Крэмль вядзе сваю гульню. Эксперты адказалі, чаму Беларусь ніяк не атрымае расейскі крэдыт

Беларусь дагэтуль не атрымала расейскі крэдыт, які больш як два тыдні таму – 14 верасня – абяцаў Аляксандру Лукашэнку ў Сочы Уладзімір Пуцін.

Як паведаміў 29 верасня кіраўнік Мінфіну Беларусі Юрый Селіверстаў, Менск нават прыкладна не ведае, калі будзе атрыманы крэдыт. Беларускія ўлады толькі разлічваюць высветліць у бліжэйшы час тэрміны атрымання $ 1,5 млрд, паведамляе РИА Новости.

«Калі будзе яснасць (пра тэрміны атрымання сродкаў. – Рэд. Belsat.eu), я скажу», – сказаў міністр, закранаючы тэму атрымання расейскага крэдыту.

Адказваючы на пытанне, ці наступіць гэтая яснасць у бліжэйшы час, ён заявіў, што «вядома, хутка будзе». Таксама ў бліжэйшы час можа адбыцца паседжанне Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, які мае вылучыць Беларусі трэцюю частку крэдыту.

Спальваць ЗВР доўга не атрымаецца. Куды пойдзе расейскі крэдыт?

Як раней паведамлялі «Белсату» беларускія эканамісты, абяцаны крэдыт «дастаткова хутка скончыцца», бо пойдзе на аплату запазычанасці перад «Газпромам» і перад урадам Расеі. Аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха адзначаў, што расейскія крэдыты акажуць падтрыманне ЗВР і дадуць пэўную перадышку ўладам Беларусі толькі пры ўмове, што паступяць у найбліжэйшыя часы, а кансультацыі паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі ды Расеі не зацягнуцца.

Але Крэмль не спяшаецца з вылучэннем крэдыту. Хоць расейскія ўлады працягваюць падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку на словах.

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня 2020 г. Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

Аналітык BISS Кацярына Шмаціна ў каментары belsat.eu адзначыла, што «Расея не аказвае фактычнай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі зараз, калі ёсць верагоднасць, што ён не ўтрымаецца ва ўладзе».

«Пакуль падтрымка Масквы – на ўзроўні рыторыкі. Выглядае, што Пуцін набывае час, назіраючы за ходам падзеяў і разлічваючы найбольш выгодны варыянт: акрамя падтрымкі Лукашэнкі, ёсць іншыя сцэнары – падтрымаць пераход улады, медыяцыю з удзелам АБСЕ. Гэта дазволіць Расеі палепшыць свой міжнародны імідж, прадставіць Расею як адказнага міжнароднага актара ў вачах Захада», – заявіла яна.

Картэж Лукашэнкі на вуліцах Менску, 23 верасня 2020 г. Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

На яе думку, сама размова пра выдзяленне грошай «была публічнай нагодай для сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, хаця сама сустрэча хутчэй за ўсё мела мэтай абмеркаванне крызісу ў Беларусі і стратэгіі Лукашэнкі».

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі таксама мяркуе, што, нягледзячы на рытарычную падтрымку, Крэмль па сутнасці навязвае Беларусі пэўны фармат вырашэння палітычнага крызісу, які, паводле яго, прадугледжвае агульнанацыянальны дыялог і канстытуцыйную рэформу, у выніку якіх Лукашэнка страчвае ўладу.

«Таму я б не надаваў увагу той рыторыцы, якую мы чуем з вуснаў расейскіх афіцыйных асобаў», – заявіў эксперт.

Ён нагадаў, што Крэмль ацэньвае падзеі ў Беларусі як глыбокі палітычны крызіс, пра што ўжо казалі і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, і прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў і сам Уладзімір Пуцін. На думку аналітыка, Крэмль не спяшаецца з тым, каб падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку на практыцы.

«І такая паўза з наданнем крэдыту можа разглядацца як інструмент ціску на яго», – адзначыў Сівіцкі.

Ён нагадаў, што расейскі крэдыт складаецца з трох частак, дзве з якіх дасць Расея (адну Беларусь мае атрымаць у 2020 годзе і адну ў 2021-м) і адну Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў 2020 годзе. Але Беларусь дагэтуль не атрымала апошні транш ад ЕФСР у $ 200 млн у межах мінулай праграмы супрацы, бо не выканала ўмовы.

«Таму, калі здолее беларускі бок дамовіцца і на якіх умовах, пытанне адкрытае. І не факт, што Беларусь атрымае другую частку сёлета», – мяркуе ён.

«Народная інаугурацыя» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Арсень Сівіцкі назваў сам крэдыт парадаксальным, бо ён можа толькі на некалькі месяцаў падтрымаць макраэканамічную сітуацыю, а акрамя гэтага нічым Беларусі не дапаможа.

«Відавочна, гэта не тыя сродкі, на якія Аляксандр Лукашэнка спадзяваўся і якімі б ён мог вольна карыстацца, у тым ліку для таго, каб пагасіць гэты палітычны крызіс», – адзначыў ён.

Паводле яго, Масква вядзе дваістую гульню і не зацікаўленая, каб крызіс у Беларусі скончыўся на гэтым этапе. Наадварот, у РФ думаюць, як ім скарыстацца, каб прасунуць свае стратэгічныя інтарэсы.

Таксама, заявіў Арсень Сівіцкі, Крэмль зараз вядзе непублічныя кансультацыі з шэрагам беларускіх афіцыйных асобаў, у тым ліку былых, якія знаходзяцца ў Маскве, наконт таго, як вырашыць палітычны крызіс. Таксама Масква абменьваецца пэўнымі сігналамі са Святланай Ціханоўскай адносна таго, якой можа быць роля Расеі ў вырашэнні беларускай сітуацыі.

Женский марш. Минск, Беларусь. 26 сентября. Фото: Алиса Гончар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Відавочна, што пазіцыі Менску і Крамля пра тое, як праводзіць канстытуцыйную рэформу, праводзіць і ладзіць агульнанацыянальны дыялог, вельмі істотна адрозніваюцца. І паводзіны Менску, у тым ліку спантанная сакрэтная інаўгурацыя, сведчаць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не збіраецца прымаць умовы Крамля», – мяркуе аналітык.

Эксперт не выключае, што праз пэўны час беларуска-расейскія стасункі могуць вярнуцца да крызісу, які быў да выбараў, і нават пагоршыцца.

  • 23 верасня адбылася неанансаваная загадзя інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Паводле дадзеных МУС за ўдзел у пратэстах у дзень афіцыйнай інаўгурацыі былі затрыманыя 364 чалавекі, з іх у Менску 252 асобы.
  • Пратэсты ў Беларусі доўжацца ад 9 жніўня. За гэты час былі затрыманыя больш за 14 тысяч чалавек.

Максім Гацак belsat.eu

Hавiны