«Коммерсант»: Масква і Менск распрацоўваюць «план Б» наконт візаў


На выпадак, калі пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй аб узаемным прызнанні візаў не паспеюць падпісаць або ратыфікаваць да лета, калі ў Расеі пройдзе чэмпіянат свету па футболе, можа быць уведзены часовы рэжым функцыянавання гэтай дамовы. Такая мера дазволіць заўзятарам з трэціх краінаў бесперашкодна ўязджаць у Расею з Беларусі.

Падпісаць пагадненне аб узаемным прызнанні візаў Расея і Беларусь першапачаткова збіраліся да канца мінулага года. Потым дэдлайн перасунулі на пачатак вясны. Аднак дакумент так і не падпісаны. Суразмоўцы «Коммерсанта» ў дзяржструктурах абедзвюх краін запэўніваюць, што па-ранейшаму зыходзяць з таго, што ўсё будзе зроблена ў тэрмін, то бок да чэмпіянату свету па футболе дагавор уступіць у сілу. Адна з дыпламатычных крыніцаў «Коммерсанта» ў Маскве сцвярджае, што пагадненне з Менскам «амаль гатова» і «засталося ўзгадніць шэраг тэхнічных дэталяў».

Між тым суразмоўцы «Коммерсанта» прызнаюць: на ўсялякі выпадак бакі пачалі рыхтаваць і «план Б». Ён можа складацца ў тым, каб для спартсменаў, фанатаў і журналістаў былі створаны магчымасці для бесперашкоднага ўезду наземным транспартам з Беларусі ў Расею.

«Адрозніць тых, хто едзе на чэмпіянат, ад іншых нескладана. Са спартоўцамі ўсё зразумела, а ў заўзятараў будуць ID-карты», – сказаў адзін з дыпламатаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў