КПРФ хоча надаць статус ветэранаў удзельнікам уварвання ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе


Мужчына глядзіць на фотаздымак, зроблены падчас савецкага ўварвання ў 1968 годзе. Фота – REUTERS/David W Cerny

Камуністычная партыя Расейскай Федэрацыі ўнесла законапраект у Дзярждуму, які прадугледжвае наданне статусу ветэрана ўдзельнікам савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. МЗС Чэхіі выказала «занепакоенасць» фармулёўкаю, якая выкарыстоўваецца ў законапраекце.

У ім гаворыцца, што статус ветэрана будзе нададзены былым жаўнерам узброеных сілаў СССР за «выкананне задачаў па падаўленню спробы дзяржаўнага перавароту і забеспячэнню стабільнасці ў ЧССР у перыяд правядзення буйной ваенна-стратэгічнай аперацыі войскаў краінаў Варшаўскай Дамовы з 21 жніўня да лістападу 1968 года».

Справка
У ноч на 21 жніўня 1968 года СССР з іншымі краінамі Варшаўскае дамовы (апроч Румыніі) уварваліся ў Чэхаславаччыну, каб спыніць спробу чэхаў і славакаў рэфармаваць камуністычны рэжым.

МЗС Чэхіі ў сваёй заяве спасылаецца на Дамову аб сяброўскіх адносінах ды супрацы паміж РФ і Чэхіяй, падпісаную ў жніўні 1993 года. У гэтым дакуменце, як падкрэслівае МЗС, выразна сказана пра імкненне бакоў «скончыць з таталітарным мінулым, звязаным з недапушчальным выкарыстаннем сілы супраць Чэхаславаччыны ў 1968 годзе і далейшым неабгрунтаваным знаходжаннем савецкіх войскаў на чэхаславацкай тэрыторыі».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў