Кожнаму наканавана зламаць свой мур. Але не ўсе муры падаюць

Падзенне Берлінскага муру я назіраў па тэлевізары – як, зрэшты, і большасць савецкіх людзей. Не буду казаць пра іншых, скажу пра сябе: я сапраўды не ведаў, што адбывалася ў ГДР, а таму шчыра не разумеў рэакцыі немцаў. Ну, павалілі сцяну – чаму радавацца-та? Цяпер у іх усё будзе, як у ФРГ. Але ж у ГДР-та было добра, праўда?

Фота: pixabay.com

Праз два гады, на пачатку жніўня 1991-га, я ўпершыню ў жыцці пабываў за мяжой. Як раз – у ФРГ, па запрашэнні арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў. Адна з нямецкіх таварышаў, з якой мы пазнаёміліся падчас нейкага моладзевага лагера, адказваючы на маё пытанне, ці добра цяпер у аб’яднанай Германіі, сумна адказала:

– Не. Мы баімся фашызму, які ідзе з усходу.

Я ашалела паглядзеў на яе і так і не задаў удакладняючага пытання: «З усходу Нямеччыны ці ад нас, з СССР?» Трэба было, вядома, удакладніць. Але лёс расставіў усё па сваіх месцах сам, без маіх пытанняў. Дадому, у Менск, я вярнуўся 8 жніўня, а ў ноч з 18 на 19 жніўня ў Маскве быў створаны ГКЧП.

Фота: pixabay.com

Тады, на кадрах 1989 году з нямецкай сталіцы, усе былі маладыя і шчаслівыя. На кадрах 1991 году на тварах шчасця не было. Была напружанасць. Адчуванне было такое, што крамлёўская сцяна стала падобная да берлінскай – толькі яе ніхто не руйнаваў. Яна аддзяляла ўладу ад народа. І танкі былі выведзеныя на вуліцу. І немаладая жанчына крычала нешта дзецюку-танкісту, які відавочна імкнуўся не рэагаваць на гэты крык. І ў вачах чальцоў вышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюза, які паміраў на нашых вачах, быў шчыры страх перад усім, што адбываецца.

Новости
Россияне все хуже относятся к падению Берлинской стены. Результаты опроса
2019.11.08 14:15

А потым абрынулася статуя Фелікса Дзяржынскага, які грозна глядзеў на ўсіх з Лубянскай плошчы ў Маскве. Яму накінулі на шыю пятлю і сцягнулі з пастамента пад’ёмным кранам. Кажуць, што арганізавалі гэта павешанне «рыцара рэвалюцыі» самі ж супрацоўнікі КДБ, каб адцягнуць увагу натоўпу ад галоўнага будынку «Лубянкі», у двары якога ў гэты час нібыта сутаргава знішчалі нейкія дакументы.

Дзяржынскі быў сымбалем савецкай сістэмы. Вось, здавалася, ён пахіснуўся, узляцеў у пятлі, нават не тузаючыся, – і ўсё, «дзяржстрах і дзяржжах» скончыліся самі па сабе. А цяпер разумеем: не, не скончылася. Працягваецца ў часе і прасторы.

Берлінскі мур, лістапад 1989 год.
Фота: Carulli / Fotogramma / Ropi / Zuma Press / Forum

Але Берлінская сцяна ж – абрынулася? Застаўся толькі фрагмент яе, размаляваны мастаком Дзмітрыем Врубелям: два валадарных старца, Брэжнеў і Хонекер, зліліся ў смяротным пацалунку. А ўсяго астатняга, што падзяляла дзве Еўропы, больш няма?

Ох, якія ўсе мы ідэалісты… Як гэта – няма? Сцяна паміж двума Еўропамі як была, так і засталася, проста перадзвінулася кудысьці на ўсход, паўстаўшы па Бугу паміж намі і Еўрапейскім Саюзам. Ды і ў самім Еўразвязе сцяна хіба знікла? Паглядзіце на вынік выбараў ва ўсходніх землях Нямеччыны. Радыкалы-еўраскептыкі набіраюць усё больш і больш галасоў. І ў іншых постсацыялістычных краінах людзі галасуюць за тых, хто ў стане забяспечыць ім спакой у абмен на свабоду. Навошта свабода, калі ты не можаш быць упэўнены ў заўтрашнім дні? Давай, чалавек у шэрым ратынавым паліто ці ў моднай французскай куртачцы, бяры яе сабе – а нам аддай роўнасць у пенсіях, гарантаваную і незалежную ад нас будучыню, плюс стрымліванне – аж да затрымання – тых, хто хоць у чымсьці адрозніваецца ад нас! І мы будзем адчуваць сябе ўпэўнена і спакойна…

Фота: pixabay.com

Але так не адбываецца. Мур умацоўваецца, а тыя, хто з радасцю яго аднаўляюць, не атрымліваюць наўзамен спакою і ўпэўненасці. Толькі тыя, хто хацеў адкрытасці і атрымаў адкрытасць, адчуваюць сябе так, як калі б муру не існавала. І паводзяць сябе адпаведна. А тыя, хто выбудоўвае яго сам, у сваёй свядомасці, умацоўваюць яго страхам. Бо калі мур ёсць, то ад некага ж ён нас абараняе? А ад каго? Раптам там нехта жудасны, хто адымае маё працоўнае месца, крадзе мае грошы, проста – жыве лепш, чым я! А гэтага нельга дапусціць…

Не ўсе муры падаюць. Кожны павінен разбурыць уласны мур, каб адчуць сябе шчаслівым і свабодным. А жыць за сцяной, можа быць, і прасцей. Толькі шчасця гэта не дадае.

І кадры падзення ўжо не страшнага, увогуле-та, муру, што вісяць у інтэрнэце, становяцца помнікам той наіўнай веры, што вось зараз-та яно ўсё зменіцца – назаўжды.

«Как молоды мы были,

Как искренне любили,

Как верили в любовь…»

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў