Кошты на нафту адштурхнуліся ад дна. Што гэта азначае для беларускага рубля?


Кошты на нафту пачалі новы 2019 год з упэўненага росту і перавысілі планку 60 долараў, прадугледжаную ў сёлетнім бюджэце Беларусі. На думку экспертаў, такі рост можа прывесці да ўзмацнення і беларускага рубля, але аднаго гэтага фактару будзе не дастаткова, мяркуюць яны. Ад пачатку года барэль нафты маркі «Brent» падаражэў з 53,8 долара на пачатак года да 60,65 долара 10 студзеня. Пры гэтым максімум ужо дасягаў амаль 61 долара.

Амерыканскія эксперты лічаць галоўнымі фактарамі росту скарачэнне абʼёму здабычы нафты краінамі АПЭК і пазітыўныя чаканні ад гандлёвых перамоваў паміж Кітаем і ЗША, якія пачаліся 7 студзеня.

Але гэта далёка не ўсе прычыны, упэўнены расейскі эксперт у пытаннях нафты і газу Міхаіл Круціхін. «Ёсць адчуванне, што нафта ўсё-такі знайшла дно на ўзроўні прыблізна 52 долары за барэль маркі «Brent», адштурхнулася ад яго і стала расці ў пошуках больш-менш нармальнага калідору. Гэты нармальны калідор на пэўны час – магчыма, на год – чакаецца на ўзроўні прыблізна 60–65 долараў», – заявіў спецыяліст у каментары Belsat.eu.

Прычыны ж росту ён бачыць не ў палітычных заявах ці змяненні сітуацыі з попытам і прапановаю, а ў аздараўленні агульнага фінансавага рынку, часткай якога ёсць нафтавыя ф’ючарсы. «У інвестараў з’яўляецца большая ўпэўненасць у стабільнасці агульнага фінансавага рынку, і ў справы ідуць укладанні, у тым ліку ў нафтавыя паперы. Ад гэтага і адбываецца даволі актыўны рост коштаў», – падкрэсліў суразмоўца.

Адначасова з ростам коштаў на нафту адбываецца і рост курсу беларускага рубля ў дачыненні заходніх валютаў. Пасля моцнага скачка 3–4 студзеня курсы еўра і долара ў Беларусі ўпэўнена пайшлі ўніз. І ў параўнанні з 31 снежня курс беларускага рубля ўмацаваўся да долара на 0,13 %, да еўра – на 0,06 %. Расейскі ж рубель наадварот расце – на 3,23 % да беларускага з пачатку года.

Што датычыць далейшых змяненняў курсу беларускага рубля, дык тут шмат будзе залежыць не столькі ад коштаў на нафту, колькі ад таго, ці пакажа расейскі рубель істотную карэляцыю з коштамі на нафту. Пра гэта ў каментары Belsat.eu кажа навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Алег Мазоль. «Калі такая карэляцыя выявіцца, хутчэй за ўсё беларускі рубель будзе ў такім жа аб’ёме залежаць ад гэтага руху кошту на нафту», – падкрэсліў ён.

Але істотнага карэктавання курсу расейскага рубля суразмоўца не чакае, калі толькі кошты на нафту не ўпадуць ніжэй за 50 долараў. «Калі кошт на нафту застанецца ў дыяпазоне 55–65 долараў за барэль, тады курс беларускага рубля істотна карэктавацца не будзе», – мяркуе эксперт.

За далейшае падтрыманне Менску Крэмль захоча атрымаць ва ўласнасць беларускія НПЗ? У пачатку года ў сацсетках актыўна абмяркоўваюць магчымую прыватызацыю расейцамі заводаў у Мазыры і Наваполацку. Фота Reuters

Таксама, на ягоную думку, істотна паўплываць на дынаміку курсаў расейскага рубля, а разам з ім і беларускага, можа магчымае ўвядзенне санкцыяў ЗША супраць Расеі ў наступныя два-тры месяцы.

Сярод унутрыбеларускіх фактараў, якія могуць паўплываць на курс беларускага рубля, Алег Мазоль назваў пазыкі, якія давядзецца сёлета выплачваць Беларусі ў замежнай валюце, і попыт на валюту з боку насельніцтва.

«Рэзкі рост заробкаў, які мы назіралі летась і будзем назіраць сёлета, найхутчэй прывядзе да павышанага попыту на валюту. Па-другое, паколькі людзі бачылі, што адбывалася з расейскім рублём у мінулыя гады пасля санкцыяў, яны таксама будуць асцерагацца новых санкцыяў і страхаваць сябе ад іх, набываючы долары на рэшткі заробку», – дадаў эксперт.

На думку расейскіх эканамістаў, найбольшыя рызыкі для расейскай эканомікі ды бізнесу з боку ЗША ў 2019 годзе – у больш агрэсіўным ужыванні як ужо дзейнага закону, гэтак і ў магчымым прыняцці двух новых. Апошнія прадугледжваюць «пякельны сцэнар», як яго калісьці ахарактарызаваў адзін з сенатараў-рэспубліканцаў. З аднаго боку, гэта пашырэнне санкцыяў супраць алігархаў з «крамлёўскай справаздачы» і ўвядзенне больш жорсткіх абмежаванняў у дачыненні расейскіх дзяржбанкаў, з другога – забарона на аперацыі з расейскім дзярждоўгам, прычым як для амерыканцаў, гэтак і для ўсіх астатніх. І хоць санкцыі ў дачыненні дзяржаўнага доўгу пакуль застаюцца прывіднай ініцыятывай, новых захадаў супраць расейскіх бізнесоўцаў і дзяржбанкаў, падобна, не пазбегнуць.

Што будзе з беларускай эканомікай, калі Крэмль не кампенсуе нафтавы манеўр?

МГ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары