Колькі трэба мыць посуд, каб зарабіць $ 500. Спраўджваем параду Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота – Darrin Zammit Lupi/Reuters/Forum

Каб зарабіць славутыя пяцьсот долараў, мыць посуд у Беларусі трэба менш, чымся ува Украіне, але больш, чымся ў Польшчы.

Падчас звароту да народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка панаракаў, што з Беларусі з’язджае моладзь: маўляў, посуд можна мыць не толькі за мяжой, але ў Беларусі.

Хутка будуць Еўрапейскія гульні – будуць патрэбныя людзі і на посуд, сказаў Лукашэнка.

Мы вырашылі спраўдзіць, колькі можна зарабіць у Беларусі з такой працай і наколькі лёгка яе можа знайсці чалавек без досведу.

Мыйшчыкам посуду на поўную стаўку беларускія працадаўцы прапануюць у інтэрнэце ад Br 270 да 720. Мы звязаліся з некалькімі працадаўцамі і прадставіліся студэнтамі, якім патрэбная праца на лета. Паўсюль нас гатовыя былі ўзяць на працу хоць заўтра – дастаткова было зрабіць санэпідкніжку.

«Праца ў нас па зменах, ад 10 да 12 гадзінаў. Чыстымі на рукі выходзіць пяцьсот рублёў за месяц», – паведамілі нам у адным з дзяржаўных прадпрыемствах.

«Мы плацім чатыры рублі за гадзіну. Адпаведна, лічыце, колькі вам трэба працаваць, каб столькі атрымаць. Цяпер пачынаецца сезон, у мінулым месяцы нашыя жанчыны адпрацавалі па 200 гадзінаў. Перад Новым годам яны і па 900 рублёў і на рукі атрымлівалі. Студэнтаў мы на працу бярэм. Для нас гэта складана, але графік складзем. Улічвайце, што вам давядзецца быць цэлы дзень на нагах і цягаць гэтыя падносы з талеркамі – можа быць цяжка. Нам патрэбныя таксама памочнікі афіцыянта – можам прапанаваць 600 рублёў», – зацікавілася мной рэкруцёрка буйной прыватнай фірмы.

Такім чынам, каб зарабіць славутыя пяцьсот долараў, мыць посуд у Беларусі трэба ад 250 да 320 гадзінаў — амаль як у Расеі.

Справка
Паводле Белстату, сярэдні намінальны заробак у краіне ў студзені 2019 года склаў Br 981,6.

У нашых усходніх суседзяў заробкі мыйшчыкаў посуду вагаюцца ў залежнасці ад рэгіёну – ад 12 000 ($ 187) рублёў у еўрапейскай частцы Расеі, ад 15 000 ($ 235) на Далёкім Усходзе і 25 000 ($ 390) – на поўначы. У сярэднім на 500 долараў мыйшчыку посуду давялося працаваць 313 гадзінаў.

Ува Украіне мыйшчыкам прапануюць ад 3700 да 7000 грыўняў (ад $ 137 да 260). На $ 500 трэба было працаваць 417 гадзінаў.

У Польшчы мыйшчыкі посуду зарабляць 12 злотых (каля $ 3) за гадзіну. Гэта звязана з пастановай ураду, якая не дазваляе працаўнікам з 1 студзеня 2019 года плаціць менш за 14,70 злотых брута.

«Гастраномія ў Польшчы – звычайнае месца працы для студэнтаў, якія спалучаюць яе з вучобай. Але студэнты звычайны ідуць у афіцыянты, – кажуць нам у адной з варшаўскіх рэстарацыяў. – Калі да нас прыйдзе студэнт, каб мыць посуд, і прызнаецца, што ён хоча працаваць толькі тры месяцы, мы возьмем яго толькі ў экстрэмальным выпадку, калі зусім не будзе хапаць людзей».

То бок, каб зарабіць $ 500 у нашых заходніх суседзяў, мыць посуд трэба 158 гадзінаў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў