Крэмль у тупіку. Каму Пуцін прадае Лукашэнку?


Пакуль Сяргей Лаўроў ды іншыя расейскія ўрадоўцы трубяць пра ўмяшанне ў справы Беларусі з боку краінаў Захаду, Крэмль паступова выконвае свой план адносна Беларусі. Чаго хоча дабіцца Пуцін і якіх крокаў варта чакаць ад кіраўніцтва Расеі ў дачыненні нашай краіны?

7 кастрычніка Лукашэнка праводзіць чарговыя тэлефонныя перамовы з Пуціным. Зместу мы не ведаем, але пасля адбываецца сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, а таксама Віктарам Бабарыкам ды іншымі вядомымі асобамі, якія вырашылі дамагацца зменаў у Беларусі сёлета, у тым ліку і з Сяргеем Ціханоўскім. А нядзельны марш заканчваецца брутальным разгонам і пяццю сотнямі затрыманых. Няўжо Пуцін тэрмінова патрабуе ад Лукашэнкі развязання палітычнага крызісу?

Каментуе блогер Сяргей Лаўрыненка:

«Расея – у пэўным тупіку. У іх ёсць выбар: дапусціць кейс перамогі майдану нейкага, плошчы, калі аўтарытарны рэжым сыдзе праз вуліцу, а гэтага яны дапусціць не хочуць. З другога боку, у іх ёсць кейс, калі дэстабілізуецца сітуацыя, абсалютна непрадказальны партнёр, вуліца не супакойваецца. І што рабіць з гэтым, незразумела».

Аднак зразумела, што час цяпер працуе, хутчэй, на Расею. Бо чым далей, тым горш беларускай эканоміцы без замежнай падтрымкі і ва ўмовах цяперашняга крызісу. А дзеянні ўладаў Беларусі ва ўнутранай палітыцы таксама толькі далей расхістваюць дзяржаўную сістэму. Адпаведна, Крэмль можа пакуль займаць пазіцыю чакання, якую можна параўнаць з паводзінамі паляўнічага, які заўважыў параненага звера.

ВІДЭА
Лукашэнка цягне Беларусь у тупік. Ці Пуцін хоча ягонага сыходу?
2020.10.03 11:35

Аляксандр Марозаў, палітолаг:

«Калі б Лукашэнка пэўным чынам захаваўся, ён бы задавальняў Крэмль і далей. Пры ўсім напружанні, якое было ў 2019 годзе паміж Масквой і Менскам. Пры ўсёй незадаволенасці Пуціна стылістыкаю Лукашэнкі. Але гэта так. З другога боку, пры пэўных абставінах і змена Лукашэнкі для Крамля не такая ўжо і страшная. Бо ўсе разумеюць: любое новае кіраўніцтва Беларусі будзе ў надзвычайна складаным становішчы. Нават больш складаным, чымся ўкраінскі ўрад пасля 2014 года – новыя ўлады».

У той жа момант, любое іншае кіраўніцтва Беларусі будзе больш свабодным на міжнароднай арэне, бо зможа атрымаць як мінімум палітычную і, вельмі верагодна, фінансавую падтрымку з боку Захаду. Усе тыя жэсты, якія мы пабачылі апошнім часам, ад непрызнання Лукашэнкі легітымным кіраўніком краіны да персанальных санкцыяў, ужо ствараюць цяжкасці рэжыму, бо паніжаюць яго ролю для любых знешніх сілаў.

Сяргей Лаўрыненка:

«Вось гэтая жорсткая пазіцыя Еўразвязу пазбаўляе Менск магчымасці балансаваць, як гэта звычайна было, паміж Масквой і ЕЗ. То бок калі не вы, то мы. То мы ідзём туды, калі вы не пойдзеце нам насустрач. І ў гэтай сітуацыі Менск вымушаны чакаць развязання сітуацыі ад Крамля, а Крэмль гэтае развязанне цалкам каардынуе з Еўропаю».

Бо на цяперашні момант якраз Масква мае лепшыя кантакты з Захадам, чым Менск. І нармалізацыя стасункаў на заходнім кірунку патрэбная Крамлю ў першую чаргу для забеспячэння эканамічнай і, як вынік, палітычнай стабільнасці ўнутры краіны. Таму проста цяпер чарговае абвастрэнне істотна пагоршыць пазіцыі Пуціна.

Аляксандр Марозаў:

«У яго назапасілася вельмі дрэнная гісторыя, і Пуцін гэта разумее. Можа быць, Крэмль і хоча ўмешвацца, але бесперапынна ўмешвацца нельга. Бо за спінаю на вельмі кароткай прасторы ў Крамля і ўмяшанне ў амерыканскія выбары, з якімі ўсё ніяк не скончыцца гісторыя, спроба перавароту ў Чарнагорыі, абвінавачанні ва ўмяшанні ў Сербіі на выбарах і гэтак далей. І плюс яшчэ сітуацыя з атручваннем Навальнага. Тут, вядома, Пуцін, прытрымлівае, што называецца, павады».

Адпаведна, Беларусь можа быць выкарыстаная Расеяй у пэўнага кшталту стратэгічнай дамове: нейтралітэт і неўмяшанне ў Беларусі ў абмен на саступкі з боку Еўрапейскага Звязу ў іншых сферах. Пры гэтым у Крамлі выдатна разумеюць, што роля Масквы ў Беларусі не можа раптоўна зменшыцца нават пры змене палітычнага кіраўніцтва, бо, напрыклад, сур’ёзная эканамічная залежнасць нікуды за хвіліну не дзенецца. Тым больш, магчымых інструментаў захавання ўплыву на Беларусь у Расеі процьма: ад стварэння палітычных партыяў да культурніцкай ды інфармацыйнай палітыкі.

ВІДЭА
Пуцін здасць Лукашэнку?
2020.09.17 12:50

Сяргей Лаўрыненка:

«Цяпер у іх вельмі вузкае вакно магчымасцяў, праз якое яны будуць спрабаваць з Еўропаю хаця б дамовіцца, знайсці нейкі баланс стасункаў. І беларуская карта – не адзіная на гэтым полі. Таксама ёсць Навальны, Карабах, «Паўночная плынь – 2». І ўвесь гэты пасьянс будзе так ці інакш балансавацца, каб Расея знайшла паразуменне, але козыраў на яе баку няшмат у гэтым дыялогу. І, натуральна, ізаляцыя – гэта не тое, што ім трэба».

Таму можна ўпэўнена казаць, што Расея ўжо цяпер разлічвае магчымасці захаваць уплыў на Беларусь ужо ў новых палітычных рэаліях і з новымі фігурамі на дошцы. Калі яшчэ ўвогуле не бярэ ўдзелу ў набліжэнні гэтай сітуацыі.

Сюжэт для праграмы «ПраСвет» ад 15.10.2020

Калаж з фота: Nikolsky Alexei / TASS / Forum; Alexei Nikolsky / TASS / Forum

Зміцер Міцкевіч, для праграмы «ПраСвет»

 

Стужка навінаў