Крэмль пагражае Украіне ў адказ на арышт траўлера «Норд»


Фота з сайту ДПС Украіны

Для «абароны расейскіх рыбакоў» у Азоўскім моры Расея стварае аператыўны штаб. Сітуацыя выкліканая арыштам украінскімі памежнікамі рыбалоўнага судна «Норд», якое знаходзілася ў тэрытарыяльных водах Украіны.

Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла пра арышт судна і маракоў 25 сакавіка. Акрамя таго, што судна парушала водныя межы краіны, яно было зарэгістравана на «часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым», гаварылася ў паведамленні. Таксама «каманда парушыла парадак выезду з часова акупаванай тэрыторыі Украіны».

Таксама капітан і каманда (10 чалавек) мелі дакументы, выдадзеныя расейскімі органамі ўлады ў Крыме, якія, згодна з законамі Украіны, з’яўляюцца несапраўднымі.

Спачатку Расея заявіла Украіне ноту пратэсту, у якой назвала затрыманне «Норду» неправамерным, а дзеянні ўкраінскага боку «правакатыўнымі».

На гэтым фоне камандаванне Чарнаморскага флоту ВМФ РФ заявіла пра гатоўнасць «забяспечыць бяспеку суднаходства» у паўночна-ўсходняй частцы Чорнага мора, а таксама ў акваторыі Азоўскага мора.

Аператыўны штаб, пра стварэнне якога было абвешчана сёння, будзе каардынаваць дзеянні сіл памежных войск ФСБ Расеі і цывільных маракоў.

Са свайго боку Дзяржаўная памежная служба Украіны заяўляе, што арыштаваныя рыбакі забяспечваюцца ўсім неабходным, і што ўкраінскія праваахоўныя службы будуць працягваць рэагаваць на выхад судоў з тэрыторыі Крыму.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары