Краіна – ганебшчына, кампанія – анекдот: расейскія СМІ аб выбарах ва Украіне


Украінскія выбары прадказальна знаходзіліся ў цэнтры ўвагі расейскіх федэральных СМІ. Шмат якія парталы вялі онлайн-трансляцыі ў дзень выбараў, а тэма Украіны цягам апошняга тыдня не раз была цэнтральнай на галоўных расейскіх ток-шоу і ў папулярных газетах. Belsat.eu распавядае, што расейская прапаганда казала пра выбары прэзідэнта Украіны. Спойлер – прапаганда, здаецца, крыху збянтэжылася.

Адразу пасля перамогі Уладзіміра Зяленскага ў экзіт-полах расейскі тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў адзначыў у Twitter’ы:

«Парашэнка ўжо збег з краіны? А БПП (Блок Пятра Парашэнкі – belsat.eu) у Радзе ўжо паспелі перайменавацца ў СлУгі слугІ Народа?».

Лёс Пятра Парашэнкі моцна займаў расейскія мэйнстрымавыя СМІ. Буйны партал Лента.ру адзначаў, што «для Парашэнкі паражэнне стане не толькі заходам палітычнай кар’еры, але і можа прывесці на лаву падсудных».

Напярэдадні першага тура выбараў у «Вестях недели» Дзмітрый Кісялёў разважаў, куды збяжыць прэзідэнт Украіны, калі прайграе выбары, – у ЕЗ ці Малдову да алігарха Плахатнюка.

Дзмітрый Кісялёў разважае аб украінскай прэзідэнцкай гонцы. Скрыншот праграмы «Вести недели» 2019.04.21

У дзень другога тура Дзмітрый Кісялёў назваў кампанію Пятра Парашэнкі «бяздарнай» і адзначыў, што «Зяленскі проста паставіў Пятра Парашэнку на калені як у літаральным, так і ў пераносным сэнсе». Кісялёў падкрэсліваў, што прэзідэнцкі тэрмін Парашэнкі заканчвааецца «бясслаўна», і рабіў гэта, дарэчы, менавіта ў тыя хвіліны, калі абвяшчаліся першыя афіцыйныя дадзеныя экзіт-полаў.

«Можна дакладна сцвярджаць, што большасць грамадзянаў Украіны лічыць, што хопіць. У дадатак да таго, што краіна пры Парашэнку дэградавала эканамічна і экалагічна, дэмаграфічна і культурна, на Украіне яшчэ і стала больш хлусні, то бок прэзідэнцкая норма ад Парашэнкі – агрэсіўны самападман. Уласна, агрэсіўна самаабманвацца і прапаноўваў Поркі, высоўваючы сябе на другі тэрмін. Ня пракаціла», – важна разважаў расейскі тэлевядоўца, нібыта ўсцешаны перамогай Зяленскага.

Уладзімір Зяленскі пасля абвяшчэння вынікаў нацыянальнага экзіт-полу

Як прапаганда праніклася Зяленскім

У іншых сюжэтах «Вестей недели» аўтары цёпла гаварылі пра Зяленскага – не выспаўся, прыехаў галасаваць у добрым настроі, яго сустрылі тыя, хто яго падтрымлівае. А вось вакол Пятра Парашэнкі – «зацішша», «журналістаў у разы менш, правакатараў і зусім няма».

У рэпартажы з пятнічных дэбатаў адзначалася, што «Зяленскі не хаваўся» і не хацеў братацца са старымі элітамі.

«Гэта была яго стратэгія: рэдкія інтэрв’ю, хоць толькі ад заходніх СМІ сотні запытаў, не ладзіў мітынгі і прынцыпова адмаўляўся ўдзельнічаць у ток-шоу», – распавядалі супрацоўнікі расейскага дзяржканалу з відавочнай цікавасцю да фігуры будучага прэзідэнта.

Пра свае надзеі на Зяленскага разважала і «Комсомольская правда» – у інтэрвʼю з публіцыстам Георгіем Боўтам, апублікаваным пасля першых вынікаў выбараў. «Ён блізкі рускім», «бандэраўскі ўгар стоміцца», «будзе ісці нам насустрач па Данбасу» – вось некаторыя цытаты з гэтай гутаркі.

Першая прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. Відэа

Брудная выбарчая кампанія і амерыканскі ўплыў

У дзень галасавання ўкраінскія выбары асвятляліся ва ўсіх выпусках навінаў. Нястомна падкрэслівалася, што гэта самая брудная выбарчая кампанія ў гісторыі Украіныі распавядалася аб велізарнай колькасці парушэнняў ды заведзеных крымінальных справах.

Шматкроць адзначалася, што за прэзідэнта Украіны галасуюць нават у далёкай Аўстраліі, а вось Расея засталася за бортам.

«У нас жывуць і працуюць мільёны ўкраінцаў, але права выбару яны пазбаўленыя», – з сюжэту ў сюжэт выказвалі сваю занепакоенасць карэспандэнты Першага канала.

Парашэнка перамог у Аўстраліі

Шмат хто пісаў і пра абыякавасць жыхароў акупаванага Данбасу да выбараў. Тыя нібыта пагалоўна распавядалі карэспандэнтам расейскіх выданняў, што выбары ім наагул не цікавыя, бо Украіна – чужая краіна, а кандыдаты – марыянеткі. Ды і наагул, як адзначалася, жыхары акупаваных Луганску і Данецку рыхтуюцца да Параду Перамогі 9 траўня.

Как живут села на линии сопротивления в Донецкой области

Люди устали от войны. Для некоторых это уже второй военный конфликт, который меняет их жизнь. К сожалению, меняет не в лучшую сторону. Однако жители Донецкой области верят: выборы могут все изменить. Изменить жизнь к лучшему.

Opublikowany przez «Белсат» по-русски Niedziela, 21 kwietnia 2019

Амерыканскі ўплыў на ўкраінскі палітычны працэс быў адной з цэнтральных тэмаў у інфармацыйных сюжэтах расейскіх СМІ. Асабліва часта паўтаралася, што прагаласаваць на выбарах украінцаў заклікаў амбасадар ЗША ва Украіне, а спецпрадстаўнік ЗША Керт Волкер заявіў, што Злучаныя Штаты застануцца ў Украіне надоўга. Шмат якія сюжэты гэтай фразай і заканчваліся.

Ці небяспечны для Расеі Зяленскі?

Напярэдадні выбараў у праграме «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым» абмяркоўвалі, чым Уладзімір Зяленскі больш небяспечны за Пятра Парашэнку. Зяленскі, па вызначэнні ідэолага расейскага руху «Сутнасць часу» Сяргея Кургіняна, – тавар, што хутка псуецца і будзе змецены да канца года. На думку Кургіняна, Расеі Зяленскі не выгадны, таму што ўжо заявіў, што «Крым ён верне, рэферэндум быў незаконным, а Крым – наша тэрыторыя і ўсё іншае».

«Калі б ён хацеў гуляць у нейкую гульню тыпу дыялогу, (…) ён бы прыкідваўся, што па Данбасу магчымыя нейкія манеўры, ён бы стрымліваўся наконт Бандэры, называў бы Пуціна не ворагам, а пагрозай», – падкрэсліў Кургінян.

Тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў з гасцямі праграмы разважаў пра тое, хто больш небяспечны Парашэнка або Зяленскі. Скрыншот праграмы «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым»

Тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў, які уважліва сачыў, мяркуючы па яго актыўнасці ў сацыяльных сетках, за ўкраінскімі выбарамі, неаднаразова адзначаў, што Расеі вынік гонкі прызнаваць не варта – незалежна ад таго, хто стане пераможцам.

«А чаго мітусіцца кожны раз. Каго б яны зараз не абралі, яго змятуць даволі хутка. Краіна – ганебшчына для ўсіх, гэтая кампанія – анекдот», – заявіў Салаўёў.

«Каб весела было, у нас украінцы ёсць»

Ёсць, вядома, і тыя расейцы, хто, назіраючы за перадвыбарчай гонкай і дэбатамі на стадыёне, не змаглі не сказаць – было б выдатна, калі б такія дэбаты калісьці прайшлі і ў Расеі.

Падобныя думкі выказвалі і, напрыклад, у ток-шоу «Время покажет» на Першым канале.

Госця, які выступіў з такім меркаваннем, перапыніў вядучоўца Арцём Шейнін, адзначыўшы, што не разумее «у чым глыбокі дэмакратычны сэнс гэтага дзейства».

«Пры тым, што дэмакратыі там, як такой няма, галасаваць гэтыя людзі не будуць, на вынікі яны не ўплываюць, позва нікога не хвалюе, вынік па сацыялогіі зразумелы. Нам так навошта? Каб весела было, у нас украінцы ёсць», – сказаў Шейнін.

Трэба сказаць, што тэлевядоўцы дзяржканалу зусім, зусім не саромеючыся, называлі Пятра Парашэнку кабаном і «тварюгой», а харызматычнага Зяленскага параўноўвалі з Гітлерам на стадыёне і Пятачком з мультфільму пра Віні-Пуха. А іх госці адзначалі, што спакою на лініі Масква-Кіеў не будзе, будзе наступная фраза канфлікту, таму што прымірэння на базе цырка быць не можа.

«Будзе вайна»: расейцы пра змены ва Украіне пасля выбараў – апытанне

«Да ўлады прыходзяць КВН-шчыкі»

У сацсетках жа ў дзень выбараў жартавалі, што «асноўная інтрыга «дэмакратычных» выбараў на Украіне не то, хто будзе руліць краінай, а будзе па выніках выбараў майдан ці не». Ну ці што «да ўлады на Украіне прыходзяць КВН-шчыкі, якія перамаглі кандытараў».

Агульнае ж адчуванне ад расейскіх дзяржаўных СМІ такое – яны так актыўна змагаліся супраць Пятра Парашэнкі, што сталі заўзець за Уладзіміра Зяленскага, спадзявацца на яго і зусім не ўяўлялі, чаго можна чакаць ад гэтага кандыдата.

Дарэчы, яшчэ тыдзень таму ў «Вестях недели» Дзмітрый Кісялёў папярэджваў, што «Парашэнка рыхтуе брудны манеўр» і «гатовы на ўсё, каб захаваць уладу». Здаецца, Украіна здзівіла расейскія дзяржаўныя СМІ. Цяпер яны з цікавасцю назіраюць за тым, як «легендарны ўкраінскі серыял «Слуга народа» ператвараецца ў рэаліці-шоу» і чакаюць пачатку расейска-украінскіх адносін з чыстага ліста.

ММ/МВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары