Кот па мянушцы Беларус стаў папулярным у ЗША


Кот з незвычайнай для ЗША мянушкай Беларус (Belarus) некаторы час знаходзіўся ў прытулку для жывёлаў ў Сан-Францыска, куды яго аддалі ранейшыя гаспадары. Акрамя мянушкі асаблівасцю жывёліны з’яўляецца і касавокасць.

Паводле Дэб Кэмпбэл з грамадства «Animal Care and Control San Francisco», Беларус заўсёды быў вельмі мяккі, пухнаты, трохі касавокі, але неверагодна ласкавы і прыязны кот, паведамляе сайт goodnewsanimal.ru. Калі нехта прыходзіў у прытулак выбраць сабе ката, Беларус заўсёды быў на пярэднім плане і нават уставаў за заднія лапкі і заглядаў у твар чалавеку, нібы пытаючыся «Можа быць табе патрэбны менавіта я?».

Фота: goodnewsanimal.ru

Некаторы час ніхто не забіраў Беларуса, магчыма з-за яго касавокасці. Але аднойчы яго фота ў інстаграме ўбачыла Рэйчыл.

«Калі я ўбачыла яго незвычайныя вочы, я адразу закахалася ў гэтага ката», – распавядае яна, – «І тут жа пачала планаваць як мне дабрацца ў гэты прытулак».

Калі яны нарэшце сустрэліся, кот адразу ж прыціснуўся да жанчыны і Рэйчыл зразумела, што забярэ яго да сябе дадому.

Беларус хутка прызвычаіўся ў новай абстаноўцы і стаў маленькім шэрым ценем для Рэйчыл. Куды б яна не пайшла, ён ішоў за ёй. Яму было невыносна ў адзіноце. Беларус мае новага гаспадара ўжо чатыры месяцы.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў