыя змянілася ў 1996 годзе. У 96-м дэманстрацыя на Дзень Волі стала пачаткам так званай «менскай вясны» – шэрагу масавых акцыяў пратэсту з патрабаваннямі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і скасавання ягонага курсу на інтэграцыю з Расеяй. Абарона незалежнасці краіны ад расейскай пагрозы – галоўны лозунг акцыі апазіцыі, што адбылася 24 сакавіка 1996 года. Арганізатарам дэманстрацыі выступіў БНФ, грамадскі камітэт узначаліў Васіль Быкаў. Паводле розных ацэнак, ад 20 да 50 тысяч чалавек прайшлі шэсцем ад плошчы Незалежнасці (збор адбываўся каля Галоўпаштамту) да Опернага тэатру, дзе адбыўся мітынг. На мітынгу ў тым ліку выступалі Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч.

Ужо на перакрыжаванні праспекту Незалежнасці (у тыя часы – праспекта Скарыны) і вуліцы Валадарскага людзі выйшлі на праезную частку і прарвалі некалькі ланцугоў міліцыі. Сутычкі праваахоўнікаў і мітынгоўцаў адбыліся каля тэлецэнтру, куды дэманстранты пайшлі пасля мітынгу, каб дамагчыся наўпроставага эфіру для лідараў апазіцыі. Аднак прарвацца ў тэлецэнтр не атрымалася. Пасля сканчэння акцыі АМАП нападаў на асобныя групы людзей, што ўжо разыходзіліся. Асабліва жорсткі напад сілавікоў адбыўся каля будынку КДБ – праваахоўнікі ўжылі дубінкі і газ. Каля 30 чалавек былі арыштаваныя, многія моцна збітыя, у тым ліку жанчыны і старыя.

Масавая акцыя ў абарону незалежнасці выклікала вялікі рэзананс, у тым ліку на Захадзе. Лідары апазіцыі пазней сцвярджалі, што «менская вясна» ўратавала Беларусь ад аншлюсу Расеяй. Некаторыя заходнія газеты таксама пісалі, што «менская вясна» прымусіла Маскву даць задні ход у пытаннях інтэграцыі.

З 1997 па 2000 год акцыі на Дзень Волі таксама мелі характар жорсткага і бескампраміснага супрацьстаяння з уладамі. 23 сакавіка 1997 года ў дэманстрацыі прынялі ўдзел каля 7 тысяч чалавек. Мірнае шэсце на праспекце Скарыны было брутальна разагнанае сілавікамі, адбыліся сутычкі з міліцыяй. Праз жорсткасць сілавікоў дэманстранты скандавалі ў іх бок «фашысты». У выніку больш за сотню мітынгоўцаў затрымалі, супраць 5-х актывістаў распачалі крымінальныя справы паводле артыкулу «хуліганства».

У 1998 годзе Дзень Волі зноў праходзіў па лозунгамі абароны незалежнасці Беларусі ад Расеі – акцыя адбывалася напярэдадні падпісання Саюзнай дамовы. На вуліцы 22 сакавіка выйшлі каля 10 тысяч чалавек. Дэманстранты прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатру. Пасля завяршэння мітынгу некалькі сотняў маладых людзей спрабавалі пайсці ў боку будынку Адміністрацыі прэзідэнта, але каля цырку іх спыніў міліцэйскі спецназ. Адбыліся сутычкі. У 1999 годзе ў дэманстрацыі на Дзень Волі прынялі ўдзел каля 8 тысяч чалавек.

У 2000-м у Менску на акцыю, што распачалася на плошчы Якуба Коласа, выйшлі больш за 10 тысяч чалавек і гэта пры тым, што ўлады сканцэнтравалі ў цэнтры гораду вялікую колькасць сілавікоў і зладзілі масавы «хапун». Уздоўж праспекту Незалежнасці (тагачасны праспект Скарыны) праз кожныя 10-12 метраў дзяжурылі міліцыянты, у дварах стаялі бронетранспарцёры і вадамёты. Вуліцы патрулявалі праваахоўнікі з сабакамі. Агулам сілавікі затрымалі каля 500 чалавек, у тым ліку 36 журналістаў. Штурмам была ўзятая штаб-кватэра БНФ. Аднак нягледзячы на рэпрэсіі дэманстранты дзвюма калонамі прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Бангалор, дзе і адбыўся мітынг.

Цікава, што ў канцы 90-х – пачатку 2000-х пратэсты на Дзень Волі – гэта не толькі Менск. Напрыклад, у 2000-ым годзе мітынгі і пікеты на Дзень Волі адбыліся ў Магілёве, Віцебску, Берасце, Лідзе, Бабруйску, Баранавічах, Смаргоні, Наваполацку ды інш. Імідж другога цэнтру апазіцыйнага жыцця тады мела Горадня. Пратэстныя акцыі на Дзень Волі ў гэтым абласным цэнтры збіралі па некалькі тысяч чалавек: напрыклад, у 1997-м выйшлі на дэманстрацыю 3 тысячы чалавек, у 2000-ым і 2001-ым – па 2 тысячы.

На пачатку 2000-х масавасць святкавання Дня Волі пайшла на спад, а пратэстоўцы цяпер стараліся пазбягаць сутычак з сілавікамі. У 2001-ым адзначыць абвяшчэння БНР у Менску выйшлі каля 5 тысяч чалавек. Пратэстоўцы сабраліся на Юбілейнай плошчы і прайшлі шэсцем да стэлы «Горад-герой» па праспекце Машэрава (цяперашні праспект Пераможцаў), дзе адбыўся кароткі мітынг. Сам праспект перакрыў АМАП, каб пратэстоўцы не рухаліся да цэнтру горада. Потым адбыліся кропкавыя затрыманні.

Ужо ў 2002-м святкавалі Дзень Волі ў Менску не больш за 2 тысячы чалавек. Фармат быў максімальна неканфліктны: апазіцыя ў скверы Янкі Купалы арганізавала святочны канцэрт, людзі ўскладалі кветкі да помніку паэту. Пры гэтым прайсці да помніку Якубу Коласу міліцыя не дала – праспект быў ачэплены. Па завяршэнні акцыі, калі людзі выходзілі з парку на праспект, да сотні чалавек затрымалі.

Дзень Волі-2008. Фота – ITAR-TASS /Vadim Rymakov

У 2003-м лік удзельнікаў ішоў толькі на сотні. Да таго ж сярод арганізатараў адбыўся раскол. 23 сакавіка актывісты КХП-БНФ зладзілі шэсце па праспекту Скарыны, а 25 сакавіка сваю акцыю на плошчы Якуба Коласа арганізавала Партыя БНФ. Абедзве акцыі суправаджаліся затрыманнямі, дэманстрантаў разагнаў АМАП. У 2004-м акцыя, якую планавалась правесці на плошчы Свабоды, фактычна наагул не адбылася. Усіх, хто прыходзіў (не больш за 100 чалавек), затрымлівала або выціскала з плошчы міліцыя. 12 чалавек трапілі пад адміністратыўны пераслед. Цікава, што тады ў «зачыстцы» прымалі ўдзел шэраг міліцыянтаў з РФ, якія знаходзіліся ў Беларусі на стажыроўцы.

У 2005-м Дзень Волі быў адзначаны «рэвалюцыяй» Андрэя Клімава – былога прадпрымальніка і дэпутата Вярхоўнага савету 13-га склікання. Натхненны «памаранчавай» рэвалюцыяй ва Украіне, Клімаў абвясціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 года. Аднак на заклік палітыка на Кастрычніцкую плошчу прыйшлі толькі 2 тысячы чалавек. Актывістаў выціснуў з плошчы АМАП, больш за дзясятак чалавек затрымалі. У чэрвені таго ж года Андрэя Клімава за «рэвалюцыю» пакаралі годам і шасцю месяцамі абмежавання волі.

У 2006-м Дзень Волі стаў апошнім акордам Плошчы. 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы з’явіўся намётавы лагер пратэстоўцаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў і заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі. Увечары 23 сакавіка лагер быў знішчаны сілавікамі, пратэстоўцаў затрымалі. 25 сакавіка апазіцыя спрабавала зноў зладзіць мітынг на Кастрычніцкай плошчы, але плошча была ачэплена міліцыяй. У выніку пратэстоўцы (каля 10 тысяч чалавек) сабраліся ў скверы Янкі Купалы. Кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін заклікаў дэманстрантаў пайсці да сценаў ізалятара на вуліцы Акрэсціна, дзе на той момант знаходзіліся затрыманыя ўдзельнікі намётавага лагеру.

З Казуліным пайшлі прыкладна 2-3 тысячы чалавек. На ўчастку каля Тэатру музычнай камедыі і будынку адміністрацыі Маскоўскага раёну шэсце жорстка разагнаў АМАП і ўнутраныя войскі. Сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, святлашумавыя гранаты, дубінкі і слёзаточывы газ. Больш за 100 чалавек затрымалі, у тым ліку Казуліна. Палітыка прыцягнулі да крымінальнай адказнасці і пасадзілі на 5,5 гадоў.

У наступныя гады ўлада захоўвала сваю лінію жорсткага стаўлення да ўдзельнікаў Дня Волі. У 2007-м апазіцыя планавала зладзіць акцыю ў Дзень Волі на Кастрычніцкай плошчы, аднак улады забаранілі правядзенне мерапрыемства ў цэнтры горада. Сілавікі перакрылі Кастрычніцкую плошчу, на станцыях метро «Кастрычніцкая-Купалаўская» не спыняліся цягнікі. Перад акцыяй адбыліся прэвентыўныя затрыманні, былі заблакаваныя сайты незалежных СМІ. Між тым, на дэманстрацыю выйшлі ад 5 да 7 тысяч чалавек. Акцыю міліцыя разагнала, да 70 чалавек затрымала. У 2008-м сілавікі зноў заблакавалі месца правядзення акцыі – цяпер плошчу Якуба Коласа. У выніку пратэстоўцы пачалі збірацца каля Акадэміі навук, адкуль іх выціскалі амапаўцы. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел да 4 тысяч чалавек. Больш за сотню дэманстрантаў затрымала міліцыя, некаторых моцна збілі.

У 2009-м у Беларусі пачалася так званая «лібералізацыя» – Лукашэнка вырашыў наладзіць стасункі з Захадам. Таму Дзень Волі ў тым годзе абышоўся без брутальных дзеянняў міліцыі. Апазіцыя зладзіла мітынг каля Акадэміі навук, куды прыйшлі 2-3 тысячы чалавек. Некаторыя актывісты палілі партрэты Лукашэнкі. Пасля завяршэння мітынгу маладзёвыя актывісты вырашылі прайсці шэсцем да плошчы Якуба Коласа, спрабавалі выйсці на праезную частку. Аднак шлях ім перакрылі ланцугі амапаўцаў. Амаль тое ж самае адбылося ў 2010-м: зноў мітынг ля Акадэміі навук (больш за 2 тысячы ўдзельнікаў), зноў спроба групы маладзёвых актывістаў зладзіць шэсце (цяпер у бок плошчы Перамогі), і зноў шлях ім перакрыў АМАП. Аднак абышлося без сутычак і затрыманняў.

У 2011-м, на хвалі рэпрэсіяў пасля Плошчы-2010, вулічныя акцыі фактычна не адбыліся. Апазіцыя падала заяўку на шэсце ад плошчы Якуба Коласа да скверу Янкі Купалы, аднак улады не далі на гэта дазвол. У выніку частка актывістаў проста пайшла ўскладаць кветкі да помніку Янку Купалу, а частка ўсё ж спрабавала сабрацца на плошчы Якуба Коласа. Аднак абедзве кропкі збору перакрылі сілавікі. Агулам цягам дня затрымалі каля 50 актывістаў у Менску і каля 20 у рэгіёнах. Адзначыць Дзень Волі ў сталіцы спрабавалі не больш за 200 чалавек.

У 2012-2016 гг. акцыі адбываліся ў фармаце, што быў санкцыянаваны гарадскімі ўладамі: збор каля кінатэатру «Кастрычнік» і шэсце да Парку дружбы народаў. Дэманстранты звычайна не адхіляліся ад зацверджанага маршруту, аднак кропкавыя затрыманні ўсё ж адбываліся. У 2012-м на Дзень Волі нечакана прыйшло каля 4-5 тысяч чалавек. З 2014 па 2016 цягам трох гадоў у мітынгах-шэсцях прымалі ўдзел каля тысячы чалавек. Такі фармат усім надакучыў – у 2016-м дэманстранты нават не захацелі даходзіць да Парку дружбы народаў, а разышліся каля ўніверсаму «Рыга».

Затое ў 2014-2016 гг. да традыцыйнай тэматыцы Дня Волі дадалася салідарнасць з Украінай. У 2015-м упершыню маладзёвыя актывісты выкарысталі крычалку часоў Майдану «Хто не скача – той маскаль».

У 2017-м святкаванне Дня Волі супала з пратэстамі недармаедаў. Напярэдадні Дня Волі сілавікі прэвентыўна затрымалі больш за 300 чалавек, 26 чалавек сталі фігурантамі «справы патрыётаў», сфабрыкаванай КДБ. 25 сакавіка ў цэнтр горада была сканцэнтраваная вялікая колькасць міліцыі і ўнутраных войскаў, сцягнутая спецтэхніка (вадамёты, штурмавыя аўтамабілі, армейскія бронемашыны). Тры станцыі метро былі перакрытыя, цэнтр гораду ачапіла міліцыя. Усіх, хто падыходзіў да месцу збору (пляцоўка ля Акадэміі навук), затрымлівалі. У выніку людзі, якія жадалі прыняць удзел у акцыі, пайшлі па праспекце з боку Кастрычніцкай плошчы, але праспект цалкам перакрыў міліцэйскі спецназ са шчытамі. Адбылася брутальная «зачыстка»: больш за 700 чалавек затрымалі, некаторыя былі моцна збітыя.

ВІДЭА
Улады разагналі шэсце на Дзень Волі. Онлайн
2017.03.25 16:35

У 2018-м галоўная акцыя на Дзень Волі мела выключна святочны фармат, без пратэстнага мітынгу. Ля Опернага тэатру адбыўся вялікі канцэрт, які быў санкцыянаваны ўладамі. «Свята незалежнасці» наведалі да 30 тысяч чалавек.

Паралельна Мікалай Статкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці на плошчу Якуба Коласа ў Менску, каб потым прайсці шэсцем да Опернага тэатру і далучыцца да святкавання. Аднак пратэстная акцыя Статкевіча дэ-факта не адбылася: усіх, хто прыходзіў на плошчу Якуба Коласа ў прызначаны час, проста кідалі ў аўтазакі. Арганізатары, у тым ліку Статкевіч, былі затрыманыя прэвентыўна. Агулам у Дзень Волі міліцыя затрымала каля 110 чалавек (у тым ліку 5 журналістаў «Белсату»), аднак усіх вызвалілі ў той жа дзень.

ВІДЭА
«Тварам да сцяны, рукі за спіну». Як журналістка «Белсата» сустрэла Дзень Волі ў аўтазаку
2018.03.26 10:20

Ігар Ільяш, belsat.eu

 

Стужка навінаў