Кошты на камуналку значна павысяцца з 2017 года


Усяго 44 % ад сабекошту жыллёва-камунальных паслугаў аплацілі беларусы ў жніўні. То бок – менш за палову. Гэта сцвярджаецца ў жыроўках за верасень, якія прыйшлі нам цягам апошняга тыдня. Рэшту нібыта за нас аплочвае дзяржава.

Лічбы не сыходзяцца

Што праўда, у апошняй справаздачы Міжнароднага валютнага фонду, па выніках працы яго місіі ў Беларусі, указваецца іншая лічба. Экспертам МВФ айчынныя камунальнікі прызналіся, што насельніцтва скампенсуе 58 % ад іх выдаткаў. То бок – амаль дзве траціны – у паўтара разу больш, чымся пішуць у нашых жыроўках. Паводле ж кіраўніка краіны, комплекснае правяранне ЖКГ сёлета паказала, што беларусы кампенсуюць сабекошт камунальных паслугаў амаль цалкам.

Лукашэнка вінаватых прызначыў, але не пакараў

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, камунальнікі свядома падманваюць насельніцтва – займаюцца прыпіскамі, каб скрасці грошы з бюджэту.Вінаватых у гэтых прыпісках Лукашэнка яшчэ восем месяцаў таму загадаў пакараць турэмнымі тэрмінамі.

На наступны ж дзень Следчы камітэт адрапартаваў аб адкрыцці трынаццаці крымінальных справаў. Чым яны скончыліся, пакуль невядома. У Следчым камітэце нам паабяцалі ўдакладніць гэтую інфармацыю. На момант выхаду ў эфір адказу яшчэ не паступіла. Але, у любым выпадку, відавочных паляпшэнняў у працы ЖКГ па-ранейшаму не назіраецца.

Цяпер, праз 8 месяцаў пасля згаданых захадаў, камунальнікі па-ранейшаму, насуперак сцверджанням Лукашэнкі і МВФ, заяўляюць, што насельніцтва аплочвае менш за палову паслугаў ЖКГ. І гэта пры тым, што кошт імпарту газу для Беларусі, які, сярод іншага, вызначае сабекошт электраэнергіі, гарачай вады і цяпла, зменшыўся з таго часу прыблізна на траціну. На пачатку года Менск не даплачваў «Газпрому» самавольна, цяпер зніжка замацаваная пагадненнем з Масквою.

Паводле міжнароднага досведу, найпрасцейшы спосаб скараціць сабекошт дзяржаўных паслугаў – не пасадкі стрэлачнікаў, а рассакрэчванне структуры камунальных выдаткаў для грамадскасці, каб забяспечыць за ім кантроль шырокага кола адмыслоўцаў. Але ўлады гэтыя прапановы ігнаруюць, абяцаючы пакараць вінаватых за закрытымі дзвярыма.

Колькі будзем плаціць?

Налета, як распавёў 19 кастрычніка намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі, улады плануюць павялічыць кампенсацыю камунальных паслугаў насельніцтвам з існых 44 %, якія мы нібыта плоцім, – да 75 %. То бок больш, чым у паўтара разу. Калі сабекошт паслугаў ЖКГ не знізіцца, гэта будзе азначаць, што налета камуналка за тыповую «двушку» можа падаражэць не на Br 10, як ужо запланавана з 1 студзеня, а на 30–40 новых грашовых адзінак.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў