Колькі народу мусіць выйсці на плошчу, каб Лукашэнка сышоў?

Паводле розных ацэнак, на мітынг пратэсту супраць будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага заводу выйшлі 800 да 2500 чалавек. Ці гэта дастаткова масавы пратэст, каб завод не будавалі?

З майго пункту гледжання, яўна недастатковы. І справа не ў тым, што дзвюма тысячамі выбарнікаў цяперашняя ўлада грэбавала, грэбуе і грэбаваць будзе. Інвестарам у будаўніцтва з’яўляецца кітайскі бок, а Кітай цяпер – стратэгічны інвестар у маштабах Беларусі. Таму каму як каму, але кітайцам беларуская ўлада не можа паказаць, што не кантралюе сітуацыю, не трымае слова і не гарантуе надзейнасць інвестыцыяў з-за пратэстаў дзвюх тысяч чалавек. Тым больш у маштабах насельніцтва Кітая такой лічбы папросту не існуе. Там мільён, калі верыць класічнаму савецкаму анекдоту, – невялікая група для закідвання ў тыл праціўніка.

Але сама па сабе нагода задумацца пра тое, што такое «шмат народу», бясспрэчна, ёсць. І звязаная яна ніяк не з берасцейскім мітынгам, а зусім нават з нядаўнімі падзеямі ў Ерэване.

Колькі чалавек выйшла на акцыю пратэсту? На мітынг 22 красавіка, паводле сцвярджэння некаторых – яўна апазіцыйных – медыяў выйшла каля 160 тысяч чалавек. Гэта шмат ці мала? У Ерэване сёння жыве крыху больш за мільён чалавек. Нават калі паменшыць агучаную лічбу ўдвая, атрымліваецца 80 тысяч. Шмат? Таксама няшмат. Але Саргсьян адмовіўся ўжываць сілу. Ён памятаў украінскі Майдан і эфект ужывання сілы. І эфект ужывання зброі, які адбыўся пасля. Памятаў – а таму пастанавіў не рызыкаваць, каб не паўтарыць лёс Януковіча.

Кожны выносіць свае ўрокі. Лукашэнка вынес – прынамсі, сёння гэта ўжо відавочна – два. Першы: не гуляй у «партыю ўлады», паколькі ў выніку яна набудзе сваё права заставацца ў палітыцы коштам тваёй галавы, дый пасля гэтага ўсё прас*рэ.

Пра другі ён маўчыць, але мне падаецца, што ён бы ўжыў – калі б апынуўся на месцы Саргсьяна – зброю. Спачатку, канешне, сілу, як ён і зрабіў у 2010 годзе. А пасля – зброю. Бо ягоныя цяперашнія грэблівыя словы на адрас былога прэзідэнта Арменіі сведчаць, што ён лічыць яго лузэрам.

Але калісьці Аляксандр Лукашэнка казаў пра іншае. Пра тое, што, вось, маўляў, народ папросіць – і я сыду. Колькі народу мусіць выйсці на плошчу, каб Лукашэнка сышоў? У 2010 выйшла каля 30 тысяч. У адсоткавых суадносінах менш, чым на антысаргсьянаўскі пратэст у Ерэване. Але гэта было яшчэ да дэкрэту аб «дармаедах», да пенсійнай рэформы, да чарговай дэнамінацыі і г.д.

Стома назбіралася, і нават Украінай – не кажучы ўжо пра Арменію – нікога не напалохаеш, акрамя, хіба што, Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай. Кошты растуць імкліва, у тым ліку на лекі. Егіпецкая бульба ў гіпермакертах раздражняе. Ільготныя крэдыты на будаўніцтва жытла выгодныя толькі падчас інфляцыі, але ніяк не ў выпадку беларускага рубля, які застопарыўся. Агулам, ніхто не ведае, што будзе заўтра.

Вось таму і пытаю. Адмова ад пераходу да партыйнай сістэмы кіравання сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не мае намеру сыходзіць у бліжэйшым будучым. І нават калі гэтага хоча народ, ён мусіць яго папрасіць. Пытанне – колькі народу для гэтага патрэбна?

І другое пытанне, якое, чамусьці, калегі-журналісты не вырашаюцца задаць прэзідэнту ўголас:

– Аляксандр Рыгоравіч, страляць загадаеце? Толькі без вечнага «бла-бла-бла» – так ці не?

Мне падаецца, адказу на абодва гэтыя пытанні сёння і чакае ўся краіна. Дарэчы, адказаць на іх можна і ў Жыткавічах, але толькі выразна.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў