«КоммерсантЪ»: Беларусь будзе плаціць за газ з Расеі прыкладна на 30 % менш


Улады Расеі і Беларусі ўзгаднілі новую формулу цэнаўтварэння на расейскі газ.

Пра гэта піша расейскае выданне «КоммерсантЪ» са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з працэсам абмеркавання.

Крыніца паведамляе, што схема была прынятая пасля некалькіх сустрэч прадстаўнікоў міністэрстваў і віцэ-прэмʼераў дзвюх краін. З пачатку 2017 года цана будзе вызначацца на аснове сярэдняй цаны адзінай сістэмы газазабеспячэння Расеі, памножанай на падвышальны каэфіцыент. Падвышальны каэфіцыент будзе паступова зніжацца і да 2025 года цана на газ для Беларусі будзе роўная цане для расейскага спажыўца.

Праз гэтую схему цана на расейскі газ для Менску ў наступным годзе складзе на 30 % менш за цяперашнюю – са $ 132 за тысячу кубаметраў да каля $ 100. З пачатку 2017 года 1 тысяча кубаметраў газу будзе каштаваць Менску каля Ru 6 тыс. ($ 92,41). Да канца 2016 года года кошт будзе ўсталяваны на ўзроўні Ru 6,3 тыс. ($ 97,03) за тысячу кубаметраў.

Паводле інфармацыі выдання, новая схема прадугледжвае, што цэны на газ для Беларусі будуць разлічвацца ў рублях. Гэты спосаб разліку дазволіць знізіць рызыкі для Беларусі, якія ўзнікаюць на фоне ваганні курсу долара.

Пакуль не вырашана пытанне, з якога моманту будзе выкарыстоўвацца новая формула. Расея хоча ўвесці яе з 1 жніўня, Беларусь – з 1 ліпеня. Крыніца заўважае, што гэтая схема ўзгодненая на працоўным узроўні і яе трэба будзе зацвердзіць на вышэйшым узроўні.

Калі новыя ўмовы будуць зацверджаны, Беларусь пагасіць доўг перад «Газпромам», уключаючы пені, па старой цане, а Расея цалкам адновіць замарожаныя падчас канфлікту пастаўкі нафты ў краіну. Сума запазычанасці за газ за шэсць месяцаў складае на дадзены момант каля $ 300 млн.

Нафтагазавы канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй пачаўся з таго, што ў сувязі з сусветным падзеннем коштаў на энерганосьбіты Менск лічыць справядлівай цану за расейскі газ у $ 73 за 1 тыс. кубаметраў. Расея дагэтуль настойвала на выкананні кантракту, які дзейнічае на перыяд 2015-2016 гадоў. У межах гэтай дамовы агавораная формула падліку коштаў, якія складаюць для Беларусі $ 132 за 1 тыс. кубаметраў.

МЯ, паводле kommersant.ru

Стужка навінаў