Крэмль параіў губернатарам знайсці адказных за сацыяльныя сеткі


Адміністрацыя прэзідэнта Расеі рэкамендавала рэгіёнам увесці пасады адказных за інтэрнэт-камунікацыі пры губернатарах. Яны будуць маніторыць настроі ў сацсетках і рэагаваць на скаргі жыхароў у інтэрнэце.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Выбудаваць працу з SMM і інтэрнэт-камунікацыямі, як мяркуецца, павінны асабліва тыя рэгіёны, дзе ў 2019 годзе пройдуць губернатарскія выбары. Выбары кіраўнікоў рэгіёнаў пройдуць у адзіны дзень галасавання ў верасні 2019 года прынамсі ў 14 суб’ектах.

Паводле суразмоўцы РБК, блізкага да адміністрацыі прэзідэнта РФ, Крэмль з верасня пачаў рэкамендаваць рэгіёнам уводзіць адказных за сацсеткі.

«Строгай каманды няма, але рэкамендуюць настойліва», – адзначыла крыніца.

Аддзелы інтэрнэт-камунікацый або памочнікі рэгіянальных кіраўнікоў па SMM будуць займацца працай з сацсеткамі, мясцовымі блогерамі, а таксама стварэннем і прасоўваннем у сетках кантэнту па рэгіянальных праграмах.

Адзначаецца, што інтэрнэт-камунікацыямі зоймуцца ня прэс-сакратары губернатараў – для гэтага будуць створаны новыя пасады. Новыя працаўнікі будуць маніторыць сацыяльныя сеткі, каб вызначыць тэмы, якія хвалююць мясцовых жыхароў, улічыць іх скаргі і прапановы.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў