Жыхарку Мар’інай Горкі выпісалі з пнеўманіяй, каб не плаціць ёй бальнічны, а медыкам – за працу з COVID-19

Жыхарка Мар’інай Горкі Наталля Варывончык ужо трэці месяц змагаецца з цяжкай формай пнеўманіі. Каб трапіць у мясцовую цэнтральную раённую больніцу, жанчыне давялося стаяць пад дажджом з тэмпературай 39 °С.

Наталля Варывончык з Мар’інай Горкі больш за 20 гадоў працуе выхавацелькай у дзіцячым садку. У красавіку, калі ў Беларусі пачалі рэгістраваць выпадкі каронавіруснай інфекцыі, жанчына захварэла і хацела пайсці на бальнічны. Аднак атрымаць яго было не так проста: у рэгістратуры паліклінікі ёй паведамілі, што з тэмпературай 37 °С бальнічнага ёй не выпішуць. Відавочных сімптомаў каронавіруснай хваробы ў яе не было, таму давялося хадзіць на працу.

Наталля Варывончык. Фота суразмоўцы

Праз некалькі тыдняў самаадчуванне пагоршылася, і Наталля зноў звярнулася ў паліклініку, дзе ёй параілі тэмпературу да 38,5 °С не збіваць і прыйсці на прыём толькі ў крайнім выпадку. Муж Наталлі выклікаў доктара на дом. На той момант у жанчыны ламала цела, тэмпература падымалася да 38,3 °С, кружылася галава, была аддышка, таму яна фізічна не магла дайсці да садка і тым больш працаваць з дзецьмі. Толькі пасля гэтага ўдалося атрымаць бальнічны.

Ужо на бальнічным у жанчыны павысілася тэмпература да 39 °С, зʼявіліся зрокавыя галюцынацыі і слабасць, распавядае дачка Наталлі, Анастасія. Пасля рэнтгенаўскага здымку, які паказаў правабаковую пнеўманію, доктарка дала ўказанне неадкладна шпіталізаваць жыхарку Марʼінай Горкі ў мясцовую ЦРБ.

«Гэта па ТБ кажуць, што ўсяго 200 памерла. Смела можна дадаваць 0». Як перажывае каронавірус гомельская туббольніца

Без каронавіруса папала да COVID-пазітыўных

Трапіла Наталля ў лякарню не адразу. З тэмпературай 39 °С і накіраваннем ёй сказалі, што свабодных месцаў няма, як і ўказанняў на шпіталізацыю. Давялося вяртацца ў паліклініку і вырашаць пытанне праз загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення. Толькі пасля гэтага жанчыну прынялі ў больніцы.

Фота: «Белсат»

У палаце Наталля ляжала з дзвюма кабетами са станоўчым тэстам на COVID-19, у той час як у нашай гераіні заражэнне каронавірусам у аналізах не пацвердзілася.

«Пасля дзевяці дзён галоўная доктарка загадала нас усіх знянацку перавесці ў іншы будынак на паверх з каронавіруснымі пацыентамі. Нас практычна выгналі пад дождж у халодны дзень. У мяне была вопратка, а Наталля прыкрылася пледам, у яе нічога не было. Стаялі пад закрытымі дзвярыма каля гадзіны», – распавядае Таццяна Дрозд, якая ляжала ў палаце разам з Наталляй.

«Суседу трэба дапамагаць»: Беларусь у другі раз атрымала ад Польшчы гуманітарны груз

Наталля Варывончык у гутарцы з belsat.eu падкрэлсіла, што ўмовы ў новым месцы былі нашмат горшыя: персаналу не ставала, месцаў таксама, у палатах па восем чалавек, на калідоры дзве кабіны прыбіральні на ўвесь паверх:

«Галоўная доктарка сказала, што палата, у якой мы былі, рэзервовая, яна камусьці спатрэбілася, таму яе вызвалілі ад нас. Паклалі ў аддзяленне з COVID-19, нягледзячы на адмоўны вынік тэсту, бо дзевяць дзён я была ў кантакце з інфікаванымі і цяпер, напэўна, падчапіла вірус».

Чаму Наталлю паклалі ў палату з COVID-пацыентамі, галоўная доктарка не патлумачыла, кажа Анастасія, дачка жанчыны:

«Захворванне ў лякарні пагоршылася. Яна паступіла з пнеўманіяй верхняй долі правага лёгкага. Пры выпісцы паставілі дыягназ «двухбаковая пнеўманія верхніх доляў». У эпікрызе напісалі: COVID-19 у сярэдняй ступені цяжкасці».

«Медсёстры плачуць ад стомы. На нас усім напляваць»: фельчар пра каронавірус у Салігорску

Сем дзён выбівалі бальнічны

Дачка Наталлі пастанавіла не маўчаць і падняла пытанне аб правамернасці такога заключэння, напісаўшы зварот у Міністэрства аховы здароўя:

«Пазней выявілася, што ўсіх сабак спусцілі на доктарку мамы, маўляў, яна памылілася пры напісанні дыягназу. Зразумела, што яна невінаватая. Ёй паступіў загад, які яна выканала. Магчыма, такім спосабам падымаюць статыстыку ачунялых. Нас спыталі: а вам што, прынцыпова, што напісана ў картцы і выпісцы?»

Глінская: Не варта чакаць, што спёка знізіць захворванне на каронавірус

Анастасія дадае, што галоўная доктарка ЦРБ Людміла Жарынава запрасіла маці і дачку да сябе на размову і прасіла Наталлю адмовіцца ад скаргі, якую тая збіралася падаць. Дзяўчына абураная фактам, што маму выпісалі з цяжкай формай пнеўманіі і закрылі бальнічны:

«Зноў у паліклініку, на КТ – той самы дыягназ, полісегментарная пнеўманія. Але бальнічны падоўжыць катэгарычна адмовіліся. Давялося тэлефанаваць у Міністэрства аховы здароўя, толькі пасля гэтага далі. Мінула сем дзён! Увесь гэты час мы цягаліся па больніцах», – абураецца дачка Наталлі.

Прыйшоў загад зверху – выпісваць, каб не аплочваць бальнічныя

Жанчыну скіравалі ў рэабілітацыйны цэнтр Загорʼе, дзе зрабілі новы аналіз крыві. Вынік паказаў, што Наталля Варывончык ужо перахварэла на каронавірусную хваробу.

«Вельмі дзіўна, у яе вострая форма інфекцыі, але адначасова яна перахварэла. Хутчэй за ўсё яшчэ ўдома. Доктар у Загорʼі гэтак і сказаў: прыйшоў загад зверху ўсіх з паляпшэннямі выпісваць, маўляў, няма чаго ім бальнічныя аплачваць, а медыкам – прэміі за працу з ковіднымі даваць», – кажа дачка Наталлі.

Свет змякчае каранцін, у нас – колькасць інфікаваных расце

Цяпер Наталля Варывончык вярнулася дадому і выйшла на працу. Жанчына кажа, што пачуваецца лепш, але хутка стамляецца. У яе трэці месяц трымаецца пнеўманія.

Галоўная доктарка ЦРБ Марʼінай Горкі Людміла Жарынава ад каментароў адмовілася ў агрэсіўнай форме:

«Якім чынам я павінна высвятляць з вамі гэтую сітуацыю? З незаконным прадстаўніком незарэгістраваных медыяў я гэтай сітуацыі абмяркоўваць не буду».

Паводле апошняга загаду міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, цяпер большасць пацыентаў з COVID-19 выпісваюць на трэці тыдзень. Колькі канкрэтна хворых налічваецца ў тым ці іншым рэгіёне краіны, медчыноўнікі не паведамляюць. Адсутнічае і статыстыка смяротнасці. Афіцыйна колькасць інфікаваных каронавірусам перавысіла 50 тысяч чалавек.

Чытайце таксама:

ДР belsat.eu

Hавiны