Крама «Мой модны кут» пасля затрымання заснавальнікаў абвясціла пра закрыццё

26 студзеня затрымалі заснавальніцу крамы Алену Есіпёнак, а 28-га– ейнага мужа Валера.

28 студзеня адбыўся працэс над Аленай Есіпёнак, якую затрымалі 26 студзеня ў краме «Мой модны кут». На працэс прыйшоў ейны муж Валер Асіпёнак, і яго таксама затрымалі.

«Нашая крама «Мой модны кут» будзе зачыненая да лепшых часоў. Хаця б да тых, пакуль сэрца і душа нашай крамы не выйдуць на свабоду. Просім прабачэння ў тых, хто хацеў бы набыць годныя рэчы, а таксама ў тых, хто ўжо аплаціў і чакае дастаўку альбо самавываз: мы не можам гэта ажыццявіць, але, як толькі з’явіцца магчымасць, усё выканаем. Тым, каму трэба будзе павяртаць грошы – павяртаем. Спадзяёмся, што вы ведаеце ўсю сюррэалістычнасць нашай сітуацыі. Шчыра дзякуем за салідарнасць, паведамленні і цёплыя словы. Мы разам! Жыве і вечна будзе жыць наша любая Беларусь!» – гаворыцца ў звароце.

ІК, belsat.eu

 

Hавiны