Коршунавас, Хэрманыс, Багамолаў – у Менску стартуе штогадовы форум тэатральнага мастацтва «Тэарт»

Штогадовы форум тэатральнага мастацтва «Тэарт» адкрыецца ўжо ў гэтую пятніцу 2 кастрычніка – сёлета, праўда, не будзе замежных гасцей і Віктара Бабарыкі ў першым шэрагу. Дзясяты фэст, які традыцыйна арганізуецца пры падтрыманні ў тым ліку «Белгазпрамбанку», паводле абвешчанай сёння праграмы рыхтуецца паказаць 29 спектакляў – але, вядома, з абмежаваннямі праз COVID-19 і часткова – у запісе на вялікім экране.

«Тэарт» ёсць, бадай, галоўнай падзеяй у краіне, якая штогоду ўводзіць у сусветны тэатральны працэс і падсумоўвае мінулы беларускі тэатральны сезон. Сёлета праз эпідэмічную сітуацыю арганізатары мусілі падладзіць фармат пад новыя ўмовы, але форум адбудзецца. З-за распаўсюджвання каронавіруса, арышту Віктара Бабарыкі, які асабіста апекаваўся «Тэартам», і палітычнай абстаноўкі ў краіне да апошняга мажлівасць правядзення імпрэзы здавалася цьмянай.

Форум тэатральнага мастацтва «Тэарт», фрагмент эфіру «Белсата»

Як звычайна, форум мае тры часткі – секцыю беларускіх пастановак «Belarus Open», міжнародную праграму і «Школу «Тэарту», збольшага разлічаную на прафесіяналаў індустрыі. У «Belarus Open», дзе праграмеры збіраюць найцікавейшыя, на іхнае меркаванне, беларускія інсцэнізацыі апошняга часу, увайшло 11 спектакляў, у тым ліку рэжысёраў, добра вядомых у нашай тэатральнай прасторы, – Яўгена Карняга, Юры Дзівакова, Ігара Казакова, Кацярыны Аверкавай, Аляксея Ляляўскага, Аляксандра Марчанкі. Гэта пастаноўкі рэпертуарных тэатраў Менску ды іншых гарадоў, а таксама незалежныя праекты – напрыклад, цэнтру «Арт Карпарэйшн», які ўласна і ёсць арганізатарам «Тэарту».

«Можа, не ў гэты будынак, але мы вернемся». Купалаўцы пра сыход з тэатру і адказ уладам

Міжнародная праграма – звычайна самая дарагая і эксклюзіўная частка форуму – гэтым разам цалкам пройдзе ў выглядзе паказаў запісаў. Зрэшты, да гэтага фармату гледачы паспелі прызвычаіцца, асабліва праз COVID-19. Секцыя пакажа спектаклі з Нямеччыны, Францыі, Польшчы, Бельгіі, Літвы і Латвіі, за якімі імёны вядомых рэжысёраў і ўдзел у еўрапейскіх фестывалях. Гэта і сучасны драматычны тэатр, і оперныя, і харэаграфічныя пастаноўкі. Гэта Оскарас Коршунавас, Алвіс Хэрманыс і Кшыштаф Варлікоўскі. Асобная частка праграмы – гэтак званыя «Відэазапісы найлепшых расейскіх спектакляў», куды ўключаныя працы Кірыла Сярэбранікава, Цімафея Кулябіна і Канстанціна Багамолава. Пасля некаторых паказаў адбудуцца размовы з пастановачнымі камандамі.

Фестываль працягнецца да 24 кастрычніка.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Hавiны