Карупцыйны спрут па-беларуску? Наўрад ці


Скандал з падслухоўваннем чыноўнікаў на высокіх пасадах, які выбухнуў летась у Польшчы, прывёў да перастановак ва ўрадзе, а пазней прычыніўся да змены кіраўніцтва ў гэтай краіне. Ці выкрыццё злачыннай групы, якая падслухоўвала беларускіх службоўцаў, зможа прывесці да змены ўладаў? Зусім не. А калі і так, то дакладна не таксама.

У Беларусі – спецслужбы, у Польшчы – медыі

Тры гады незаконнага падслухоўвання тэлефонных размоваў, больш за 2 тыс. падслуханых, 20 узбуджаных крымінальных справаў. Афіцыйнае агенцтва БелТА піша пра гэта надзвычай коратка, грунтуючыся выключна на афіцыйным паведамленні КДБ. У сваю чаргу, падобны скандал у суседняй Польшчы абмяркоўвалі больш за год, а ў выніку са сваймі пасадамі развіталіся некалькі міністраў і парламентарыяў, кіроўная ж партыя згубіла падтрыманне і з трэскам прайграла на выбарах. Ці падобны землятрус спаткае Беларусь? Сумнеўна.

Самае вялікае адрозненне ў тым, што пра падслухоўванне чыноўнікаў палякі даведаліся не ад спецслужбаў, а праз незалежныя медыі, якія заняліся гэтай справай. Спецслужбам і дзяржаўным органам давялося адказаць на мноства нязручных пытанняў.

Усё пачалося з інфармацыі, якую апублікаваў летась у чэрвені штотыднёвік «Wprost» – спачатку на сваім інтэрнэт-сайце, а пасля і ў друкаванай версіі. Гэта былі запісы і стэнаграмы таемна падслуханых годам раней размоваў міністра ўнутраных справаў Польшчы Барталамея Сянкевіча (Bartłomiej Sienkiewicz) і старшыні Нацыянальнага банку Марка Бэлькі (Marek Belka). Часопіс падаў імёны, а перадусім змест дыскусіяў, якія для шмат каго з палякаў сталіся шокам.

У сваю чаргу БелТА падала пад дыктоўку КДБ: «Супрацьпраўныя дзеянні праводзіліся ў адносінах да больш чым 2 тыс. грамадзянаў Беларусі. Сярод іх намеснік начальніка аднаго з РУУС Менску, прадстаўнік кіраўніцтва Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС, супрацоўнікі Следчага камітэту, журналісты дзяржаўных і недзяржаўных медыяў, прадстаўнікі мытных органаў, вайскоўцы, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі органаў улады і кіравання, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

І на гэтым усё. Ні прозвішчаў, ні дэталяў. І ў гэтым і ёсць розніца. Маўчанне КДБ можна зразумець. Зразумела таксама, што БелТА нават не падумала б пра ўласнае журналісцкае расследаванне без «зялёнага святла» зверху. Бо гэта, хутчэй, не інфармацыйнае агенцтва, а такая ж дзяржаўная структура, як тая, што згадваецца вышэй. Тэма, якую закраналі тыя, каго падслухоўвалі, не згадваецца. Хаця гэта можа толькі пакуль…

Гаварлівыя падслуханыя

У Польшчы гэта было акурат наадварот. Факт незаконнага праслухоўвання хутка адыйшоў на другі план. Вядома, заняліся і ім, але гэта шырока прызналі доказам таго, што службы аховы найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў скампраметаваліся. Больш за тое – няўдачай скончылася спроба пракуратуры і Агенцтва ўнутранай бяспекі сілаю забраць аўдыязапісы з рэдакцыі «Wprost». Журналісты не дазволілі гэтага зрабіць, пракуроры і супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі сышлі з нічым. Запісы атрымалі пазней.

І чытачы, і гледачы атрымоўвалі наступныя серыі сенсацыйнага серыялу. Больш важным для грамадскасці стаў факт, хто казаў і што казаў. Як высветлілася, у папулярным варшаўскім рэстаране «Sowa i Przyjaciele» падслухвалася не адна і не дзве размовы, а значна больш. СМІ наперагонкі іх публікавалі.

Былы міністр транспарту з былым намеснікам міністра фінансаў і былым кіраўніком антытэрарыстычнага падраздзялення. Міністр замежных справаў з былым міністрам фінансаў. Прэс-сакратар ураду з кіраўніком буйнога нафтавага канцэрну. Старшыня вялікага нафтавага канцэрну з міністрам і з віцэ-міністрам казначэйства. Бізнесовец і намеснік міністра аховы навакольнага асяроддзя… Гэта толькі запісы, выпушчаныя ў 2014 годзе.

Туск пакідае ўрад, Копач выкідвае міністраў

Новы год прынёс новыя запісы і новыя скандалы. З’явіўся запіс размовы міністра рэгіянальнага развіцця з кіраўніком Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро, былога прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага з дэпутатам ад левых Рышардам Калішам, мільярдэра Яна Кульчыка з кіраўніком Вярхоўнай Палаты Кантролю і зноў міністра замежных справаў Сікорскага – гэтым разам з прадпрымальнікам Пятром Вавжыновічам. Цалкам магчыма, што таксама ёсць запісы размовы прэзідэнта Квасьнеўскага з лідарам левых Лешэкам Мілерам і прэм’ер-міністрам Туска з Кульчыкам. Апошні – як паведамлялі польскія СМІ – меўся выкупіць у выканаўцаў запісы размоваў са сваім удзелам. Аднак што з імі стала, невядома. Самы багаты паляк (той самы, які быў зацікаўлены ў энергетычным сектары Украіны і Беларусі, а пад Зэльвай хацеў пабудаваць вугальную электрастанцыю) – у канцы ліпеня гэтага года памёр у венскай клініцы ў выніку ад ускладненняў пасля вельмі складанай аперацыі на сэрцы.

У 2014 годзе Туск выратаваў сваю ўладу, тады абышлося без адстаўкі. Але калі прэм’ер-міністр Польшчы прыняў прапанову працаваць у Бруселі, роўна праз год – у чэрвені 2015 – яго пераемнік Копач была вымушаная развітацца са сваймі калегамі. Гэта адбылося таксама ў выніку новых уцечак, якія сярод іншага тычыліся дзейнасці бізнесоўца Збігнева Стоногі. Вядомым толькі яму шляхам ён завалодаў і апублікаваў на Facebook больш за 3 тыс. фотакопій справаздач у справе скандалу: сярод іншага прызнанні сведкаў і тлумачэнні падазраваных, доказы ў следстве, а таксама асабовыя дадзеныя.

Копач звольніла кіраўніка дарадцаў прэм’ера, міністраў аховы здароўя, спорту і турызму, казначэйства, трох намеснікаў міністраў і каардынатара спецслужбаў. З пасады маршала Сейму падаў у адстаўку Радослаў Сікорскі, які быў запісаны двойчы.

Ахвяры васьміногаў

Менавіта ён і тагачасны кіраўнік МУС Барталамей Сянкевіч (які пакінуў пасаду годам раней) сталі галоўнымі героямі скандалу. Не даравалі ім дарагіх вячэраў за кошт падатніка, падчас якіх дзяліліся прыкрымі меркаваннямі на тэму польскай палітыкі – унутранай і вонкавай. Сікорскі, запіваючы дарагім алкаголем васьміногаў, параўноўваў польска-амерыканскія стасункі з аральным сексам, а праўнук пісьменніка Генрыка Сянкевіча, Барталамей сапраўдным літаратурным спосабам апісваў сітуацыю, якая пануе ў Польшчы, як «х..й, ж..па і куча камянёў».

Іншыя размовы былі на тым жа ўзроўні – падчас прыватных вячэраў палітыкі кіруючай партыі і ўплывовыя бізнесоўцы дзяліліся інфармацыяй, узмацнялі кантакты і размяркоўвалі пасады. Міністр рэгіянальнага развіцця Эльжбета Бенькоўска называла «злодзеямі ці ідыётамі» людзей, якія зарабляюць 6 тыс. злотых у месяц, што ў польскіх умовах цалкам годны заробак…

Гэта не выклікала сімпатыі да «Грамадзянскай платформы», і бязлітаснай ацэнкай сталі выбары. Спачатку ў прэзідэнцкіх прайграў прадстаўнік гэтай палітычнай сілы Браніслаў Камароўскі, цяпер «платформа», пасля васьмі гадоў кіравання, лягла ў ходзе парламенцкіх выбараў, дазваляючы свайму вечнаму суперніку – партыі «Закон і справядлівасць» – самой фармаваць урад.

Сцэнар, напісаны кірыліцай?

«Вынікам гэтага сцэнара з’яўляюцца страты польскай дзяржавы. Не ведаю, якім алфавітам напісаны, але ведаю, што няма ніякіх сумненняў у тым, хто выйграе за кошт гэтага хаосу і аслаблення нашай дзяржавы «, – паўтара гады таму сказаў Дональд Туск, калі прадставіў у парламенце галасаванне ў справе даверу да свайго ўраду.

Прэм’ер-міністр меркаваў, што за скандалам з праслушкай стаялі людзі «у сферы газавых сувязяў паміж Польшчай і Расеяй». Прычынай павінен быў быць і гандаль вугалем з-за ўсходняй мяжы ў шырокім маштабе, а таксама сітуацыя ва Украіне і ў Еўропе.

«Хіба сёння польскі Сейм будзе галасаваць згодна са сцэнаром, які паўстаў не тут, у польскім Сейме, і не ў якой іншай польскай інстытуцыі публічнага жыцця?» – спытаў Туск.

Расейскі след, або спроба схаваць непрафесіяналізм, некампетэнтнасць і высакамернасць палітыкаў сваіх жа палітыкаў са сваёй жа партыі? А можа і адно, і другое? Толькі ўрад «Грамадзянскай платформы» гэтага ўжо не растлумачыць і не рэабілітуецца. Выбарнікі не далі яму гэтага шанцу. Пасля палутара гадоў Туск больш не прэм’ер, бягуць апошнія дні прэм’ерства яго пераемніцы. У Сейме, які хутка збярэцца, палітыкі «платформы» знаходзяцца ў апазіцыі. Ці з’яўляецца гэта вынікам тэлефоннага скандалу? Часткова, вядома, так.

Паверыць КДБ

Ці выкрытая ў Беларусі падслуховая афера можа яе растрэсці таксама, як і Польшчу? Не. І, вядома – што дакладна, не так. Ужо хаця б таму, што паінфармаваў пра яе КДБ. А значыць зразумелым з’яўляецца тое, што звычайны глядач, чытач, карыстальнік інтэрнэту не даведаецца пра яе больш, чым гэтага захоча КДБ. Таму нават калі даведаемся прозвішчы і тэмы размоваў падслуханых на працягу трох гадоў чыноўнікаў, палітыкаў, журналістаў, менеджараў і дырэктараў, гэта будуць толькі тыя прозвішчы, якія захоча паведаміць толькі КДБ, згодна з вядомымі толькі яму прычынамі.

Вы можаце верыць гэтай інфармацыі, вядома. Так сама, як можна верыць і дубляваныя дзяржаўнымі СМІ паведамленням КДБ пра «выкрыццё» замежных трэніровачных лагераў узброенай апазіцыі. Або ў вядомыя «планы» апазіцыянераў наконт укідвання мёртвых пацукоў у гарадскі водаправод Менску.

Таму застаецца чакаць далейшых паведамленняў. Асабліва на тэму, што гэта за «злачынная група», якая на працягу трох гадоў з беспакаранасцю праслухоўвала беларускія эліты. Спадзяюся, што гэтыя тлумачэнні з’явяцца хутка і будуць гучаць праўдападобна. І нават няхай паміж радкоў будзе бачна, што ніякая гэта не злачынная група, а адна з многіх беларускіх спецслужбаў, якая ўвайшла ў канфлікт інтарэсаў з КДБ – згадваецца супрацьстаянне Камітэта дзяржаўнай бяспекі з Дзяржкантролем некалькі гадоў таму.

З Расеяй на фоне?

Горш будзе, калі след праслухоўвання будзе весці да расейскіх спецслужбаў, бо тры гады сталага назірання гэта сапраўды «падарунак для шпіёна» і збор інфармацыі, які можа несці пагрозу суверэнітэту кожнай дзяржавы. А так магло быць. Тым больш, што такая аперацыя КДБ акурат упісвалася ў цяперашнюю рэальнасць усё больш суровага сяброўства Менску і Масквы. Калі падслухоўвалі расейцы ці нехта па іх замове, то «пераразанне кабелю» было б дэманстратыўнай спробай уцерці нос Крамлю – напрыклад, у кантэксце планаў па разгортванні ў Беларусі расейскай авіябазы ці нават увогуле падпарадкавання беларускай арміі расейскаму кіраўніцтву ў межах агульнай вайсковай арганізацыі, якую нядаўна ў сярэдне завуаляваны спосаб анансаваў міністр абароны Расеі Шайгу.

Але КДБ не распавядзе пра гэта, з газетаў і тэлебачання таксама не даведаемся. Толькі калі хутка даведаемся ад расейскага тэлебачання пра якія-небудзь невядомыя сенсацыі на тэму Беларусі.

Застаецца адно пытанне: ці апраўдаўся ў дадзенай сітуацыі «польскі балаган» – уцечкі інфармацыі, сценаграмы і запісы ў сродках масавай інфармацыі і са скандаламі і пераломамі на палітычнай сцэне, або «беларускі парадак і дысцыпліна» – у выглядзе сухіх справаздач пра чарговы поспех КДБ, бедна цытаваных афіцыйнымі СМІ? Няхай на гэтае пытанне кожны адкажа сам сабе. Лепш шэптам – каб ніхто не падслухаў…

Ян Нацэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў