«Коммерсантъ FM»: беларускі «Крымнаш» усё бліжэй


Палітычны аглядальнік «Коммерсантъ FM» Дзмітрый Дрызе мяркуе, што паглынанне Беларусі Расеяй усё бліжэй. На думку аглядальніка, Аляксандр Лукашенко сам загнаў сябе в тупік, зрабіўшы краіну залежнай ад Расеі.

На фоне чарговага абвастрэння беларуса-расейскіх стасункаў Дрызе нагадвае, што размовы пра магчымае паглынанне Беларусі Расеяй ідуць ўжо даўно.

«Справа ў тым, што Расея не можа проста так паглынуць Беларусь. Павінны скласціся пэўныя ўмовы, напрыклад, абрынуцца эканоміка – гэта як раз тая самая падстава. Расейскія пенсіі і зарплаты, газ у кожны дом – вось што можна прапанаваць брацкаму народу ў выпадку аб’яднання. Тым больш ад Аляксандра Лукашэнкі, мякка кажучы, стаміліся, а развіццё па еўрапейскаму дэмакратычнаму шляху немагчыма. Значыць, у Расею. Куды ж яшчэ? Гэта не значыць, што здарыцца менавіта так, але нічога выключаць нельга. З высокай доляй верагоднасці такі сцэнар актыўна прапрацоўваецца», – цытуе Дрызе kommersant.ru.

Палітычны аглядальнік падкрэслівае: беларуская эканамічная мадэль не працуе, а ціск Расеі на Лукашэнку пры гэтым становіцца больш моцным. «Беларускі «Крымнаш» усё бліжэй», – рэзюмуе ён.

Відэа
Лукашэнка супраць Пуціна. Саюзная вайсковая дактрына ў маразільніку
2019.04.09 13:34
  • Напрыканцы 2018 года беларуска-расейскія стасункі заўважна пагоршыліся. У снежні Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным: расейскі лідар патрабаваў «глыбокай інтэграцыі», а Лукашэнка дамагаўся зніжэння цаны на газы і кампенсацыі за падатковы манеўр. Сёлета Лукашэнкі і Пуцін стасаваліся ў Сочы 13-15 лютага. Перамовы ва ўсіх выпадках скончыліся безвынікова.
  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае ануляванне экспартных мытаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру 2019-га да 2024 года могуць скласці $ 8–12 млрд. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляла газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзведзева – заява прэм’ер-міністра РФ на паседжанні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.
  • У красавіку 2019 года пачалася новая хваля абвастрэння двухбаковых стасункаў. «Рассельгаснагляд» увёў забарону на пастаўкі ў РФ прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, а Аляксандр Лукашэнка ў адказ прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод «Дружба».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў